Настаўніцкае дрэва Наталлі ІВАНКЕВІЧ з аграгарадка Вішнева бярэ свой пачатак з XIX стагоддзя і налічвае 153 гады.
Дом-музей
Мы размаўляем з захавальніцай сямейнага “архіва” ў доме яе прадзеда Пятра Ігнацьевіча Асіповіча.
Дом пачынаў будавацца ў 1870-х гадах. У ім мала што змянілася за паўтары сотні гадоў: сядзіба перадаецца патомкам з пакалення ў пакаленне. Цяпер тут жыве з сям’ёй сама Наталля Яўстаф’еўна і свята захоўвае не толькі памяць пра сваіх продкаў, але іх рэчы, фотаздымкі. І яго ўжо без перабольшвання можна назваць домам-музеем.
– Аднойчы прачытала такія словы Васіля Бялова, – апярэджваючы маё пытанне, расказвае гаспадыня. – “Родны дом як быццам скардзіцца і просіць рамонту. Але я ведаю, што рамонт быў бы гібеллю для дома: нельга тармасіць старыя, задубелыя косці. Усё тут зраслося і змацавалася ў адно цэлае, лепш не чапаць гэтых бярвёнаў, якія зрадніліся, не выпрабоўваць іх правераную часам вернасць адзін аднаму”. Ведаеце, некаторыя могуць сказаць: маўляў, усё захламлена. Але ж усе мы такія розныя – не падобныя адзін на аднаго, а каб былі аднолькавыя, не было б ні гісторыі, ні літаратуры, ні музыкі, ні памяці. Мне вельмі дарагі гэты дом – тут нарадзіліся шэсць пакаленняў, і я баюся яго рухаць: ён усё помніць, але шкада, што расказаць сам нічога не можа.
Пётр Ігнацьевіч Асіповіч
Роданачальнік настаўніцкай дынастыі Пётр Ігнацьевіч Асіповіч скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. 1 кастрычніка 1869 года прыехаў працаваць настаўнікам у Вішнеўскае народнае вучылішча, каб верай і праўдай служыць Айчыне, цару і сваім вучням. 25 гадоў аддаў няпростай рабоце. Быў прыкладным бацькам, сем’янінам і проста сумленным чалавекам. Насіў высокае званне – патомны Ганаровы Грамадзянін.
За ўзорнае выкананне абавязкаў быў ўзнагароджаны сярэбраным медалём, на адным баку якога – выява цара Мікалая II, на другім – лаўровы ліст з надпісам “За стараннасць”. А на 25-годдзе настаўніцкай дзейнасці яму падарылі Казанскую ікону Божай Маці з надпісам: “Настаўніку Вішнеўскага народнага вучылішча Пятру Ігнацьевічу Асіповічу ў дзень 25-годдзя яго службы. 10 кастрычніка 1869-1894 гадоў ад святара, ксяндза, прыхільнікаў і вучняў”.
У 1878 годзе ажаніўся з дзяўчынай-сіратой Ганнай. У іх нарадзіліся пяцёра дзяцей – чатыры дачкі і сын. Адна дачка, Зінаіда, пайшла па бацькавых сцежках.
Зінаіда Пятроўна Асіповіч
Дачка Пятра Асіповіча Зінаіда вельмі любіла чытаць, крыху сама складала вершы, добра іграла на раялі. Пасля заканчэння гімназіі паступіла на настаўніцкія курсы. Працавала настаўніцай у школах Ашмянскага павета. Гэта была вельмі незалежная, ганаровая, наравістая дзяўчына. Шмат маладых людзей заляцалася да яе. Але па сэрцы яна так нікога і не выбрала – засталася адна.
З. П. Асіповіч была вельмі граматная. Да яе заўсёды ішлі людзі, калі патрэбна было складаць якія-небудзь прашэнні, дакументы.
Міхаіл Данілавіч Іванкевіч
Міхаіл Іванкевіч – зяць Пятра Асіповіча. Нарадзіўся ў мястэчку Лебедзева Маладзечанскага раёна ў сям’і селяніна. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю ў 1894 годзе, дзе прайшоў падрыхтоўку па такіх прадметах, як Закон Божы, педагогіка, руская і царкоўнаславянская мовы, матэматыка, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, чыстапісанне, маляванне і чарчэнне, практычныя заняткі ў выкладанні, таксама з семінарыстамі праводзіліся заняткі па гімнастыцы, спевах і рамёствах. Паспяхова скончыўшы семінарыю, Міхаіл Іванкевіч атрымаў званне настаўніка пачатковага вучылішча і быў накіраваны настаўнікам у народнае вучылішча ў Трабы. Настаўніцкай працы ў розных школах прысвяціў 37 гадоў, а з 1939 да 1943 года выкладаў беларускую мову ў Вішнеўскай сямігадовай школе і адначасова з’яўляўся завучам гэтай школы.
Добра ведаў стараславянскую мову, удзельнічаў у царкоўных службах, кіраваў хорам. Быў строгі, сумленны, прамалінейны, не любіў няпраўды, рабскага пакланення. Чалавек “асаблівай пароды”, якая адчувалася ў постаці: прамой спіне, ганарова ўзнятай галаве, дастойным позірку.
У свой час Міхаіл Данілавіч Іванкевіч быў вельмі вядомым настаўнікам Яго імя ўзгадваецца ў энцыклапедыі гісторыі Беларусі ў раздзеле “Маладзечанская семінарыя”.
Па рабоце пазнаёўміўся з дачкой Асіповіча Зінаідай, а тая звяла яго са сваёй сястрой Наталляй, якая ў далейшым стала жонкай. Разам выгадавалі чацвёра дзяцей – сына і тры дачкі. Старэйшая Зінаіда стала настаўніцай.
Зінаіда Міхайлаўна Корсак (Іванкевіч)
Калі сям’я жыла ў горадзе Белеў Тульскай вобласці, Зіна вучылася там у гімназіі. У 1920-1921 гадах двойчы разам з бацькам, як настаўнікі беларускай школы ў Мароськах, займалася на Беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні. Пасля працавала настаўніцай у Маладзечанскай воласці: вёсках Лебедзева, Мароські, Капачы.
Дачка Зінаіды Міхайлаўны Любоў выкладае ў Мінскім ліцэі мастацтваў. Сын Канстанцін – настаўнік Лебедзеўскай сярэдняй школы. Яго дачка Ганна працуе настаўніцай у Мароськаўскай школе, а дачка Ганны Алена – настаўніца замежнай мовы ў школе № 11 г. Маладзечна.
Наталля Яўстаф’еўна Іванкевіч
– Аб тым, што буду настаўніцай, ведала яшчэ ў 7 класе. Памятаю, паехала летам пагасцяваць да сваякоў у Гародзькі. У іх дома была вялікая бібліятэка. Дзядзечка прапанаваў выбраць сабе на памяць якую-небудзь кнігу. Перабрала некалькі паліц і спынілася на кнізе Н. Шэр “Яна мне спатрэбіцца ў рабоце”. І, сапраўды, яна мне спатрэбілася і патрэбная да гэтай пары.
Таксама мой дзядуля, Міхаіл Данілавіч Іванкевіч, вельмі хацеў, каб я стала настаўніцай славеснасці. З дзяцінства прывіваў любоў да літаратуры: у пяць гадоў ведала на памяць верш Міхаіла Лермантава “Паветраны карабель”. Калі пайшла ў пачатковую школу, шмат дапамагаў у вучобе. Для мяне было вялікай пахвалой, калі, атрымаўшы добрыя адзнакі, праходзіла міма матулі, бацькі, ішла да дзядулі і трымала перад ім “справаздачу”. А вечарам мы збіраліся за сямейным сталом, і ён казаў: “Віншую! Ваша дачка сёння атрымала дзве пяцёркі”. Гэта з’яўлялася стымулам вучыцца як мага лепш, каб насіць пяцёркі для дзядулі.
Вось так і паступіла на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Першыя тры гады адпрацавала ў Віцебскай вобласці, а ў 1977 годзе вярнулася ў Вішнева – у сваю школу, дзе прарабіла настаўніцай рускай мовы і літаратуры да выхаду на заслужаны адпачынак.
Справу працягваюць мая дачка Алена, сын Аляксандр, дзве нявесткі – Вольга і Алена. Дарэчы, Алена – мая вучаніца, скончыла таксама ж філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Сёлета ў Мінскі педуніверсітэт паступіла ўнучка Софія.
З вялікім гонарам гавару: благаславенне на веру і жыццё, атрыманае маім прадзедам у 1894 годзе, збылося – нашаму настаўніцкаму дрэву больш за 150 гадоў.
Алена ЗАЛЕСКАЯ