Вядучы бухгалтар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Валожынскім раёне Наталля Бобрык пачынала працоўную дзейнасць на пасадзе намесніка галоўнага бухгалтара. Будучую прафесію яна выбірала ў школьныя гады, калі вучылася ў старэйшых класах: падабалася дакладнасць, акуратнасць, цярпенне і скрупулёзнасць.
– Гэта, канешне, не першае маё месца работы – прыйшла з раённага вузла паштовай сувязі. Тады Белдзяржстрах размяшчаўся з поштай у адным будынку – таму, можна сказаць, перайшла з аднаго кабінета ў іншы. Дырэктарам была ветэран працы, мудры кіраўнік і ўвогуле харошы чалавек Наталля Аляксандраўна Сіношына. Яна аддала прафесіі шмат гадоў, адраджала страхавую кампанію пасля заняпаду, заўсёды стаяла на варце страхавання. Лічу, што так пашанцавала мне ў жыцці, – кажа Наталля Зянонаўна. – На той час загадвала бухгалтарскім улікам старажыл Белдзяржстраху і вялікі прафесіянал Леаніда Уладзіміраўна Далінкевіч, і я прыйшла ёй у дапамогу.
Тут была свая спецыфіка: работа са страхавымі агентамі, справаздачы, сам бухгалтарскі ўлік, дзе ўсё павінна быць канкрэтна, пералічэнні, выплата страхавых кампенсацый страхавальнікам. Таму давялося “папацець”. Але жаданне ўсім авалодаць дало станоўчыя вынікі – цяпер лічу сябе вопытным бухгалтарам у сферы страхавання.
Спецыяліст зазначае, што служба развіваецца, з кожным годам назіраецца рост страхавання – людзі думаюць не толькі пра сённяшні дзень, але і пра заўтрашні.
– Работа мне прыносіць сапраўднае задавальненне: я насамрэч іду на яе, як на свята, – зазначае Наталля Зянонаўна. – У нас вельмі харошы калектыў: мы падтрымліваем адзін аднаго, дапамагаем у вырашэнні пытанняў. Ветэраны працы адыходзяць на заслужаны адпачынак, уліваюцца новыя кадры – больш энергічныя, цікавыя, у іх сваё кола страхавальнікаў. Работа з людзьмі цяжкая – патрабуе не толькі ведання справы, але і ветлівых адносін, прафесійнага падыходу. Безумоўна ж, вялікім бонусам з’яўляецца і наш сучасны прыгожы будынак у цэнтры горада: тут дастойныя і камфортныя ўмовы працы, блізкасць да банкаў. І страхавыя агенты, якія прыязджаюць з сельскіх населеных пунктаў, цяпер таксама маюць асобны кабінет з камп’ютарамі.
Карыстаючыся магчымасцю, хачу павіншаваць увесь калектыў і ветэранаў працы з Днём страхавога работніка і выказаць падзяку ўсім – сапраўдным прафесіяналам сваёй справы, захопленым і працавітым людзям, якія шмат гадоў упэўнена поплеч ідуць да агульных мэт. Жадаю новых дасягненняў і ўдачы. Няхай нас і надалей аб’ядноўвае агульныя імкненне і задачы, а наперадзе чакаюць толькі перамогі і поспех.
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА