Завочнае знаёмства з сённяшняй гераіняй рэдакцыйнай гасцёўні адбылося дзякуючы беларускаму радыё. У адну са снежаньскіх суботніх раніц вядучая праграмы “Галерэя” Валянціна Стэльмах запрасіла да сябе ў студыю Марыю Мучынскую – ураджэнку вёскі Дубіна нашага раёна. Размова была настолькі цікавай, што вырашыла: трэба абавязкова пазнаёміць і чытачоў газеты з зямлячкай.
Марыя Уладзіміраўна яшчэ ў 60-я гады, пасля 8-і класаў, пакінула сваю маленькую радзіму: паехала вучыцца ў сталіцу, ды так і засталася там на ўсё жыццё. Матэматык па спецыяльнасці, працавала праграмістам у банкаўскай сферы. А вось сапраўдны талент адкрыла ў сабе ў 2019 годзе – напісала першы верш пра родную Дубіну. За пяць гадоў пісьменніцкай працы выйшлі ў друк дзве дзіцячыя кнігі і восем зборнікаў вершаў для дарослых. Падрыхтаваны матэрыял для новай дзіцячай кнігі і двух зборнікаў вершаў. Вось такі круты і, можна смела сцвярджаць, шчаслівы паварот лёсу: ад дакладных навук – да творчасці, у якім яна знайшла сябе.
– Марыя Уладзіміраўна, раскажыце, калі ласка, як узяліся за пяро?
– Ніколі не задавалася такой мэтай, і ніхто не казаў, што гэта камусьці патрэбна. А тут здарылася так. Неяк Тамара Каляда з Дубіны наткнулася ў бібліятэцы на выраз Старога Уласа, дзе ён не вельмі добра казаў пра дубінцоў. Яе так гэта пакрыўдзіла, што ў адказ яна вырашыла напісаць кнігу. Звярнулася ў райвыканкам, да старшыні гаспадаркі – яе падтрымалі. Але паколькі сама прыезджая, людзей, якія калісьці жылі ў Дубіне, не ведае, папрасіла мяне і яшчэ адну сяброўку-суседку расказаць пра дубінцоў-старажылаў.
Мы пасядзелі, паўспаміналі па мянушках. Запісала я ўсё ад рукі, а почырк у мяне кепскі: думаю, раніцай перапішу акуратна – прозвішча, імя і імя па бацьку, мянушку і чым займаўся гаспадар. Бо паабяцала ж. І легла спаць. Прачнулася з чатырохрадкоўем у галаве: “Ой, не веру, што Улас, ты бываў у вёсцы ў нас, бо баяўся Дубіну больш, чым збораў на вайну”. Села за стол, забылася пра ежу і да вечара пра ўсіх жыхароў пачатку таго веку, каго добра ведала, напісала вершы. Атрымалася цэлая паэма. Потым яна ўдакладнялася, пашыралася – свае допісы зрабілі Тамара Каляда, Ніна Бобрык, ёсць верш Сяргея Маляўскага. Выйшла ў нас кніга. Цяпер мы смяёмся і кажам: “Вялікі дзякуй Старому Уласу”.
– На Ваш погляд, чаму Стары Улас так дрэнна меркаваў пра дубінцоў? Дыму ж без агню не бывае…
– У мяне некалькі думак на гэты конт. Па-першае, Дубіна – вельмі вялікая вёска, каля пяці кіламетраў. І калі дзе штосьці здаралася ў бліжэйшых з ёй вёсках, але маленькіх, як тыя ж Рачаняты ці Чабаі, людзі, звычайна, казалі: “Ну там, ля Дубіны”. Па-другое, некалі моладзь збіралася на вечарынку ці на вяселле ў маленькай вясковай хатцы. Хлопцаў і дзяўчат папрыходзіць шмат, ды яшчэ з суседніх вёсак панаязджаюць, а памяшканне ж маленькае, таму кожны шукаў “месца пад сонцам”. І абавязкова пасля такіх сутычак хтосьці з сіняком пад вокам ды хадзіў. А дзе яго так “размалявалі”? Ізноў жа – у Дубіне. Вось такая “слава” і замацавалася за нашым мястэчкам.
– Цікава даведацца: адкуль жа ўзялося такое творчае натхненне?
– Гэта кніга ў маім сэрцы мае вельмі вялікую вагу. Мне так хацелася як мага пра больш людзей расказаць, каб нашчадкі памяталі пра сваіх прашчураў, як пра сувязь іх роду, перадавалі кнігу з пакалення ў пакаленне.
– Напэўна, продкі, якія глядзелі на ўсё гэта з нябёсаў, стараліся “пасадзейнічаць” у такой важнай справе. Як лічыце, я не філасофствую?
– Не, не філасофствуеце. Было намнога лягчэй пісаць пра тых людзей, з якімі сутыкалася. У мяне ёсць такая манера неяк “ужывацца” ў таго чалавека, якога ведаю, – як бы адчуваць, што ён сам пра сябе хацеў расказаць. Гэта дапамагала. І ўсё-такі веру, што яны таксама хацелі, каб пра іх тут помнілі, і, думаю, сёння ўдзячныя нам.
– Адкуль у Вас уменне рыфмаваць?
– Дагэтуль у дзяцінстве спрабавала два вершы напісаць. Першы, як Юрый Гагарын вярнуўся з космасу. Напісала і паказала старэйшаму за мяне на тры гады брату: пакуль бацькі на працы, ён займаўся маім выхаваннем і быў для мяне аўтарытэтам. Ён вельмі добра маляваў: у 7 класе ў яго была выстава малюнкаў у Валожыне, за што быў узнагароджаны праз газету “Піянер Беларусі” пуцёўкай у піянерскі лагер “Артэк”. Але прызнацца, што я – аўтар, пабаялася і нешта нафантазіравала. Ён пачытаў і кажа: “Вельмі добра. Вось бачыш, як людзі ўмеюць”. Гэтыя словы добра памятаю. Пасля было сорамна прызнацца, што напісала сама, бо салгала. Так гэты верш хавала-хавала і згубіла. А потым дзесьці ў 7 класе настаўніца ў школе папрасіла ў насценгазету напісаць верш пра зіму. Я напісала, і яго размясцілі ў насценгазеце. Сама ж чакала, што мне скажуць: ці добра я напісала, ці штосьці трэба паправіць. Але ніхто нічога не сказаў. Вырашыла: значыць, дрэнна атрымалася – лепш нічога не пісаць. Вось так і скончылася маё пісанне.
– Што Вы самі атрымалі, калі кніга пабачыла свет?
– Шчымлівыя слёзы ўнукаў і праўнукаў. Гэта самы дарагі падарунак. Калі збіралі матэрыялы, людзі адносіліся з недаверам да нашай задумы: маўляў, ну што яны там напішуць пра майго дзеда ці прадзеда, бабулю ці прабабулю, што пра іх можна сказаць? А нам трэба былі фотаздымкі, а іх адшукаць і сабраць было цяжка. Што рабіць? Вырашылі ўзяць рукапісны тэкст і пайсці да ўнукаў, праўнукаў. І толькі пачыналі чытаць першыя радкі пра іх родзічаў – слёзы міжволі каціліся з вачэй нашчадкаў.
– Ведаю, што Вы шмат прапагандуеце беларускую мову?
– Калі прыйшла пасля ўніверсітэта працаваць у адзін са сталічных банкаў, ва ўсіх быў чацвер – рыбны дзень, а ў мяне – беларускай мовы. Не ведаю, чаму так выбрала. І вось у чацвер прыбягалі супрацоўнікі з іншых аддзелаў, каб паслухаць беларускую мову. Хоць некаторыя таксама былі з вёскі і размаўлялі на ёй з маленства, але ў горадзе, як кажуць, “абрусіліся”. А потым, як пачала пісаць вершы, увогуле пераключылася на родную мову. Хоць у мяне ёсць вершы і на рускай: 50 на 50, як думка прыйдзе. Дзякуючы Еўразійскай творчай гільдыі, у якую патрапіла з вершамі пра Дубіну, перамагла і атрымала гранд, праводзіцца шмат розных фестываляў. Мэта гэтай супольнасці – папулярызацыя нацыянальнай культуры розных народаў.
– Захапленняў у Вас шмат: малюеце, вырабляеце рэчы з воўны, наведваеце школу іканапісу?
– Ну я ж пенсіянерка. А для нас цяпер, як і для школьнікаў, розныя гурткі ў сацыяльнай службе ёсць. Думаю: дай, паспрабую, а раптам атрымаецца? Вось зараз хаджу ў школу графіка – спрабую маляваць маслам, акрылам, але ў далейшым хачу асвоіць камп’ютарную графіку, каб рабіць ілюстрацыі да сваіх кніг.
– Да ўсяго гэтага яшчэ клапоціцеся пра аднаўленне каплічкі ў Дубіне?
– Пакуль мы збіраем звесткі, цікавыя выпадкі, як усё здарылася. З маленства памятаю той дзень, ён пакінуў вельмі вялікае ўражанне. Мне было гадоў пяць-шэсць. З самага ранку калгаснікаў павезлі на сенажаць, а я пайшла да бабулі ў Рачаняты. Апоўдзень, дзесьці ў гадзін 12, вярталася дадому – дарога якраз пралягала ля могілак. Пачула моцныя крыкі, вельмі спалохалася і лягла за нейкай грудай. Назірала, а потым паўзком папаўзла, калі зразумела, што гэта рушаць царкву. Вёска была пустая-пустая, бо некалькі разоў спрабавалі яе разрушыць, але людзі выходзілі, хто з чым мог, і абаранялі храм Божы.
Сёння хочацца знайсці чалавека з Сакаўшчыны – можа, хто прачытае і дапаможа нам. Справа ў тым, што царкву разбірала брыгада будаўнікоў з Сакаўшчыны – ім сказалі, што вязуць на працу. А на якую і куды – ніхто не ведаў. І калі прывезлі на могілкі і паказалі, што патрэбна рабіць, адзін з іх вырашыў не ўдзельнічаць у такой рабоце і ціхенька па кустах уцёк да знаёмага ў Рачаняты. Разумею, тады быў такі час, што пахваліцца ці расказаць каму-небудзь пра гэта было нельга. Але можа сваім дзецям ён калі-небудзь і прызнаўся, бо для дубінцоў гэты чалавек – герой.
– А як да веры ў Бога прыйшлі і што яна значыць для Вас?
– Мая бабуля, матуліна маці, у дзяцінстве мне пра Бога вельмі многа расказвала. Я не разумела і пыталася ў яе: “А чаму той ці той не стаў Богам?” А ў дарослым жыцці, магчыма, ужо як матэматык падыходжу да існавання Бога: нават стол нельга зрабіць, парушыўшы яго цэнтр. Ва ўсім ёсць якісьці цэнтр. А каб свет трымаўся на нейкім хаосе – не паверу. Павінна быць сістэма, а яе нехта стварае. Таму я веру ў Бога.
– На Вашу думку, наколькі важна для чалавека знайсці сябе і як увогуле гэта зрабіць: зразумець, што ты правільнай ідзеш дарогай?
– Вельмі важна. Бо калі твая праца і тваё прызванне ў суполцы, то твой шлях лягчэйшы. Не ведаю, як у іншых, але калі я звярнула не ў той бок, у мяне нешта сціскаецця ўнутры, і разумею: штосьці раблю не так. Тады спрабую ў маўчанні знайсці адказ у самой сабе.
Патрэбна сябе спрабаваць, не сядзець на месцы і, галоўнае, не баяцца: маўляў, не атрымаецца, будуць смяяцца. Нездарма ж кажуць: “Не святыя гаршкі лепяць”. А бацькам дала б параду: даваць дзецям магчымасць паспрабаваць сябе ў розных кірунках – захапленнях, гуртках, каб, выходзячы са школы, яны добра ведалі, куды кліча дарога, і да чаго ляжыць душа. Бо талент трэба адшукаць.
Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ