Общество

Самааддана служыць справе дабрачыннасці

Антаніна Трацэўская восьмы год кіруе работай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа. Гэту жанчыну з вялікім сэрцам добра ведаюць жыхары раёна, асабліва тыя, каму давялося сутыкнуцца з ёй асабіста.

– Антаніна Уладзіміраўна, віншуем Вас з узнагародай. Раскажыце, калі ласка, як пачынаўся Ваш шлях у Чырвоным Крыжы?

– У свой час я ўзначальвала пярвічную арганізацыю Беларускага Чырвонага Крыжа цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Мы актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх раённых мерапрыемствах па лініі грамадскага аб’яднання. Затым стала членам прэзідыума раённай арганізацыі, мела граматы за актыўны ўдзел і падтрымку дзейнасці таварыства ад абласной арганізацыі. Калі з пасады старшыні пайшла мая папярэдніца Жанна Мікалаеўна Жывіцкая, то я была абрана на гэта месца.

– Якія якасці характару дапамагаюць спраўляцца са сваімі абавязкамі?

– Канешне, у першую чаргу гэта міласэрнасць, суперажыванне, спагада. Яны былі закладзены ў мяне яшчэ ў дзяцінстве бацькамі. Таксама шмат далі заняткі па этыцы і эстэтыцы падчас вучобы на філалагічным факультэце на той час Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Леніна. Там нам, студэнтам, тлумачылі, што такое дабро, як патрэбна адносіцца да людзей, як важна паважаць інтарэсы іншых, у час прыйсці на дапамогу і г. д. Вельмі зачапіла і назаўсёды адклалася ў памяці фраза “Без чалавечнасці не будзе вечнасці”. І, лічу, гэта сапраўды так. Усіх, хто звяртаецца за дапамогай, стараюся выслухаць, а таму добра ведаю іх лёсы, радасці і нягоды. Перажываю за кожнага, імкнуся падтрымаць добрым словам, гэта лішнім ніколі не бывае.

– Колькі чалавек на сённяшні дзень налічваецца ў складзе раённай арганізацыі?

– У раёне 32 пярвічныя арганізацыі, куды ўваходзяць 2960 чалавек. Усяго ж на Валожыншчыне пражываюць 33028 чалавек, з іх 16588 – працаздольных, а значыць, неабходна працягваць весці асветніцкую работу, каб нашы рады папаўняліся.

– Людзі ўсе розныя. Як Вам удаецца знайсці з імі агульную мову?

– За час працы ў мяне ўжо назапасіўся вялікі вопыт. А, наогул, некалькі разоў на год старшыняў раённых арганізацый, і не толькі, запрашаюць на семінары і трэнінгі ў Мінск. Спецыялісты расказваюць, як аказаць псіхалагічную падтрымку, як правільна размаўляць з людзьмі, што апынуліся ў складаных жыццёвых абставінах, што неабходна для таго, каб зразумець чалавека, як знайсці да яго падыход.

– Хто можа атрымаць гуманітарную дапамогу ў Чырвоным Крыжы?

– Сюды адносяцца некалькі катэгорый грамадзян. Напрыклад, за мінулы год дапамога была аказана 991 чалавеку, сярод іх 95 – інваліды, адзінокія і пажылыя людзі, 22 – тыя, што вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, 19 – бежанцы, 2 – пацярпелыя ад надзвычайных сітуацый, 4 – асобы без пэўнага месца жыхарства, 848 – шматдзетныя сем’і.

– Антаніна Уладзіміраўна, адкуль паступае спонсарская і гуманітарная дапамога?

– У першую чаргу гэта арганізацыі і прадпрыемствы раёна. За мінулы год імі было сабрана 11357,28 рубля ахвяраванняў і членскіх узносаў. Асабліва ў гэтым кірунку хочацца адзначыць пярвічныя арганізацыі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, цэнтральнай раённай бальніцы, ветэрынарнай станцыі, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённага аддзела ўнутраных спраў і інш. На супрацоўніцтва ідуць усе арганізацыі розных форм уласнаці. На жаль, выключэннем тут стаў магазін “Еўраопт”, які на працягу свайго існавання ў горадзе ні разу не адгукнуўся на нашы просьбы. Не хочацца верыць, што там працуюць абыякавыя да чужой бяды людзі, тым больш што ў іх на касах стаяць скрынкі для ахвяраванняў, а значыць, некаму яны сапраўды дапамагаюць.

Не застаюцца ўбаку ад справы дабрачыннасці індывідуальныя прадпрымальнікі раёна і тыя, што працуюць на рынку. Імі за год былі перададзены раённай арганізацыі 194 адзінкі новага адзення, 91 пара абутку, 166 штук канцылярскіх тавараў. Насельніцтва раёна сабрала 2663 кг адзення, 413 пар абутку, 60 канцтавараў, 23 адзінкі посуду, 82 прадметы хатняга ўжытку, 140 цацак.

– Раскажыце трохі пра сваіх галоўных памочнікаў – валанцёраў.

– Так, гэтыя людзі аказваюць неацэнную дапамогу, ім прыходзіцца непасрэдна ўзаемадзейнічаць з людзьмі. На дадзены момант у раённай арганізацыі 48 валанцёраў, якіх задзейнічаем па меры неабходнасці ў розных мерапрыемствах.

– Чым вызначыўся для Вас мінулы год?

– 2022 год быў асаблівым у сувязі з каранавіруснай інфекцыяй. Прыходзілася аператыўна рэагаваць на сітуацыю. 4 супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і 2 цэнтральнай раённай больніцы сталі валанцёрамі па пагадненні. Яны правялі вялікую работу з пажылымі людзьмі па пытаннях вакцынацыі, аказалі больш за 200 паслуг у гэтым напрамку.
Таксама на дзейнасць арганізацыі паўплывала вайна ва Украіне. Да нас прыехалі бежанцы з Данецкай і Луганскай абласцей. Мінская абласная арганізацыя выдзеліла для іх 26 ваўчараў па 135 рублёў, якія атрымалі 17 чалавек. На сённяшні дзень на Валожыншчыне пражываюць 6 такіх сем’яў.
Праводзіліся і традыцыйныя акцыі, што прымеркаваны да розных дат і не толькі.

– Дзякуй, Антаніна Уладзіміраўна, за размову. Жадаем Вам моцнага здароўя і плённай працы на ніве самаадданага служэння людзям.

Гутарыла Анжэла РАДЫНА