80-летие освобождения Беларуси

Салдат-пераможца вялікай краіны

Сёлета наша краіна святкуе велічную і знакавую дату – 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Восем дзясяткаў гадоў мы жывём пад мірным небам, дзякуючы неўміручаму подзвігу нашых прадзедаў і дзядоў. Яны ваявалі, гінулі, выжывалі, вярталіся дадому скалечанымі, на папялішча, але з адзінай надзеяй – каб была будучыня ў нас, іх нашчадкаў.

Легендарнае пакаленне салдат-пераможцаў з кожным днём адыходзіць у вечнасць. Застаецца толькі памяць, а таксама скупыя ўспаміны, якімі яны дзяліліся неахвотна. Вельмі балюча ім было вяртацца ў тыя жахлівыя гады, калі страчвалі баявых таварышаў, землякоў, родных. Прайшоўшы вогненнымі баявымі дарогамі, яны стараліся будаваць жыццё з новага ліста. Шчыра і нястомна працавалі, радаваліся надыходу кожнага новага мірнага дня.

Напэўна, няма той сям’і, якую б не кранула вогненнае ліхалецце саракавых. Сёння ўспамінамі пра свайго бацьку-франтавіка, украінца, які прайшоў Вялікую Айчынную ад першага да апошняга дня, удзельнічаў у вызваленні Беларусі – у аперацыі “Баграціён”, дзеліцца Аляксандра Пятроўна Нядзвецкая з Івянца.

Пётр Ільіч Кавалеў (на здымку другі) разам са сваім баявым таварышам. Фота з сямейнага архіва

Мой бацька, Пётр Ільіч Кавалёў, нарадзіўся 9 кастрычніка 1914 года ў горадзе Новагеоргіеўску Кіраваградскай вобласці на Украіне. Сям’я яго бацькоў была шматдзетная: у ёй выхоўваліся 11 дзяцей.

Дзядуля Ілля працаваў на даму: вырабляў мэблю, у вучнях меў чужых дзяцей. Навучаў іх рамяству чырванадрэўшчыка. За гэта яму плацілі. Бабуля Марыя гадавала дзяцей. Не ўсе дажылі да дарослага ўзросту: пяцёра памерлі з-за хвароб у 30-х гадах. У гэты час не стала і дзядулі Іллі. Цяжка было бабулі – засталася адна з падлеткамі, якіх трэба было гадаваць і карміць. Уступіла ў калгас. Варыла абеды механізатарам і паляводам.

Бацька, атрымаўшы няпоўную сярэднюю адукацыю ў школе, паступіў у фабрычна-заводскае вучылішча горада Златаполя (цяпер Нікапаль) на Украіне. Спецыяльнасць – мэбельшчык. Жыў на кватэры. Многаму навучылі гэтыя гаспадары. Іх успамінаў да апошніх дзён жыцця.

Надышоў час ісці ў армію. Адслужыў тэрміновую. І адразу накіравалі яго часць змагацца на востраў Хасан, а далей на савецка-фінляндскую вайну 1939-1940 гадоў. Пасля яе заканчэння часці не расфарміроўвалі, былі ў запасе.

Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Удзельнічаў у ёй ад першага дня да Перамогі. А пасля – на Далёкі Усход: ваяваць з Японіяй. Дадому вярнуўся ў канцы 1945 года. Напэўна, Бог аберагаў яго – ні разу на ўсіх войнах не быў нават паранены. Служыў танкістам. Танкі гарэлі, узрываліся, гінулі яго таварышы, а ён заставаўся жывым. Узнагароджаны за баявыя заслугі ордэнамі і медалямі.

З фронту не вярнуліся яго тры родныя браты. Бацька спрабаваў іх адшукаць, але адказ атрымліваў адзін: прапалі без вестак. За сыноў, якія не вярнуліся з вайны дадому, бабуля атрымлівала пенсію – дзесьці 25 рублёў. У перыяд акупацыі нашага горада ад туберкулёзу памёр яшчэ адзін родны бацькаў брат.

Не забыўся бацька і пра сваіх гаспадароў са Златаполя: прыехаў у іх дом і даведаўся, што іх расстралялі немцы.

Усё трэба было перажыць. Да канца жыцця бабуля толькі і гаварыла пра сваіх дзяцей – сыноў, якія загінулі, і 18-гадовую дачку, што памерла адразу ж пасля вайны.

Бацька быў сціплым чалавекам. Успамінаю, калі ў 1965 годзе адбыўся першы парад франтавікоў на 9 Мая, ён плакаў, што яго баявыя таварышы не дажылі да гэтага дня. Думаў, чапляць узнагароды ці не. Тады мы – матуля, сястра і я – сказалі яму:
“Ты прайшоў усе войны, страціў здароўе, атрымаў узнагароды – ганарыся гэтым!”

Часта вечарамі мы з сястрой, падлеткамі, прасілі бацьку расказаць пра вайну. Электрычнасць тады ўключалі толькі да 12 ночы, а часам і ўвогуле сядзелі без святла. Ён расказваў, а мы з задавальненнем слухалі – так было цікава. Нічога не запісвалі, ды і падзеям тым не надавалася такая вялікая ўвага, бо ветэран вайны быў амаль у кожнай сям’і. Людзі перанеслі неймавернае гора і стараліся пра яго не гаварыць. Жылі стваральнымі клопатамі.

Што ўспамінаецца з дзяцінства? Вярнуўшыся з вайны, бацька ажаніўся. У сям’і нарадзіліся дзве дзяўчынкі – я і мая сястра Надзея. Атмасфера ў сям’і была спакойная – ніхто нікога не крыўдзіў, не шумеў, не зневажаў. Бацька быў харошым сем’янінам, клапатлівым мужам і вельмі любіў нас, дзяцей. Заўсёды ва ўсім дапамагаў, прывучаў да парадку, гаварыў: “Прыходзіце са школы, пераапрануцца трэба ў дамашняе адзенне, паесці, а галоўнае – вучыць урокі”. Гэта было святое. Бацькі кожны дзень правяралі ў нас выкананне заданняў, нішто не магло перашкодзіць гэтаму працэсу: якімі б зморанымі бацька ці матуля не былі – часта іх марыў сон ад стомленасці, але выкананне трэба было паказаць.

Пасля вайны бацька скончыў будаўнічы тэхнікум па спецыяльнасці майстар-будаўнік. Працаваў землямерам у аддзеле капітальнага будаўніцтва райвыканкама. З вопытам падымаўся па службовай лесвіцы – скончыў працоўную дзейнасць начальнікам гэтага аддзела. Быў цудоўным чалавекам: мудрым, чулым, сціплым. Разумеў цяжкасці і беды кожнага работніка аддзела. Дапамагаў, чым мог. На пенсіі не працаваў ніводнага дня – не меў здароўя.

Бацька вельмі любіў прысмакі і, калі атрымліваў заработную плату, купляў шмат усяго смачнага – для нас гэта быў самы лепшы дзень. Здавалася, што з бацькам мы праводзілі больш часу, чым з матуляй. Яна працавала аграномам у сельгасаддзеле пры райвыканкаме: ездзіла па калгасах з праверкамі, машын тады не было – даводзілася дабірацца на спадарожным транспарце, таму дадому вярталася позна вечарам. Бацька не саромеўся і посуд памыць, і ежу прыгатаваць – мы з сястрой стараліся дапамагчы яму. Шкадавалі адзін аднаго. Ён быў клапатлівым сынам. Сваю матулю шкадаваў – яна жыла з намі да апошняга дня.

Ён вельмі сачыў за сабой: быў выбрыты, падстрыжаны і абавязкова трэба было падушыцца адэкалонам. Кашулі і адзенне заўсёды былі выпрасаваныя. Не любіў шумных застолляў, не ўмеў пець і танцаваць, казаў: “Што мне рабіць там? Есці і піць? І гэта цяжкая справа”.

Бацька вучыў нас, каб мы былі сумленнымі і прыстойнымі людзьмі: “Калі чалавек мае патрэбу, калі ў яго якія-небудзь складанасці, трэба яму, як ёсць магчымасць, дапамагчы. Людзей не абражайце, ад кепскіх адыходзьце, не звязвайцеся з імі. А галоўнае – вучыцеся, гэта мэта жыцця, і вам будзе лягчэй жыць”.

Суседзі паважалі яго, цанілі яго парады. У горадзе стаялі ракетныя войскі – ваеннаслужачыя таксама прыходзілі, раіліся з ім. Лішняга ён ніколі не казаў, а толькі па сутнасці. Не заўсёды мы гэта разумелі: сцвярджалі, так ужо не робіцца, усё па-новаму, па-іншаму. Бацька ж гаварыў: “Не, вы станеце дарослымі і будзеце глядзець на ўсё так, як і я зараз”. І ён меў рацыю: што ўпусцілі, што не паслухалі, і цяпер шкадуем аб гэтым. Асабліва я, бо вельмі далёка ад’ехала – і, можна сказаць, на ўсё жыццё.

Бацькі мае былі досыць мужнымі людзьмі – па маладосці гэтага не разумела. Калі мяне накіравалі працаваць пасля заканчэння інстытута ў Беларусь, ніколі не бачыла, каб яны плакалі, калі ад’язджала. А я ж ехала ўпершыню так далёка, не ведаючы куды: што там, якія людзі, якія звычаі. Казалі: “Усё будзе добра. Спакойна даедзеш, дасі тэлеграму, што прыехала, і будзеш працаваць. Старайся, каб цябе паважалі”. Цяпер не магу нават уявіць, як гэта можна было вытрымаць і не плакаць: ніводнай слязінкі не пусцілі, так бадзёра мяне настаўлялі і выпраўлялі. Сваімі паводзінамі моцна падтрымалі тады: я не хвалявалася – бачыла, ім падабаецца тое, што еду па накіраванні, што буду працаваць. Лічу, што гэта проста мужнасць – разумею, я так бы не змагла.

Яны прыязджалі да мяне ў Беларусь, захапляліся гэтай рэспублікай. Казалі, што яна была разрушана цалкам, загінула многа насельніцтва. Нягледзячы на цяжкасці, рукамі працавітых і старанных жыхароў краіна была адноўлена з руін, умацавала сваю магутнасць і стала квітнеючай і міралюбівай.

Памёр бацька 4 кастрычніка 1989 года – не дажыўшы пяць дзён да свайго 75-годдзя.

Мы вырашылі крыху разварушыць мінулае і адшукаць звесткі пра салдата-пераможцу на сайце Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. У ваенкамаце падказалі, што звесткі пра ветэранаў вайны знаходзяцца ва ўкладцы “Памяць народа” і далей “Подзвіг народа”. І якім жа было наша здзіўленне, калі знайшлі і баявыя ўзнагароды, і баявы шлях Пятра Ільіча Кавалёва. Аказалася, ён двойчы ўзнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.

Не ўсе даныя рассакрэчаны і праз восемдзесят гадоў. А вось загад па 9-м танкавым Бабруйска-берлінскім чырванасцяжным ордэна Суворава корпусе ад 27 мая 1945 года за нумарам 0148/Н аб узнагароджванні асабовага саставу знаходзіцца ў свабодным доступе. У загадзе надрукавана: “Ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета ССР за ўзорнае выкананне баявых заданняў Чырвонай Арміі на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым доблесць і мужнасць – узнагароджваю: ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “За баявыя заслугі”. І далей прозвішчы 22 байцоў-танкістаў, у тым ліку – і сяржанта П. І. Кавалёва.

Вельмі цікава было азнаёміцца з узнагародным лістом, напісаным уручную, з кароткім, канкрэтным выкладаннем асабістага баявога подзвігу. Там жа пазначана, што П. І. Кавалёў быў двойчы паранены, але пра гэта ніколі нікому, нават сваім родным, не казаў у мірным жыцці.

Знаёмячыся па карце з баявым шляхам, можна падрабязна даведацца пра баявыя дзеянні, схемы размяшчэння 9-га танкавага корпуса, баявыя аператыўныя зводкі, разведвальныя бюлетэні і данясенні, планы аперацый, загады камандуючага.

9-ы танкавы Бабруйска-Берлінскі Чырванасцяжны ордэна Суворава II ступені корпус – адно са злучэнняў бранятанкавых і механізаваных войск Чырвонай Арміі ў Вялікай Айчыннай вайне.

З 23 чэрвеня па 29 жніўня 1944 года корпус прымаў удзел у беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён”, у тым ліку ў Бабруйскай наступальнай аперацыі. Далей корпус дзейнічаў на баранавіцка-брэсцкім напрамку.

За адзнаку ў баях атрымаў ганаровае найменне Бабруйскага. За вызваленне горада Баранавічы і выкананне даручэнняў камандавання ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Алена ЗАЛЕСКАЯ