Безопасность

Праект «Прафілактыка падзенняў 65+» прынёс перамогу Валожынскаму ТЦСАН

Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва стаў пераможцам абласнога этапу конкурсу “105 ідэй развіцця галіны” ў намінацыі “Праяўляючы клопат – выказваем удзячнасць”.

На конкурс быў прадстаўлены праект “Прафілактыка падзенняў у адносінах да людзей старэйшага пакалення – 65+”, распрацаваны ў рамках Нацыянальнай стратэгіі “Актыўнае даўгалецце-2030”, накіраванай на павышэнне якасці жыцця пажылых грамадзян. Яго мэта – знізіць фактары рызыкі падзенняў у людзей старэйшага ўзросту шляхам стварэння бяспечнага навакольнага дамашняга асяроддзя, навучання членаў іх сем’яў, сацыяльных работнікаў і валанцёраў у галіне прафілактыкі падзенняў і павышэння дасведчанасці насельніцтва па гэтай праблеме.

Самая высокая распаўсюджанасць назіраецца сярод людзей, старэйшых за 65 гадоў. Акрамя таго, людзі, якія перажылі падзенне і сталі інвалідамі, асабліва ў старэйшым узросце, у большасці выпадкаў патрабуюць працяглага догляду і знаходжання ў сацыяльнай установе, дзе клопат пра іх кладзецца на дзяржаву. Тым не менш, многія пажылыя людзі і іх родныя не ўспрымаюць падзенні як праблему, і толькі 10 працэнтаў прадпрымаюць меры па іх папярэджванні.

Для рэалізацыі праекта былі абраны розныя кірункі работы: навучанне спецыялістаў тэрытарыяльнага цэнтра, сацыяльных работнікаў, валанцёраў эфектыўным дзеянням для прадухілення падзенняў і мінімізацыі іх паследкаў; ацэнка дамашняга асяроддзя і змяненне ўмоў пражывання людзей з вядомым фактарам рызыкі (узрост) ці людзей, якія ўжо перанеслі падзенні; папулярызацыі тэхнічных сродкаў рэабілітацыі; прыцягненне ў работу грамадскіх арганізацый. А таксама арганізацыя аздараўленчай групы з ліку пажылых людзей, работа якой уключала ў сябе навучанне практыкаванням па методыцы тай-чы – тай-цзы, накіраваным на захаванне дынамічнай раўнавагі і сілы. Гэта гімнастыка дапамагае захаваць рухавасць і самастойнасць.

У рамках праекта быў створаны валанцёрскі атрад “Вектар”. У яго складзе – 28 валанцёраў: 23 – з ліку грамадзян пажылога ўзросту і 5 – членаў раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын. Кожны “сярэбраны валанцёр” меў свайго падапечнага і наведваў яго не менш за 1-2 разы на тыдзень. Менавіта валанцёры абследавалі жылыя памяшканні маламабільных грамадзян, выяўлялі перашкоды (высокія парогі) і нязручна размешчаныя прадметы мэблі і быту (дываны, дывановыя дарожкі, правады – тое, што перашкаджае нармальнай хадзьбе). Таксама валанцёры звярталі ўвагу на абутак падапечных, асвятленне ў жылым памяшканні, вызначалі неабходнасць тэхнічных сродкаў рэабілітацыі.

З дапамогай спецыялістаў цэнтра і валанцёраў, якія валодалі навыкамі рамонту, была створана бяспечная прастора ў 27 маламабільных грамадзян: расчышчаны завалы на дварах, зроблены поручні, устаноўлены прыступкі і лавачкі для ванн, ухілены перашкоды ў дамах і кватэрах. Кожны валанцёр навучыў падапечнага базавым навыкам тай-чы, патлумачыў небяспеку падзенняў і іх паследкі.

Таксама валанцёры падрыхтавалі і правялі тры “вулічныя” акцыі, на якіх папулярызавалі тэхнічныя сродкі рэабілітацыі, тлумачылі жыхарам горада, як зберагчы пажылых родных ад падзенняў і ўратавацца самім.

Як паказала практыка, прытрымліваючыся нескладанага алгарытму навучальных, прафілактычных і практычных дзеянняў, удалося знізіць фактары рызыкі падзенняў сярод людзей старэйшага ўзросту і зберагчы іх ад траўм і далейшай інваліднасці, накіравання ў дамы-інтэрнаты. Заўсёды лепш, калі чалавек жыве самастойна ў сваім доме ці кватэры, у коле сям’і. Самастойнае пражыванне пенсіянера абыходзіцца танней і для дзяржавы, чым утрыманне ў доме-інтэрнаце (на сёння яно складае каля адной тысячы рублёў у месяц), асабліва калі чалавек адзінокі, у яго невялікая пенсія і даплачваць за яго няма каму.

Падзенні з’яўляюцца сур’ёзнай праблемай ва ўсім свеце. Па падліках, штогод адбываецца каля 646 тысяч смяротных падзенняў – гэта другая па значнасці прычына смерці ад ненаўмысных траўм пасля дарожна-транспартных. 37,3 мільёна падзенняў заканчваюцца сур’ёзнымі паследкамі, пры якіх патрабуецца медыцынская дапамога.

Наш кар.