Улюбёныя ў Хрысце, богалюбівыя дзеці нашай Святой Маці-Царквы, кожны год мы з трапятаннем духоўнай радасці чакаем Вялікдзень, адчуваем яго абнаўляльную сілу.
Ніякае свята не можа параўнацца са Светлым днём Хрыстовага Уваскрэсення, таму мы і называем Вялікдзень “Святам Святаў і Урачыстасцю Урачыстасцяў”. Гэта дзень вялікай радасці, калі радуецца анёльскі свет і чалавечы род, бо Уваскрэс Хрыстос, пераможца жыцця над смерцю, раю над пеклам.
У светлае Свята Святога Уваскрэсення нашы сэрцы азараюцца нябесным святлом выратавальнага Вялікадня, мы зноў сведчым перад Богам і людзьмі найвялікшую перамогу нашай веры ў тое , што Хрыстос Уваскрэс! Сапраўды Уваскрэс!
У гэтым велікодным прывітанні ўтоена галоўная праўда хрысціянства, якая сцвярджае, што Сын Божы стаў Сынам Чалавечым, прыняў крыжовую смерць за грахі свету і Уваскрэс з памерлых, і гэтым вярнуў грэшнага чалавека да Нябеснага Айца Усядзержцы.
Вялікдзень – крыніца вялікай радасці, Гэта свята мяняе кожнага, таму што Стваральнік, які прайшоў праз вялікія крыжовыя пакуты і Уваскрэсенне Гасподне, даруе нам жыццё вечнае. Таму і кожны павінен вырачыціся асабістага “я”, узяць свой крыж і пайсці за Выратавальнікам. Давайце адарвёмся ад тэлевізараў і гаджэтаў, ад паўсядзённай мітусні і праблем, пастараемся ўбачыць, што ў гэтым свеце, дзе вельмі многа цяжкасцей і скрухі, ёсць Святы Вялікдзень Хрыстоў і Ён з’яўляецца крыніцай радасці і ўпэўненасці ў будучым, таму што “Святло Хрыстова асвятляе ўсё”. І высокі маральны подзвіг – праявіць мужнасць і стойкасць, не падаць духам, умацоўваць сябе дарункамі Вялікадня, быць апорай тым, каму асабліва цяжка і патрэбна дапамога.
Святкаваннем Вялікадня мы кожны раз як бы адкрываем новы перыяд у сваім жыцці, бо ўваскрэслы Гасподзь абнаўляе чалавечую існасць, умацоўвае ў выпрабаваннях, дае сілы для здзяйснення добрых спраў.
Велікодная вестка, якая змяніла ўвесь ход сусветнай гісторыі, падахвочвае нас да маральнага ператварэння і духоўнага абнаўлення, якія так неабходныя сучаснаму грамадству. Яна нагадвае ўсім людзям пра вытокі хрысціянства, а таксама аб будучым вечным Царстве.
З часоў апосталаў і дагэтуль Царква прапаведуе пра ўваскрасенне Хрыста як пра найвялікшы цуд у гісторыі чалавецтва. Яна кажа пра гэты цуд не толькі як пра евангельскі факт, але — што асабліва важна – як пра лёсавызначальную падзею для ўсіх, хто прыняў велікоднае Дабравесьце. Гэтае свята мае самае непасрэднае дачыненне да кожнага з нас, бо Уваскрэсенне Хрыстова, здзейсненае Госпадам адкупленне заняпалага свету — гэта самая вялікая радасць, якую можа адчуваць чалавек.
Якім бы складаным ні было наша жыццё, якія б жыццёвыя нягоды нас ні апаноўвалі, які б смутак ад людзей і недасканаласці навакольнага свету мы ні цярпелі, — усё гэта нішто ў параўнанні з той духоўнай радасцю, з той надзеяй на вечнае выратаванне, якое даруе нам Бог. Паводле слоў Апостала Паўла, “Той, хто ўваскрэсіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і нашы смяротныя целы Духам Сваім, што жыве ў нас” (гл. 8:11).
У светлыя дні Велікоднай урачыстасці мы павінны падзяліцца нашай радасцю са сваімі роднымі, блізкімі і знаёмымі, праявіць да іх сапраўдную любоў і міласэрнасць. Няхай гэта вялікая сіла ўмацуе нядужых, прынясе суцяшэнне тым, хто смуткуе, і зменшыць пакуты тых, хто церпіць боль, дасць надзею тым, хто знаходзіцца ў роспачы. Сам Уваскрэслы Хрыстос заклікае падпарадкавацца закону Божай любові і ўзлюбіць усіх, каго Ён пасылае нам на шляхах-пуцявінах, “бо вы сыны Божыя па веры ў Хрыста Іісуса” (Гал. 3, 26).
У абвяшчальным слове свяціцеля Іаана Залатавуста чуем: “Увайдзіце ўсе ў радасць Госпада свайго: і першыя, і другія.., багатыя і ўбогія.., устрыманцы і ляніўцы.., тыя, хто пасціў і хто не пасціў, – усе ўспрыміце багацце Божай ласкі”.
Вялікі дзень, мае дарагія, віншую ўсіх вас, са светлым Хрыстовым Уваскрэсеннем, усім сэрцам радуюся разам з вамі з нагоды вялікай урачыстасці Неба і Зямлі. Няхай святло гэтага свята умацоўвае і натхняе нас на здзяйсненне добрых спраў, дае нам мужнасць і сілы пасярод бушуючых хваляў жыццёвага мора захоўваць вытрымку і спакой, супрацьстаяць спакусам, пераадольваць, паводле слоў прападобнага Сергія Раданежскага, “ненавісную варожасць свету гэтага”.
Малітоўна жадаю ўсім вам, каб Жыватворны агонь Велікоднай радасці саграваў і асвятляў наша жыццё і жыццё ўсіх людзей вакол нас. Радасць, мір, здароўе, дапамогу ў добрых справах няхай даруе ўсім нам Паўсталы з труны Збаўца свету! Няхай яна стане каштоўным дарам для ўсіх людзей, для нашых сем’яў, нашых родных, аб’яднае нас, умацуе ў веры, цярпенні і любові адзін да аднаго. Няхай у вашых сэрцах незмаўкальным гімнам перамогі жыцця гучыць Пасхальнае вітанне:
– Хрыстос Уваскрэс!
– Сапраўды Уваскрэс!
З Божым благаславеннем – Благачынны Валожынскай акругі, Настаяцель прыхода Святых Роўнаапостальных цара Канстанціна і царыцы Алены ў Валожыне протаіерэй Дзмітрый АГІЕВІЧ