Валожыншчына – гасцінная зямля, багатая не толькі прыродай, але і людзьмі. Сярод паважаных землякоў нямала вучоных, культурных, грамадскіх дзеячаў, славутых мастакоў і пісьменнікаў, чый лёс, духоўнасць цесна звязаны з Валожынскім краем.
Сёння ўзгадваем адну з гэтых знакамітасцей – Вінцэнта Іванавіча Дуніна-Марцінкевіча. Большую палову свайго жыцця ён правёў на Валожыншчыне, у вёсцы Малая Люцінка.
4 лютага спаўняецца 215 гадоў з дня нараджэння В. І. Дуніна-Марцінкевіча
Фальварак Люцінка месціўся некалі на высокім пагорку, на беразе рачулкі Люцынкі, сярод зялёных лугоў і лясоў, воддаль ад бойкіх дарог. Набыў яго Дунін-Марцінкевіч у 1840 годзе і пераехаў сюды з губернскага Мінска. Пражыў тут больш за сорак гадоў.
Гэта быў перыяд яго творчых узлётаў і горкага расчаравання, змагання і адчаю, маральнага задавальнення і ўпадку. Да пераезду Вінцэнта Іванавіча Люцінка была даволі глухім, забытым Богам і людзьмі кутком. Але як толькі пасяліўся ў ёй пісьменнік – усё ажыло.
Менавіта тут былі напісаны самыя значныя творы. Сярод ix – “Люцынка, альбо Шведы на Літве”, “Дудар беларускі”, вершаванае апавяданне “Літаратарскія клопаты”, паэмы на беларускай мове “Гапон”, “Вечарніцы”, “Купала”; драматычныя творы – камедыі “Залёты”, “Ідылія”, вадэвіль “Пінская шляхта”. Быў зроблены пераклад на беларускую мову “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча.
Імя Дуніна-Марцінкевіча гучнае ў беларускай літаратуры не толькі як славутага драматурга, але і заснавальніка прафесійнага беларускага тэатра. Талент пастаноўшчыка і артыста ярка праявіўся ў Вінцэнта Марцінкевіча ў спектаклі “Сялянка”. У пастаноўцы былі задзейнічаны члены сям’і аўтара, яго сябры. Асабліва каларытна выглядалі сяляне з Люцінкі, якія спявалі ў хоры. Тэатральная дзейнасць Вінцэнта Марцінкевіча – гэта менавіта той падмурак, на якім узнік сучасны беларускі тэатр.
У Люцінцы дочкі Дуніна-Марцінкевіча наладзілі школу для сялянскіх дзяцей. Вядомы беларускі пісьменнік Ядвігін Ш. (А. І. Лявіцкі) у свой час наведваў гэту школку. Яго бацька, Іван Лявіцкі, быў лоўчым у графа Тышкевіча, і сям’я будучага пісьменніка жыла тады на Пяршайшчыне.
Не застаўся ўбаку наш пясняр і ад рэвалюцыйных ідэй. Пошук шляхоў да паляпшэння становішча сялян прывёў Дуніна-Марцінкевіча ў рады паўстанцаў. Пасля паўстання ён апынуўся ў вельмі цяжкім становішчы, але пра яго не забываліся сябры. Ад іх у Люцінку прыходзілі словы падтрымкі і сяброўскай парады. Гэта надавала Марцінкевічу сілы, і ён да апошняй хвіліны свайго жыцця працаваў. За два месяцы да смерці клапаціўся, каб дзе-небудзь усё ж надрукаваць свой пераклад “Пана Тадэвуша”. Пісьменніку вельмі хацелася, каб гэты твор дайшоў да людзей.
Шмат розных віхураў пранеслася над Люцінкай. У канцы ХІХ стагоддзя тут разгуляўся пажар, у час якога загінула значная частка Марцінкевічавай спадчыны. Але шмат чаго і захавалася, дзякуючы мясцовым жыхарам.
Унучкі паэта адбудавалі дзядулеву сядзібу нанава – на тым жа падмурку яны паставілі больш зграбны дамок, які прастаяў у Люцінцы да сярэдзіны 40-х гадоў мінулага стагоддзя. У ім, згадвалі аднавяскоўцы, пасля вайны галасавалі, праходзілі выбары, а затым дом быў прададзены і перавезены ў Мінск. З той пары адзінай памяткай з Марцінкевічавай сядзібы была велічная прыгажуня ліпа, якая ўладарыла над усім наваколлем. Але, на жаль, час зрабіў сваю справу – і ліпы больш няма.
Жыццё пісьменніка перапынілася 17 снежня 1884 года. Пахаваны Вінцэнт Марцінкевіч у Тупальшчыне, на магіле ўстаноўлены бюст знакамітаму драматургу.
Сёння Дудар жыве сярод нас, жывуць яго бессмяротныя творы, якія вучаць нас любіць і паважаць родны край.