Интервью

Ала Субач: Сядзець пастаянна на месцы страхоўшчыку не з рукі – трэба ісці, як кажуць, у людзі

2 снежня – дзень страхавых работнікаў!

У калектыў валожынскіх страхоўшчыкаў Ала Іванаўна прыйшла ў 2003 годзе. Патрапіла выпадкова – па сямейных абставінах патрэбен быў свабодны графік работы. Дагэтуль доўгі час працавала галоўным эканамістам, пасля бухгалтарам у калгасе “Рассвет” – сённяшняй “Сівіцы”.

З работай, безумоўна ж, была незнаёма, але самым складаным аказаліся зносіны з людзьмі, – успамінае страхавы агент. Лічыць, пісаць – тут я, як рыба ў вадзе, а вось, каб наладзіць кантакт з чалавекам, даводзілася пераступаць цераз сябе. Цяпер ужо, адрабіўшы столькі гадоў, ведаю, з кім можна пагаварыць шмат аб чым, а з кім – толькі па справе, пра што можна запытацца, а пра што – непажадана.

Хоць Ала Субач сама івянецкая, абслугоўвае трэцюю частку гарпасёлка і сем населеных пунктаў Івянецкага сельсавета.

– У Івянцы ў будынку пасвыканкама размешчаны наш пункт продажу страхавых паслуг, – працягвае Ала Іванаўна. – На месцы афармляем страхоўкі на выезд за мяжу, зялёную карту, абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці для ўладальнікаў транспартных сродкаў. Абавязковым з’яўляецца таксама страхаванне будынкаў – яно афармляецца на тую ўласнасць, дзе людзі пражываюць ці хаця б зарэгістраваны. Тут невялікі працэнт ідзе, і яно, калі што здарыцца, мала чым дапаможа людзям, бо сума выплат будзе нязначнай. Усё астатняе – гэта добраахвотнае страхаванне. Такіх паслуг вельмі шмат.

Безумоўна ж, сядзець пастаянна на месцы страхоўшчыку не з рукі – трэба ісці, як кажуць, у людзі: нагадваць страхавальнікам пра заканчэнне тэрміну страхавога поліса, прапаноўваць новыя віды страхавання, прыцягваць новых кліентаў. Сустракаючыся, тлумачым, колькі чалавек атрымае пры наступленні страхавога выпадку па абавязковым страхаванні, і што будзе мець, калі застрахуецца добраахвотна: напрыклад, нават за адзін сарваны непагаддзю з даху ліст шыферу будзе выплачана 40 рублёў, не гаворачы ўжо пра істотныя сумы выплат пасля пажару.

Па словах страхавога работніка, колькасць страхавальнікаў з кожным годам павялічваецца на 10-12 працэнтаў. Менталітэт у людзей мяняецца на карысць “страхавога жыцця”. Яны давяраюць Белдзяржстраху і ведаюць, што, калі здарыцца неспадзяваная жыццёвая сітуацыя, страхавая кампанія не пакіне ў бядзе і абавязкова прыйдзе на дапамогу. Самыя запатрабаваныя віды страхавання на сёння – добраахвотнае страхаванне будынкаў, комплекснае добраахвотнае страхаванне будынкаў, кватэр, страхаванне ад няшчасных выпадкаў, “Аўтакаска” для транспарту.

На пытанне: як знаходзіць паразуменне з людзьмі, Ала Іванаўна з усмешкай адказала:

– Мы ж псіхолагі ў нейкай ступені, але цярпенне трэба мець, ды яшчэ якое! Калі ў гэтай сферы доўгі час, то ўсё ўжо разумееш. Вялікую ролю адыгрывае і тое, што сярод мясцовых насельнікаў – ты свой, таму і давяраюць.

Дала страхавы агент і параду, чаму трэба страхавацца:

– Што самае галоўнае для чалавека? Жыццё і здароўе. Таму напачатку трэба паклапаціцца пра сябе і застрахавацца ад няшчаснага выпадку. Ёсць яшчэ і медыцынскае страхаванне, якое дае магчымасць звяртацца пры патрэбе ў вызначаную медыцынскую ўстанову. Па-другое, варта застрахаваць жыллё – каб дом і сапраўды быў надзейнай крэпасцю. Далейшымі ў спісе павінны быць транспартны сродак, жывёла, якую любіш і пра якую клапоцішся. Можна застрахаваць мабільныя тэлефоны, камп’ютары, робаты-пыласосы і гэтак далей. І нават калі страхавы момант так і не наступіў, страхоўка – гэта ваш абярэг.

Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА