Майстар лінейнай дарожнай дыстанцыі № 613, што ў Ракаве, Васіль ШЧУКА ўдастоены нагруднага знака Міністэрства транспарту і камунікацый “Ганаровы дарожнік Беларусі” I ступені.
У прафесію Васіль Іосіфавіч прыйшоў выпадкова – у школе захапляўся радыётэхнікай і вырашыў паступаць у політэхнічны інстытут. Аднак прыёмная камісія пры падачы дакументаў адзначыла недахоп абследавання ў медыцынскай даведцы ў сувязі са складанасцю прафесіі. Падумаў: “Ехаць за 100 кіламетраў дадому, пасля ў райцэнтр і гэтак далей – колькі часу яшчэ спатрэбіцца?..” Агледзеў вокам прыёмныя камісіі іншых факультэтаў і прама перад сабой прачытаў: факультэт дарожнага будаўніцтва. Адразу ж узгадаў, як цікава было назіраць, калі ішло будаўніцтва кальцавой дарогі вакол Гарадзеі на Нясвіж, прыцягвала ўвагу юнака і ўзвядзенне іншых аб’ектаў. У галаве пранеслася: “А чаму б і не?” Вось так і атрымаў дыплом па спецыяльнасці “Аўтамабільныя дарогі”.
За 30 гадоў працы ні разу не пашкадаваў аб выбары – наадварот, ні ў якай іншай прафесіі сябе не ўяўляе. Ну а пра тое, што Васіль Шчука і сапраўды, як кажуць, на сваім месцы, сведчыць высокая адзнака працы – дарэчы, пяць гадоў таму ён быў адзначаны такім жа нагрудным знакам, толькі II ступені.
У ЛДД-613 працуюць 19 чалавек, маецца 14 адзінак тэхнікі. Асноўнай дарогай на абслугоўванні з’яўляецца шаша Мінск-Гродна – ад кальцавой дарогі да развілкі, што вядзе на вільнюскую трасу, а таксама ўсе развязкі, якія прымыкаюць да яе. У агульнай складанасці гэта 116 кіламетраў.
Ад стану дарог залежыць уся эканоміка краіны. Гэта ж камунікацыі, лагістыка, таму наша галіна і з’яўляецца адной з важнейшых сфер дзейнасці.
Васіль ШЧУКА
Для недасведчанага чалавека абслугоўванне дарог у большай ступені заключаецца ў падтрыманні ў належным стане асфальтавага пакрыцця. А між тым – гэта цэлы комплекс работ: падрыхтоўка аўтамабільных дарог у вясенне-летні перыяд, уборка смецця, пафарбоўка абставін шляху, абкоска пустазелля, устаноўка дарожных знакаў, сігнальных слупкоў, выкананне ямачнага рамонту, утрыманне штучных збудаванняў, мастоў і пуцеправодаў, забеспячэнне зімовага ўтрымання – ачыстка ад снегу аўтамабільных дарог і аўтобусных прыпынкаў, апрацоўка супрацьгалалёднымі матэрыяламі і інш.
Штодня, атрымаўшы заданне ад кіраўніцтва на рамонт асобнага ўчастка дарогі ці аб’екта, майстар займаецца арганізацыяй адпаведных работ. Збірае дарожныя знакі, людзей, тэхніку, выязджае на месца, глядзіць, якія неабходны матэрыялы. Далей – кантралюе працэс. Надараюцца і надзвычайныя сітуацыі: напрыклад, працяглы лівень можа размыць ці падмыць некаторыя ўчасткі; бывае, што пасля дарожна-транспартнага здарэння трэба тэрмінова аднаўляць саму дарогу ці агароджу. А зімой і ўвогуле кожны дзень падкідвае нестандартныя сітуацыі.
Таксама, абслугоўваючы свае дарогі, работнікі ЛДД-613 бываюць задзейнічаны на розных участках дарог іншых ДЭУ ў межах вобласці (іх у сістэме 13) – не толькі дапамагаюць, а зарабляюць сабе грошы.
Па словах Васіля Шчукі, калектыў ЛДД-613 падабраўся зладжаны і дружны – кожны стараецца добрасумленна выконваць свае абавязкі. Бо якасць праведзеных работ патрабуе і прафесіяналізму, і адказнасці.
– Напярэдадні прафесійнага свята хочацца пажадаць калегам здароўя, моцнага і надзейнага тылу: дарожнік на працы павінен быць упэўненым і спакойным, бо дарога – небяспечны аб’ект, тут трэба круціць галавой на ўсе 360 градусаў. Ну і, безумоўна ж, любіць сваю работу – гэта самы асноўны складальнік поспеху.
Як адзначылі ў галаўным ведамстве – філіяле “ДЭУ-61” рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства аўтамабільных дарог “Мінск-
аўтадар-Цэнтр”, Васіль Шчука ўнёс вялікі ўклад у дасягненне высокіх якасных паказчыкаў у вытворчай і гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства. Ён кругласутачна, на працягу ўсіх пораў года забяспечвае бяспечны рух транспартных сродкаў па абслугоўваемай ЛДД-613 сетцы аўтамабільных дарог. Брыгада пад яго кіраўніцтвам з чэрвеня па жнівень бягучага года ўстанавіла больш за 3 тысячы метраў тросавай агароджы на шашы М-6 Мінск-Гродна і 2300 метраў – на М 1/Е 30 Брэст-Мінск-граніца Расійскай Федэрацыі. У рабоце Васіль Іосіфавіч праяўляе цвёрдую настойлівасць у давядзенні пачатай справы да канца і патрабуе выканання гэтага ад работнікаў.
Алена ЗАЛЕСКАЯ