Цудоўны канцэрт Іосіфа Сухавецкага і Радмілы прайшоў у раённым цэнтры культуры.
Іх творчаму дуэту пад назвай “Рэтра” споўнілася 10 гадоў. Менавіта да гэтай юбілейнай даты і было прымеркавана выступленне на раённай сцэне.
Иосіфа Сухавецкага жыхары раёна добра ведаюць як саліста раённага цэнтра культуры і ўдзельніка клуба пажылых людзей “Верас”. Мужчына з задавальненнем прымае ўдзел у разнастайных мерапрыемствах, што ладзяцца ў раёне.
Радміла – Людміла Краснадубская – член народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”. Яе вершы не аднойчы друкаваліся ў раённай газеце. Многія з іх сама паклала на музыку. Таленавітая паэтка і кампазітар з задавальненнем выконваюць уласныя песні. Некалькі гадоў назад у раённым цэнтры культуры прайшла вечарына, прысвечаная творчасці Людмілы Мікалаеўны. На гэты раз падчас канцэрта “Каханню пакорлівыя ўсе ўзросты” можна было пачуць многія яе творы, а таксама папулярныя рэтра-мелодыі.
Прыемныя настальгічныя пачуцці перапаўнялі сэрцы прысутных. Гледачы бурнымі апладысментамі сустракалі кожны нумар, падпявалі артыстам і не хацелі адпускаць са сцэны.
Віншуем выдатны дуэт “Рэтра” з юбілеем і жадаем далейшых творчых поспехаў.
Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара