Словы 264-га Папы Рымскага гавораць нам пра любоў да Бога, пра адданасць і давер яму. У кожнага чалавека свой узровень веры і сваё стаўленне да рэлігіі. Але ёсць сярод нас і тыя, хто, нягледзячы на ўсе цяжкасці, ідзе да людзей са словамі Бога.
Дзмітрый Варапай – навучэнец першага курса Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, але ў будучым плануе прысвяціць жыццё служэнню Богу. “Крочыць дарогай святароў – для мяне і пачэсна, і хвалююча адначасова”, – кажа Дзмітрый. Юнак з’яўляецца міністрантам у сваёй парафіі Маці Божай Чэнстахоўскай, што знаходзіцца ў вёсцы Рочавічы Стаўбцоўскага раёна.
У гэтым годзе хлопец стаў навучэнцам сельскагаспадарчага ліцэя і пачаў сваё знаёмства з Валожынам. Дагэтуль Дзмітрый бываў на валожынскай зямлі, але толькі ў Івянцы, калі прыязджаў на ўрокі рэлігіі ў парафію святога Аляксея.
Амаль кожныя выхадныя Дзмітрый ездзіць дадому, дзе ў нядзелю наведвае касцёл, але калі ёсць вольная хвіліна, прыходзіць і ў валожынскі касцёл. Падчас знаёмства з горадам і мясцінамі юнак наведаў валожынскую парафію святога Юзафа. Уражанне выклікаў не толькі архітэктурны дызайн касцёла, але і мастацкае афармленне і матэрыяльная насычанасць святыні. Ён таксама пазнаёміўся з гістарычнай часткай як самога касцёла, так і горада. Дзякуючы падрабязнаму экскурсу ксяндза-доктара парафіі святога Юзафа Генрыха Акалатовіча, з якім Дзмітрый пазнаёміўся ў верасні, юнак папоўніў веды ў рэлігійным і грамадскім жыцці. Як аказалася, у ксяндза і хлопца шмат агульных знаёмых з розных куточкаў краіны. Святар падтрымаў ідэю юнака і заўсёды гатовы яго выслухаць, дапамагчы ў вырашэнні розных пытанняў.
– Скажы, калі ласка, як ты вырашыў, што будзеш вучыцца менавіта на ксяндза?
– Гэта было недзе год таму. Натхніўшыся работай святароў сваёй парафіі, мне стала вельмі цікава рухацца ў гэтым кірунку. Касцёл наведваю з дзяцінства, зараз міністрант, раней хадзіў на ўрокі рэлігіі. Служэнне пану Богу – вельмі адказная справа, і зараз я рыхтуюся да таго, каб у будучым стаць сапраўдным святаром. Планую паступаць у міждыяцэзіянальную вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне. Спадзяюся на Бога, але і сам прыкладаю намаганні для паспяховай здачы іспытаў і паступлення.
– Як твае родныя ставяцца да такога рашэння?
– Бацька, калі даведаўся пра маю мару, ледзь не заплакаў! Кажа, каб я добра падумаў над такім сур’ёзным пытаннем. Спадзяюся, мы знойдзем з ім агульную мову. Ну а мама мяне падтрымлівае, хвалюецца толькі, што дапамогі стане менш, калі змяню месца жыхарства, але я думаю наадварот. Я стану бліжэй да Бога і змагу знайсці больш рацыянальнае вырашэнне розным пытанням. Канешне, не ўсе равеснікі падзяляюць мой пункт гледжання, але я шчаслівы, што сябры мяне падтрымліваюць. Некаторыя нават раілі адразу забраць дакументы з ліцэя і спрабаваць уладкавацца ў семінарыю, але я лічу, што трэба ўсё рабіць паступова.
– Якія праблемы ты бачыш у сучасным грамадстве?
– Вельмі шмат людзей, якія знаходзяць сабе нейкую “квазірэлігію”, а не наведваюць сапраўдную. Людзі ўсё больш і больш аддаляюцца ад касцёла, іх больш цікавяць нейкія зямныя падзеі, чым духоўныя святы. Я лічу, што моладзь першая павінна звярнуць увагу на Дом Бога, бо менавіта яны будуць выхоўваць падрастаючае пакаленне нашай краіны.
– Як твае поспехі ў вучэбнай дзейнасці? Ці хапае часу на вучобу і рэлігію?
– На Бога час ёсць заўжды! За любую работу я бяруся з малітвай, не толькі за вучобу. Хрыстос дапамагае кожнаму чалавеку ў любой справе, калі яна не супярэчыць запаведзям Божым. У ліцэі мне не вельмі падабаюцца фізкультура, асновы эканомікі, ахова працы, а такі прадмет, як сельскагаспадарчыя машыны, вельмі даспадобы. У нас добры выкладчык – Іван Іосіфавіч Маршалок, у яго на лекцыях ніколі не бывае сумна. Таксама выдатны куратар Аляксандар Віктаравіч Міхасенка, які дапамагае і падтрымлівае. Па вечарах у нас дыскатэка, але я не люблю такія забавы, звычайна адпачываю, калі адзін. Ёсць магчымасць нешта пачытаць, напрыклад, паэзію. Больш падабаецца беларуская літаратура, той жа Купала ці Колас. Гэтыя аўтары – сапраўдны скарб для нашага народа.
– Якімі якасцямі павінен валодаць ксёндз?
– Ну, вядома, што святар – гэта чалавек адкрыты сэрцам і душой людзям, і вось самае галоўнае – не нашкодзіць словам чалавеку, які прыходзіць да цябе. Меня заўжды ўражвала тая ахвяра, якую прынеслі ксяндзы валожынскай зямлі – Герман і Ахілес. Здаецца, гісторыя іх подзвігу не можа пакінуць абыякавым нікога. Самаахвяраванне – самая галоўная рыса, якой павінен валодаць святар. Як многія святыя ахвяравалі сябе дзеля веры, так і ксёндз кожны дзень аддае сваю малітву за ўсіх грэшнікаў і парафіян.
– Ці падабаецца табе Валожын?
– Валожын маленькі, але ўтульны горад. Тут шмат цікавых мясцін і прыгожыя краявіды, але мне больш даспадобы родная вёска, родная зямля. Я ў любым выпадку вярнуся на сваю радзіму, незалежна ад таго, кім я там буду працаваць, галоўнае, каб мая работа прыносіла карысць землякам і краіне.
– Чым ты займаешся ў паўсядзённым жыцці, як бавіш час?
– Стараюся развівацца ў розных кірунках, лічу, што трэба быць усебакова развітым чалавекам. Займаюся творчасцю і вяду свой канал у сацыяльных сетках. Я нават думаў стаць блогерам, але разумею, што гэта супярэчыць маёй мары стаць ксяндзом. Усё ж такі свецкае і духоўнае жыццё – розныя рэчы. Мне таксама падабаецца вывучаць камп’ютар. Нядаўна перастаў працаваць ноўтбук, і я вось спрабую дазнацца, у чым справа, з дапамогай сябра, канешне, які разбіраецца ў электроніцы.
– З якімі словамі ты мог бы сёння звярнуцца да равеснікаў і ўвогуле да грамадства?
– Я, напэўна, зноў жа сказаў бы пра адданасць Богу, яго любоў. Многія думаюць, што гэта міфы альбо выдумкі нейкіх “бедуінаў” – як кажа мой сусед у інтэрнаце, але хацелася, каб людзі верылі і давяралі Богу. Звычайна мы звяртаемся да Усявышняга ,калі ў нас адбываецца нейкае здарэнне, але звяртацца трэба кожны дзень і дзякаваць нават за гэтыя здарэнні, таму што чалавек вучыцца менавіта на сваіх памылках.
Гутарыў
Аляксей ГЕРМАН