Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
02.10.2012. У час абеду, культурна пастукаўшы ў дзверы, да мяне зайшлі два хлопцы гадоў па дваццаць пяць. Адзін з голай галавой, а другі ў чырвонай кепцы. У голагаловага валасы пафарбаваны ў залацісты колер, рубашка расшпілена і на грудзях залаты крыжык на залатым ланцужку. Залацісты, прывітаўшыся, тут жа без запрашэння сеў на крэсла насупраць мяне і заявіў: “Я хачу напісаць кніжку!” “Добра! Пішыце!” – сказаў я. “А як пісаць?” – “Як хочаце, так і пішыце!” – “Я хачу на камп’ютары!” – “Пішыце на камп’ютары!” – “А як лепей – на камп’ютары ці на паперы?” – “Я пішу на паперы!” – “Ну тады я буду на камп’ютары!” – “А як Вы думаеце, ці змагу я напісаць кніжку?” – “Калі ў Вас ёсць талент, то, магчыма, і напішаце, але не разлічвайце, што разбагацееце!” – “А мне грошы не патрэбны!” – “А што тады патрэбна Вам?” – “Хачу, каб мяне ўсе ведалі і дзеўкі любілі!” – адказаў залацісты і, развітваючыся, дадаў: “Чакайце, я праз два гады прынясу Вам сваю кніжку!”…
04.10.2012. Разам з газетамі з паштовай скрынкі ў хату прынёс жоўты бярозавы лісток, як пісьмо ад мамы…
09.10.2012. Вечар. Восеньскі дождж. Мама стаіць на прыпынку і чакае, калі я прыеду. Прыходзіць аўтобус. Мяне зноў няма… А цяпер, колькі б я ні прыязджаў у родную вёску, на аўтобусным прыпынку ніколі не будзе мамы…
14.10.2012. Гадзіны дзве з Людмілай хадзілі па Кальварыйскіх могілках. Было светла ад апалай лістоты, і асабліва ад той, што без дапамогі ветру пакідала дрэвы і цэлую вечнасць ляцела на магілы і сцяжыны сярод іх…
20.10.2012. З Людмілай выступілі ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры на адкрыцці літаратурна-мастацкай выставы “Ходзіць Сон ля вакон…”. На выставе прадстаўлены літаграфіі Алены Лось і ілюстрацыі да кнігі “А па сенцах ходзіць Бай…” Марысі Лось, а таксама аўтографы калыханак паэтаў і лялькі з архіва Белтэлерадыёкампаніі. Можна было паслухаць калыханкі ў аўтарскім выкананні Уладзіміра Карызны і Леаніда Дранько-Майсюка. Напрыканцы імпрэзы адзін артыст пагуляў з дзецьмі, якія цярпліва слухалі ўсіх нас амаль паўтары гадзіны. Атрымліваючы цукеркі ў падарунак, малыя раптам падняліся з падушачак, на якіх сядзелі на падлозе, і пачалі шумець. Артыст тут жа вырашыў іх пастрашыць: “Зараз я на вас падзьму чароўным ветрыкам, і вы тут жа ўсе сядзеце!” “Мы зараз цябе самога садзьмём!” – сурова выкрыкнула ў адказ дзяўчынка гадоў шасці, і мы з Людмілай ад душы пасмяяліся…
26.10.2012. Удзельнічаў у Рэспубліканскім свяце паэзіі “О, Беларусь, ты сэрца і душа…”, прысвечаным 130-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа. Свята пачалося ў Стоўбцах, потым працягнулася ў Акінчыцах, Альбуці, Смольні, Мікалаеўшчыне і закончылася ў Старасвержанскім цэнтры культуры. Я выступіў у Акінчыцах. Нягледзячы на сцюдзёны вецер і снег, які час ад часу сыпаўся з хмарнага неба, было каму паслухаць
нас, і настрой ва ўсіх быў святочны. Праўда, амаль усе госці з Мінска казалі, што святкаванне дня нараджэння Якуба Коласа трэба рабіць у верасні, калі яшчэ цёпла…
27.10.2012. Ад скульптара Івана Міско даведаўся, што, паміраючы, Заір Азгур папрасіў, каб яму прынеслі гліну. І яму прынеслі вядро з глінай, у якую скульптар запусціў руку і праз нейкі час памёр…
28.10.2012. На чорным асфальце белы снег перамешаны з жоўтым кляновым лісцем, як халодная яешня на патэльні ў восеньскай раніцы…
29.10.2012. Дым ад спаленага лісця вярнуўся на зямлю першым снегам…
31.10.2012. У Аляхновічах з Міхасём Казлоўскім выступаў у бібліятэцы перад вучнямі дзявятага і сёмага класаў. Было чалавек сорак. Запомніўся сямікласнік Вася. Рыжы і вясёлы. Ён і яшчэ чалавекі чатыры паднялі рукі, калі Міхась запытаўся: “Хто з вас чытае кніжкі?”
08.11.2012. На працу да мяне прыходзіў Вячаслаў Рагойша. Пагаварылі пра нашу Валожыншчыну, дзе шмат мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю нашых славутых пісьменнікаў. У мінулым годзе, дзякуючы Вячаславу Пятровічу, у Ракаве з’явілася шыльда, зробленая на грамадскіх пачатках скульптарам Іванам Міско, з якой можна даведацца, што ў доме Рагойшаў, а гэта значыць у Ракаве, часта бываў Уладзімір Караткевіч. Цяпер Вячаслаў Пятровіч робіць усё, каб у Палачанцы, што непадалёк Ракава і ад маіх Пугачоў, быў памятны знак пра лецішча Якуба Коласа. Згадалі з Вячаславам Пятровічам пра “Ракаўскія чытанні”, да якіх з боку нашых землякоў не павінен прападаць інтарэс.
10.11.2012. Паэт з аднаго раёна нашай краіны прыслаў кнігу. Калі б не было на вокладцы ў аўтабіяграфіі вось гэтых слоў: “Сустрэў рэзкае непрыманне сваёй творчасці з боку друкаваных СМІ раённага, рэгіянальнага і рэспубліканскага ўзроўню. Адказаў ім узаемнасцю”, наўрад бы ці ўзяўся чытаць, бо ў выдавецтва часта прыходзяць кнігі з просьбамі перавыдаць іх вялікім тыражом…
У пятніцу ў час абеду патэлефанавала незнаёмая жанчына: “Я хачу, каб вы надрукавалі маю кніжку ў трох экзэмплярах. Адзін – мне, другі – дачцэ, а трэці – для ўнучкі!” Давялося доўга тлумачыць, што, на жаль, гэтага мы не можам зрабіць. У канцы размовы жанчына сказала: “Дзякую за карысную кансультацыю, сонейка!”
18.11.2012. Сёння майму земляку Эдварду Зайкоўскаму – 60 гадоў. Ён нарадзіўся ў вёсцы Дубашы, што ў кіламетрах пяці ад Лягез, дзе я да школы гадаваўся ў бабулі Ганны і сваіх дзядзькаў і цётак. З гадоў пяці я хадзіў у Бакачы і Русакі, што паміж Лягезамі і Дубашамі, лавіць рыбу. Думаю, што былі і такія дні, калі я сядзеў на беразе азярыны разам з Эдвардам…
19.11.2012. На даху старога дома сядзяць птушкі, як апенькі на пні…
23.11.2012. У кнігарню ходзім, як і ў аптэку, – толькі тады, калі трэба…
04.12.2012. На працы ў кабінетах замянілі старыя вокны на новыя, нібы замянілі неба…
10.12.2012. Цэлы дзень сыплецца снег, як белы пясок са старога года… Зноў маміна магіла засыпана снегам, як кветкамі ад Бога…
19.12.2012. На філфаку БДУ ўдзельнічаў у прэзентацыі першых двух тамоў Збору твораў Уладзіміра Караткевіча, якія падрыхтаваў Анатоль Верабей. У другі том увайшлі вершы са зборнікаў “Мая Іліяда” (1969) і “Быў. Ёсць. Буду” (1986). Асобны раздзел складаюць творы 1961-1984 гг., якія не ўваходзілі ў зборнікі паэта. А самае галоўнае – у томе ўсім вершам вернуты прысвячэнні, якія ў савецкія часы былі зняты рэдактарамі і цэнзурай. Сяргей Панізнік на прэзентацыі даведаўся, што “Балада плахі” ў 1968 годзе была прысвечана яму…
23.12.2012. На вуліцы цёмна. У маршрутцы замерзлыя вокны. Здаецца, што ляціш у самалёце, якім ніхто не кіруе…
10.01.2013. Прыходзіў сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч. Прынёс рукапіс кнігі пра Янку Маўра для выдавецтва, а для мяне кнігу з серыі “ЖЗЛБ” “Якуб Колас. У думках, у сэрцах, у песнях” з дэдыкацыяй: “Стараўся, назбіраў я – успамінаў кіпу! За іх выданне – дзякуй Шніпу!”
Учора вечарам выбраў з двухтомніка Рыгора Барадуліна вершы для кнігі, якую выдадзім у серыі “Паэзія ХХ стагоддзя”. Сёння патэлефанаваў Рыгору Іванавічу. Не спадзяваўся, што падыме трубку, бо толькі ўчора ён выпісаўся з бальніцы, дзе яму зрабілі аперацыю на плячы, якое было пашкоджана перад Новым годам. Гаварылі коратка і па справе. Думаю, што маё тэлефанаванне дадасць Рыгору Іванавічу добрага настрою, які яму цяпер вельмі патрэбен…
14.01.2013. Ранкам на працы, як развіднела, зірнуў у акно. І ўбачыў горад белы, як намаляваны крэйдай…
26.01.2013. Хадзіў да цешчы. Калі падыходзіў да дому, здалёку ўбачыў над дзвярамі, якія былі ўпрыгожаны каляровымі стужкамі і шарыкамі, плакат: “Нявеста. Цілі-цілі-цеста! З нашага пад’езда!” Зайшоўшы ў пад’езд, дзе стаялі тры мужыкі, пачуў: “Вы жаніх?”
28.01.2013. Прыходзіла жонка Алеся Пісьмянкова Алена Рыгораўна. Падарыла Алесеву кніжку выбраных твораў “Не знікай”, якая нядаўна выйшла ў выдавецтве “Рэдакцыя газеты “Звязда”. Прыемна было перачытаць вершы Пісьмянкова, сярод якіх і гэты:
Стаіўся птах
У голым вецці.
Задзьмуць ліхтар
Спрабуе вецер.
Нібыта з верша
Віці Шніпа
Азяблы ліст
Прыліп да шыбы,
Каб у святле
Настольнай лямпы
Душу сагрэць
І легчы ў ямбы.
29.01.2013. На працы ў прыбіральні на дзявятым паверсе злавілі кажана. Цікава, з чыйго гэта ён рукапісу вылупіўся?
“Каўчэг” – так я назваў кнігу выбраных твораў Рыгора Барадуліна, якую склаў для серыі “Паэзія ХХ стагоддзя”. Патэлефанаваў Рыгору Іванавічу. Ён прыняў маю назву і запрасіў у госці. Трэба будзе схадзіць…
30.01.2013. Ранкам па рэдакцыйных справах тэлефаную ў Быхаўскі райвыканкам: “Добры дзень!” “Здароў”, – чую ў адказ. “Добры дзень!” – паўтараю. “Здароў!” – бурчыць мужык. “Гэта Быхаў?” – пытаюся. “Я не бухаў!” – чуецца крык, і я кладу трубку, разумеючы, што патрапіў не туды, куды хацеў…
01.02.2013. У сасновым лесе карэнне дрэў віднеецца з зямлі, як утаптаныя ў зямлю змеі і вужакі…
Заўтра 40 дзён па бацьку. Схадзіў у царкву і замовіў малітву. Час ляціць, як страла, а я ўсё думаю і думаю: “Чаму памерлі бацькі?”
02.02.2013. Былі ў царкве. Стала светла і крыху спакайней за бацьку… Пасля царквы са сваякамі ўспаміналі бацьку, а з ім маму і ўсіх, каго яшчэ памятаем. Госці пайшлі, і стала журботна, і, здаецца, нават больш журботней, чым 40 дзён таму…
03.02.2013. Снілася родная хата, а ў ёй мама і бацька, сястра, брат і я. І нам было так добра, што я не змог падумаць, што гэта сон…
09.02.2013. Прадаваў свайго “Пугачоўскага цырульніка”. Няёмка, што дорага. 65 тысяч. І страшнавата, калі купляюць тыя, пра каго ёсць у кніжцы, а такіх вельмі шмат. Сёння кнігу купіў знаёмы мастак. Спадзяюся, што ён не здагадаецца, што гэта пра яго: “Прыходзіў мастак, які ўжо шаснаццаць гадоў піша вершы. Творы цікавыя і месцамі вельмі нядрэнныя. Праўда, рыфмы не ўсе дакладныя. Амаль паўгадзіны давялося даказваць, што “рэдзька – феня” і “река – вода” не рыфмуюцца…”
11.02.2013. Ранкам, ідучы на працу і думаючы пра бацькоў, узгадаў слова “дабро”, якое яны ўжывалі, гаворачы пра жыта: “У нас там яшчэ пару мяшкоў дабра ёсць. Трэба адзін на муку змалоць…”
15.02.2013. Сёння год, як мама адышла ў лепшы свет.
Ужо аніколі мне ў роднае хаце
Не будзе больш бацькі,
не будзе больш маці,
І мне ў роднай хаце таксама не жыць.
Між мною і хатай крыж чорны ляжыць,
Якім перакрэслена сонца маё.
Лістота на дрэвах, нібы вараннё,
Чарнее ды з дрэваў не хоча злятаць…
19.02.2013. Ідучы ў Музей гісторыі беларускай літаратуры на прэзентацыю кнігі Навума Гальпяровіча “Сюжэт для вечнасці”, спыніўся на мосце праз Свіслач, каб паназіраць за качкамі. Праз хвіліну да мяне падышла жанчына і, паглядзеўшы, куды я гляджу, сказала: “А ў нас у Лідзе лебедзі сёлета зімуюць…” “Качкі падобныя на велізарных каларадскіх жукоў…” – працягнуў размову я. “Сапраўды…” – адказала жанчына і пайшла да станцыі метро “Няміга”…
21.02.2013. Сёння на працы да мяне на прыём было шмат народу, нібы ў час грыпу ў паліклініку. Пад абед знаёмы выкладчык прывёў (сам тут жа ўцёк) жанчыну, якая піша вершы. На маю просьбу даць пачытаць рукапіс жанчына сказала, што яна ўсе свае творы ведае на памяць, і тут жа пачала: “Хороший город Ленинград…” Закончыўшы чытаць, паэтка сказала: “А цяпер паслухайце пра Купалу! Харошым быў у нас Купала…” Праслухаўшы некалькі строф пра Купалу, я пацікавіўся: “Можа ў Вас ёсць вершы пра каханне, пра прыроду…” І тут жа пачуў: “Ёсць! Слухайце! Харошае было між нас каханне… Харошая цяпер у нас прырода…”
22.02.2013. Рускі паэт Аляксандр Твардоўскі, які працаваў рэдактарам, зайздросціў Някрасаву-рэдактару: “Некрасову было хорошо. Он мог прочесть две строчки и швырнуть рукопись в камин. А я не могу, меня потянут куда следует”. І я не магу, і ніхто не можа…
25.02.2013. Тэлефанаваў Леанід Маракоў, у якога нядаўна ў “Мастацкай літаратуры” выйшла кніга “Галоўная вуліца Мінска (1880-1940 гг.)”. Доўга скардзіўся, што да яго дазванілася старая жанчына і накрычала на яго: “Вы напісалі хлусню! У майго прадзеда, які быў вядомым лекарам, у 1914 годзе не было двух кватэр! Ён быў бедным! У яго была адна пяціпакаёвая кватэра!”
26.02.2013. У старога паэта быў дзень народзінаў. Паэт адчуваў сябе кепска, таму яму было не да гасцей. З самага ранку не заціхалі тэлефонныя званкі. Стары паэт радаваўся, як дзіця, што пра яго не забыліся сябры і знаёмыя. І раптам званок у дзверы. Павіншаваць старога паэта прыйшоў немалады паэт. Прыйшоў з пляшкай каньяку і з фатографам. Праз паўгадзіны немалады паэт выпіў сваю пляшку каньяку, а фатограф зрабіў каля сотні здымкаў двух паэтаў. А яшчэ праз некалькі хвілін у вітальні старога паэта засталіся дзве невялікія брудныя калюжыны ад расталага снегу, што быў на ботах гасцей…