З нагоды Дня пажылых людзей у Валожынскім раённым цэнтры культуры адбылося свята “Узрост восені прыгожай”.
Са святочным віншаваннем да людзей, што ўсё сваё жыццё, сілы і веды прысвяцілі любімай радзіме і беларускаму народу, звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шакун. Ён нагадаў, што пажылыя людзі – аснова нашага грамадства. Знакавымі з’яўляюцца мерапрыемствы, якія праходзяць з іх удзелам, асабліва сустрэчы ветэранаў працы з моладдзю. Для новых пакаленняў вельмі важныя іх каласальны вопыт і веды ва ўсіх сферах дзейнасці. Менавіта яны з’яўляюцца злучальным звяном з той спадчынай, што нам засталася, могуць расказаць пра мінулае ад першай асобы. У Год гістарычнай памяці асабліва важныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Сучасныя юнакі і дзяўчаты ўжо не мелі зносін з яе ўдзельнікамі, не размаўлялі з імі і не ведаюць, якія жахі адбываліся на нашай тэрыторыі ў той страшны час.
Ігар Уладзіміравіч падзякаваў ветэранам за працу, за тую спадчыну, што пакінулі, і пажадаў здароўя на доўгія гады, павагі, мірнага неба над галавой, заставацца маладымі душой, і каб заўсёды побач былі блізкія людзі.
Падчас канцэртнай праграмы музычныя нумары прысутным дарылі вакальная група ветэранаў працы “Верас” і народны хор ветэранаў працы “Спяваючыя сэрцы”. Ад іх выступленняў на душы ў кожнага станавілася цяплей. На ўра гледачы прымалі добра вядомыя творы “Ах, блакітная ноч”, “Шуміць гай”, “Пройдуць гады”, “Крыштальныя ланцугі”, “Ну што ж ты не ідзеш, маё каханне”, “Зорка пунсовая”, “Ехаў Ясь на кані”, “Бацькоўскі дом”, “Рабінавыя бусы”, “Куст каліны” і іншыя ў выкананні калектываў і асобных іх удзельнікаў. Вельмі цёпла прысутныя сустрэлі прэм’еру песні “Восень жыцця” Галіны Феляноўскай у выкананні аўтара.
Затым усе з задавальненнем перайшлі ў суседні пакой, дзе адбылася танцавальна-песенная праграма “Песні далёкія і блізкія”. Тут была магчымасць добра правеці час за кубачкам гарбаты, пагутарыць з сябрамі, успомніць былое, паспяваць, а пры жаданні і пусціцца ў скокі. У фае на працягу мерапрыемства працавала фотазона “Восеньская рапсодыя”.
Завяршылася святочная дзея праглядам цудоўнага фільма “Вясна на Зарэчнай вуліцы”.
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак у многіх з’яўляюцца новыя інтарэсы, магчымасці і дасягненні. У раёне шмат зроблена, каб жыццё пажылых людзей было больш насычаным і цікавым, ёсць розныя кірункі для дзейнасці. У фізкультурна-аздараўленчым комплексе створаны ўсе ўмовы для занятку спортам, для пенсіянераў дзейнічаюць скідкі на аказанне паслуг. На вуліцы Набярэжнай працуе аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Тут кожны можа выбраць сабе занятак па інтарэсе і цікава правесці час. Зносіны з іншымі людзьмі робяць жыццё больш разнастайным і падаўжаюць узрост актыўнага даўгалецця.
Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара