Студэнцкія гады – гэта самы цудоўны перыяд у жыцці чалавека. Час надзей і светлых імкненняў, мар і новых адкрыццяў.
Час, калі для ўчарашніх школьнікаў адчыняюцца глыбіні навуковага свету і ўся рэчаіснасць, што іх акружае, становіцца вялікай творчай лабараторыяй. Выпускнікі школ спасцігаюць гэтыя ісціны ў аўдыторыях розных вышэйшых навучальных устаноў Беларусі.

Студэнтка 2-га курса эканамічнага факультэта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Юлія Шафаловіч упэўнена, што абраная ёй ВНУ стане цудоўнай стартавай пляцоўкай у жыцці.
Малая радзіма Юліі – аграгарадок Дубіна Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Сярэднюю адукацыю дзяўчына атрымала ў Гародзькаўскай школе. “Я ўдзячна настаўнікам за іх самаадданую працу, за тое, што яны кожны дзень аддавалі нам, дзецям, часцінку сябе. Асабліва хачу выказаць словы падзякі дырэктару школы Таццяне Іосіфаўне Чабай. Менавіта яна дапамагла мне выбраць правільны шлях у жыцці”, – з асобай цеплынёй адзначае Юлія.
Студэнтка лічыць, што паступленне ў БДСГА – гэта адно з важнейшых дасягненняў у яе жыцці. І гэта сапраўды так.
Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія, што знаходзіцца ў горадзе Горкі Магілёўскай вобласці, з’яўляецца буйнейшай шматпрофільнай вышэйшай установай адукацыі аграпрамысловага напрамку сярод краін СНД і Еўропы. Паводле рэйтынгу Webometrics, БДСГА займае першае месца сярод устаноў вышэйшай адукацыі аграрнага профілю Беларусі.
За сваю гісторыю БДСГА падрыхтавала больш за 110000 высокакваліфікаваных спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу краіны і іншых галін народнай гаспадаркі. Акадэмія ганарыцца тым, што яе выпускніком з’яўляецца Прэзідэнт нашай краіны – Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Многія выпускнікі акадэміі сталі вядомымі дзяржаўнымі дзеячамі, вучонымі, кіраўнікамі буйных устаноў, прадпрыемстваў і зрабілі вялікі ўклад у развіццё народнай гаспадаркі Беларусі.
“Акадэмія – гэта цудоўны студэнцкі гарадок. Усё знаходзіцца побач: вучэбныя карпусы, бібліятэка, сталовая, камфартабельны інтэрнат. Выкладчыкі на самым высокім узроўні валодаюць сваім прадметам, заўсёды добразычлівыя, гатовыя дапамагчы нам. Мы можам звярнуцца да іх літаральна па любым пытанні і кожны раз знойдзем падтрымку, атрымаем неабходную параду”, – з захапленнем расказвае Юлія.
Акрамя вучобы, у БДСГА ёсць усе магчымасці для заняткаў спортам: працуе вельмі добры спартыўны комплекс са стадыёнам, басейнам і сучаснай пляцоўкай для міні-футбола. Таксама ў акадэміі функцыянуе Цэнтр студэнцкай мастацкай творчасці.
Шаноўныя абітурыенты! Калі вы хочаце стаць высокакваліфікаванымі спецыялістамі ў галіне сельскай гаспадаркі, паступайце ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Станьце часткай нашай вялікай дружнай каманды!
Уся падрабязная інфармацыя па пытаннях уступнай кампаніі ў БДСГА размешчана на афіцыйным сайце www.baa.by. Калі ў вас узнікнуць пытанні, тэлефануйце па нумары +37529 5444485.
Любоў СЕЛІБІРАВА,
дацэнт кафедры лінгвістычных
дысцыплін УА БДСГА