У памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” праходзіць выстава “Талент стварае цуды” члена Беларускага саюза майстроў Вольгі Харлінскай.
Вольга Сямёнаўна займаецца такім відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як выцінанка. Напэўна, амаль кожны з нас у дзяцінстве выразаў сняжынкі, але для большасці на гэтым творчыя вынаходствы ў адпаведным кірунку і завяршыліся.
У нашай жа гераіні атрымалася так, што пасля заканчэння школы яна не паступіла ў медуніверсітэт і пайшла вучыцца на мастацкае аддзяленне цяперашняга Маладзечанскага музычнага каледжа. Там дэкаратыўна-прыкладное мастацтва выкладала выдатны педагог і майстар ад Бога Вікторыя Нікіфараўна Чарвонцава. Менавіта яна прывіла ўсім сваім выхаванцам любоў да выцінанкі, якую яны нясуць праз усё жыццё.
Пасля Вольга закончыла мастацкае аддзяленне педагагічнага ўніверсітэта ў Гродне і па размеркаванні трапіла на працу ў Івянецкі дом-інтэрнат настаўнікам малявання і гісторыі мастацтваў. Калі ж выйшла замуж і нарадзіла дзіця, уладкавалася ў Дорскую школу мастацтваў, цяпер гэта філіял Івянецкай школы мастацтваў імя Паплаўскага. Паступова падымалася па службовай лесвіцы і цяпер займае пасаду загадчыка, а таксама вучыць дзяцей такому прадмету па выбары, як выцінанка. У яе займаюцца тры групы дзяўчынак і хлопчыкаў. У вольны час наша гераіня сама з захапленнем бярэцца за нажніцы, удасканальвае сваё майстэрства. Пяцігадовая дачушка стараецца пераняць у матулі яе ўменне.
Неверагоднай прыгажосці ажурныя ўзоры прыцягваюць позірк, радуюць вока і цешаць душу. Яны застаўляюць вучыцца бачыць выдатнае, падштурхоўваюць расшыфраваць задуманае аўтарам. У Вольгі Сямёнаўны шмат работ рознага кірунку, але найбольш майстру падабаецца выразаць раслінныя матывы. Сваю выцінанку жанчына прадстаўляе на розных выставах як раённага, так і абласнога, рэспубліканскага ўзроўню і ўсюды знаходзіць прыхільнікаў гэтага віду творчасці.
Падчас адкрыцця выставы Вольга Харлінская правяла для жадаючых майстар-клас па выцінанцы. Для многіх гэта было вельмі незвычайным заняткам, але зацікавіла, і ў выніку кожны ўласнымі рукамі выразаў чароўную жар-птушку, якую не сорамна і сябрам паказаць.
Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара