Авторская колонка Виктора ШНИПА

Пяць дзён у Лунінцы

Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае

Трыццаць сем гадоў таму студзень у Беларусі быў снежным і марозным. Прыехаўшы з Літінстытута на вакацыі ў Пугачы на палову тыдня і прызнаўшыся бацькам, што збіраюся летам жаніцца, я вярнуўся ў Мінск. У мяне была дамова з паэтам Міколам Мятліцкім паехаць у Лунінец на пяць дзён і праз Бюро прапаганды Саюза пісьменнікаў зрабіць на Лунінеччыне дваццаць сустрэч з чытачамі. За кожнае выступленне плацілася 18 рублёў. Грошы былі мне патрэбны на заручальныя пярсцёнкі.

Шапка Міколы Мятліцкага

Вярнуўшыся ранкам з Пугачоў у Мінск, я адразу пайшоў на чыгуначны вакзал, каб набыць квіткі на цягнік, што ноччу праходзіць праз Лунінец. У чарзе прастаяў амаль гадзіну. “Білетаў няма!” – коратка адказала жанчына ў касе. Не разумеючы, што цяпер рабіць, я паехаў да Мятліцкага. Мікола ўжо чакаў мяне і, даведаўшыся, што няма білетаў, супакоіў: “Паедзем на вакзал за гадзіну да нашага цягніка. Я маю чароўную шапку!” Што за чароўная шапка? Я не пацікавіўся, але праз нейкі час у мяне ўсё ж з’явілася надзея, што мара зарабіць грошай здзейсніцца. Перад дарогай жонка Міколы Ірына добра пакарміла нас і дала сяго-таго з сабой. Апранаючыся, я сачыў за сябрам. І вось Мікола адчыніў шафу. Апрануў зімовае паліто і дастаў пыжыкавую шапку, у якіх хадзілі толькі начальнікі. Прыехаўшы на чыгуначны вакзал, Мікола адразу пайшоў да акенца, за якім сядзеў адміністратар. Павітаўшыся, паказаў пісьменніцкае пасведчанне і камандзіроўку, і тут жа набыў два білеты да Лунінца.

Лунінец. Мароз. Завіруха

У купэ, акрамя нас, нікога не было. Паклаўшы сумкі з рэчамі пад лаўкі, мы вырашылі не распранацца, бо холадна, і ў Лунінец мы павінны прыехаць недзе ў гадзіну ночы. Усю дарогу размаўлялі пра будучыя выступленні, пра маю вучобу ў Маскве і жаніцьбу з Рублеўскай. Тут жа мы з Міколам дамовіліся, што ён у нас з Людмілай будзе сватам. За размовамі не заўважылі, як прыехалі ў Лунінец.

Выйшлі з цягніка. Стаім на пероне, углядаемся ў цемру, спадзеючыся ўбачыць Зінаіду Дудзюк, якая павінна была як арганізатар нашых выступаў сустрэць нас. Нідзе нікога! Толькі мароз пад трыццаць, завіруха і самотны ліхтар на слупе гайдаецца і рыпіць, нібыта спявае пра сваю сіроцкую долю. Распытаўшыся ў дзяжурнага па вакзале, як дайсці да гасцініцы, мы з Міколам, уціснуўшы галовы ў плечы, каб было цяплей, пабрылі праз завіруху.

Доўга ісці не давялося. Гасцініца ад вакзала блізка. Нас там чакала Зінаіда Дудзюк і паведамленне, што ацяплення няма, бо ў батарэях замерзла вада. Пасяліліся ў нумар. Нам прапанавалі гарбату. Не адмовіліся. Пакуль неслі з вахты, гарбата астыла. Выпілі халодную. Каб крыху пацяплела ў пакоі, я ўключыў у ваннай гарачую ваду. Вада цякла і тут жа астывала. Ссунулі ложкі ў адзін і вырашылі, не здымаючы з сябе нічога і ў шапках, легчы спаць.

Лунінецкае масла

Раніцай прачнуліся з закладзенымі насамі і забалелымі горламі. Хуценька папілі гарбаты з канапкамі, якія нам у дарогу дала Міколава Ірына. Зінаіда Дудзюк нас падганяла, бо першы выступ вельмі рана – а дзявятай на заводзе, дзе вырабляюцца малочныя прадукты. У Чырвоны куток прыйшлі жанчыны ў белых халатах і хусцінках. Чалавек дзесяць. Дырэктарка завода адразу папярэдзіла, што ў нас усяго хвілін дваццаць. Мікола гаварыў шмат, і мне засталося пачытаць пару вершаў.

Потым пайшлі ў кабінет дырэктаркі. Пачыталі ёй вершаў, паскардзіліся, што жывём у холадзе і ў голадзе. Жанчына тут жа прынесла нам кілаграмы два масла, загорнутага ў чыстую паперу. А ў нас няма куды яго пакласці. І як яго вынесці з завода праз вахту, дзе ўсіх правяраюць? Прыклалі мне да жывата пад паліто. І я стаў брухатым. Іду да вахты, трымаю рукі на жываце і думаю, хаця б не праверылі, што гэта я там нясу. Правераць. Знойдуць. Пасадзяць у турму, і будзе мне летам жаніцьба. Не праверылі. І потым мы з Міколам елі пяць дзён лунінецкае масла, але так усё і не з’елі. Ад’язджаючы ў Мінск, пакінулі вахцёрам.

Лунінецкая лесапілка

Адно з нашых з Міколам Мятліцкім выступленняў было на лесапілцы непадалёк Лунінца. На газіку па нас прыехаў дырэктар. Ехалі каля гадзіны. Прыехалі. Навокал усё гудзіць і трашчыць. Як тут выступаць? Дырэктар, распавёўшы пра лесапілку, павёў нас да сябе ў кабінет. А там ужо стол накрыты. Пытаецца: “Што будзем спачатку рабіць: выступаць ці снедаць?” Выступаць! “А можа, паснедаем?” – прапанаваў дырэктар. Мы не адмовіліся, бо, акрамя масла і батона, нічога яшчэ не елі. Паснедалі. Дырэктар паклікаў да сябе ў кабінет сваіх замаў і бухгалтараў і аб’явіў наша выступленне. Мікола гаварыў доўга, а я прачытаў вершаў пяць. Потым нас адвезлі ў іншае месца, дзе нас чакалі чалавек дзесяць слухачоў.

У школах

У школах Лунінца з Міколам Мятліцкім выступалі па поўнай праграме – распавядалі пра сябе, чыталі вершы, адказвалі на пытанні, давалі аўтографы. Пасля выступлення нас вадзілі ў школьную сталоўку, кармілі. Усё было прыстойна і афіцыйна, як і трэба ў навучальнай установе. Але ў адной школе натрапілі на дырэктара, які ў свой час вучыўся на філфаку і добра ведаў многіх пісьменнікаў. Выступленне ў нас у той дзень было ўжо апошнім, і нам не трэба было нікуды спяшацца. Вучні і настаўнікі пайшлі па дамах, а мы засталіся з дырэктарам у сталовай. І яшчэ гадзіны дзве вячэралі і чыталі вершы. Я ажно ахрып. У гасцініцу з Міколам ішлі пешшу. Гадзіны дзве. Жартавалі, смяяліся. Ішлі, ішлі і раптам зразумелі, што ідзём не ў той бок. Добра, што ехала міліцыя і ўбачыла нас, і завезла нас у гасцініцу. На Міколу была яго чароўная шапка – пыжыкавая.

У гасцях

У Міколы Мятліцкага ў Лунінцы жыла аднакурсніца па філфаку, якая была замужам за юрыстам. Даведаўшыся, што Мікола ў горадзе, яна запрасіла яго ў госці. Мікола заявіў, што адзін не пойдзе. Будзе з сябрам. Ну і пайшлі мы вечарам у госці. Стол, як на вяселлі. Гаманілі гадзіны дзве. Мы з Міколам пачалі чытаць вершы. Юрыст слухаў-слухаў і раптам пачаў раўнаваць. Да абоіх. Да Міколы і мяне. Скончылася тым, што мы пасварыліся з юрыстам і ўцяклі ў гасцініцу. Назаўтра раніцай выходзім на вуліцу і бачым юрыста каля машыны. Хацелі прайсці незаўважанымі, але не атрымалася. Юрыст дагнаў нас і папрасіў аўтограф для жонкі ў Міколы і ў мяне.

Шапкі

Неяк мы з Міколам забыліся, што нам яшчэ трэба выступаць у адным месцы. Зінаіда Дудзюк не забылася. Патэлефанавала, што нас ужо чакаюць. І мы, на бягу апранаючыся, селі ў машыну, якую прыслалі па нас. Прыехалі. Выступілі. Нас прывезлі ў гасцініцу. Зайшлі ў нумар. Уключылі святло. І я ўбачыў, што на Міколу не ягоная шапка. Не пыжыкавая! Пачалі думаць-успамінаць, дзе магла адбыцца падмена. А першай ляглі спаць, так ні да чаго не дадумаўшыся. Раніцай хацелі прасіць Зінаіду Дудзюк, каб дапамагла разабрацца, дзе прапала Міколава пыжыкавая шапка. Сыходзім са свайго паверха і бачым знаёмага дырэктара, у якога ўчора мы выступалі. Дырэктар стаіць каля вахты ля століка, на якім ляжаць пяць пыжыкавых шапак. Мікола не адразу пазнаў сваю, а толькі тады, калі ўсе шапкі панюхаў.

Параход

Быў марозны сонечны дзень. Зінаіда Дудзюк зранку паведаміла нам з Міколам Мятліцкім, што нас чакаюць маракі. Маракі дык маракі! Ужо не памятаю, дзе на Лунінеччыне трыццаць пяць гадоў таму стаяў умерзлы ў лёд вялікі параход. А можа, і не вялікі, бо іншых тады яшчэ я не бачыў. Пакуль нас везлі на выступленне перад маракамі, я прыдумаў чатыры радкі пра мора, каб імі распачаць свой выступ.

Нас сустрэў сівабароды капітан белага парахода. Белага ад снегу і шэрані. Ідучы ў капітанскую каюту, спадзяваўся, што слухачоў будзе нямнога, і мы тут доўга не затрымаемся. Зайшлі. А ў каюце нікога! Мікола пацікавіўся: “А дзе маракі?” – “А што, вам мала капітана?” – пытаннем адказаў наш будучы слухач. Выступленне было кароткім. Нам капітан даў усяго дзесяць хвілін. Дзесяць дык дзесяць! Усё роўна заплацяць па 18 рублёў! Мікола пачытаў некалькі вершаў, а я чатыры радкі, што прыдумаў па дарозе да белага парахода.

“А цяпер, паэты, давайце паснедаем!” – прапанаваў капітан. А чаму б з добрым чалавекам і не паснедаць! Усяго было на траіх. І нямнога. Я спадзяваўся, што мы хутка пакінем параход і паедзем далей выступаць. Ды дзе там! Мы і не заўважылі, як капітан дастаў аднекуль тоўсты сшытак і пачаў з яго чытаць свае вершы. Слухаем дваццаць хвілін, паўгадзіны, гадзіну, а вершы ў сшытку не канчаюцца. Мікола ўжо нервавацца пачаў. Не ведаю, колькі б мы слухалі капітанскія вершы, але ў каюту забег вадзіцель нашага аўтамабіля і паведаміў, што з камбуза ідзе дым. Гарэла рыбіна, якой нас хацеў пачаставаць капітан, але забыўся.

З Лунінца ў Мікашэвічы і назад

Кожны дзень мы з Міколам Мятліцкім рабілі па чатыры выступы. Гаварылі ўсюды амаль адно і тое ж. Чыталі вершы адны і тыя. Але не з паперак. Я тады ведаў на памяць вершаў трыццаць сваіх. На трэці дзень нашага паэтычнага марафону ў мяне балела горла, хоць і лячыў яго. Едучы ў Лунінец, мы думалі, што ўсе пяць дзён правыступаем, далёка не ад’язджаючы ад гасцініцы. Але калі Зінаіда Дудзюк паведаміла, што нас чакае дызель, якім наведаем Мікашэвічы, мы ўзрадаваліся. І чым далей мы ад’язджаліся ад Лунінца, тым снег у наваколлі рабіўся ўсё цямнейшым і цямнейшым. Ад гранітнага пылу.

У Мікашэвічах нас сустракалі хлебам і соллю. Потым паказалі кар’ер, дзе здабываецца граніт. Выступалі ў вялікай зале, дзе прысутнічала чалавек дзвесце. Пакармілі. Адвезлі ў школу, дзе ў актавай зале было поўна дзяцей. Потым у другую, а потым і ў трэцюю. У гасцініцу вярталіся дызелем. Сядзелі побач з машыністам. 

Просьба

На вахце ў гасцініцы працавалі шчырыя жанчыны. Аднаго разу, калі нікога чужога побач з намі не было, пажылая вахцёрка звярнулася да Міколы Мятліцкага: “Мілы чалавек, прадайце пыжыкавую шапку. Мой сын нядаўна выбіўся ў начальнікі, а шапкі пыжыкавай не мае. І дзяўчаты на яго не заглядаюцца. Прадайце! Дам любыя грошы!” Мікола, пачуўшы просьбу, напачатку насупіўся, а потым з усмешкай, але сур’ёзна, заявіў: “Я ўжо сваю шапку свайму маладому сябру Віктару абяцаў падарыць на вяселле! Вам прывязу іншым разам!”

Падарункі

Адно з нашых з Міколам Мятліцкім выступленняў адбылося на швейнай фабрыцы. Нас прывялі ў цэх на паўгадзіны. Швачкі сядзелі за працоўнымі месцамі і слухалі нас. Потым задавалі пытанні. А калі закончыўся наш час, начальніца завяла да сябе ў кабінет. На развітанне дала па ладным пакунку. Мікола пацікавіўся: “А што за падарункі?” – “Жаночая бялізна!” – адказала начальніца. Мы ад падарункаў адмовіліся.

У рэстарацыі

Пяць дзён у Лунінцы праляцелі, як адзін доўгі дзень. Я цалкам ахрып. Мікола Мятліцкі некалькі разоў губляў сваю пыжыкавую шапку, але яна кожны раз шчасліва вярталася да яго. І я прызнаў Міколаву шапку за чароўную. За пяць дзён мы зарабілі па 360 рублёў. Праўда, намерзліся, напрыгоднічаліся, натаміліся, але што нам стома, калі мне яшчэ 26 гадоў, а Міколу 32. Да цягніка ў Мінск хапала часу, і Мікола прапанаваў звадзіць мяне ў рэстарацыю і пачаставаць.

У зале непадалёку за адным сталом сядзелі некалькі шумлівых мужчын з жанчынамі. Праз нейкі час мы заўважылі, што яны паглядаюць на нас. Не ведаю, што пра нашых рэстаранных суседзяў думаў Мікола, а я стаў іх пабойвацца, таму шэптам прапанаваў: “Давай хутчэй пойдзем у гасцініцу…” Мікола тут жа паклікаў афіцыянтку, каб разлічыцца. Яна падышла. “Колькі з нас?” – пацікавіўся Мікола. “Усё ўжо аплачана…” – пачулі ў адказ. “А хто гэта зрабіў?” – “А вунь тыя хлопцы!” – усміхаючыся, афіцыянтка паказала на шумлівых суседзяў. І ў гасцініцу мы вярнуліся за паўгадзіны да адпраўлення нашага цягніка.

Р.S. Вярнуўшыся з Лунінца ў Мінск, я некалькі дзён жыў у Міколы Мятліцкага. Потым паехаў у Маскву ў Літінстытут, бо скончыліся вакацыі. Ехаў на вучобу ў адным купэ з Людмілай Рублеўскай. У інтэрнаце некалькі дзён Людміла адварамі траў лячыла мой ахрыплы голас. Вылечыла. І ў адзін цудоўны дзень мы з Людмілай паехалі на Калінінскі праспект, дзе ў краме ювелірных вырабаў набылі шлюбныя пярсцёнкі. На жаль, Людміла свой пярсцёнак праз гадоў сем згубіла. Мы тады з дзецьмі адпачывалі ў Доме творчасці “Іслач”. Людміла любіла збіраць у пяску пад хуткай празрыстай плынню рэчкі Іслач ракавінкі і каменьчыкі. Вось і змыла рака пярсцёнак з яе пальца. Словам, залаты шлюбны пярсцёнак Людмілы Рублеўскай, набыты за грошы, заробленыя разам з Міколам Мятліцкім у Лунінцы, ляжыць цяпер у рачным пяску маёй роднай Валожыншчыны.