Интервью

Любоў да вопытаў і эксперыментаў нясу ўсё жыццё

Па выніках работы за мінулы год настаўніца хіміі сярэдняй школы № 2 райцэнтра Таццяна Халявінская прызнана лепшым работнікам адукацыі і занесена на раённую Дошку гонару. А на сёлетняй жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі атрымала самую высокую для педагога ўзнагароду – нагрудны знак Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”.

Як адзначылі ва ўпраўленні па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, Таццяна Вячаславаўна Халявінская стала першай уладальніцай такога звання ў вялікай настаўніцкай сям’і раёна пасля амаль 20-гадовага перапынку. Сёння яна – наша суразмоўца.

– Таццяна Вячаславаўна, давайце ўзгадаем той час, калі вызначаўся выбар будучай прафесіі.

– З дзяцінства хацела стаць інжынерам і ўсё ўкладвала ў тое, каб працаваць з машынамі. Але была першая няўдача пасля школы – трошачкі не хапіла балаў, каб ажыццявіць мару. Пайшла працаваць старшай піянерважатай у сваю родную Ракаўскую школу. Год работы з дзеткамі паказаў, што я магу, і ўсе педагогі, якія спачатку мяне вучылі, а пасля акружылі клопатам і ўвагай, і, безумоўна, мая любімая матуля Ларыса Уладзіміраўна падказалі: маё прызванне – не работа з халоднымі аўтаматамі, а з гарачымі сэрцамі дзяцей. Вось так і паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

– Чаму выбралі менавіта хімію?

– У кожнага ёсць любімы настаўнік. Такім настаўнікам для мяне была Элеанора Рыгораўна Крук – на жаль, яе ўжо няма побач. Яна засталася для мяне педагогам ад Бога. Вельмі душэўная, мілая, добрая. Была маім класным кіраўніком, многаму навучыла як настаўнік і, напэўна, яшчэ больш як чалавек. Шмат дала для будучай прафесіі і настаўніца фізікі Ганна Каспераўна Янушкевіч, сяброўствам з якой вельмі даражу.

– Што ж Вас прывабіла ў гэтым прадмеце?

– О!.. Хімія – цікавая навука: мне падабалася ўсё змешваць, каб было прыгожа, каб магла здзівіць сваіх аднакласнікаў (а рабіла гэта перыядычна). І вось любоў да вопытаў, эксперыментаў нясу ўсё жыццё.

– Напэўна, гэтым і зараджаеце сваіх вучняў?

– Мабыць, так. У нас шмат даследчых работ, мы дасягнулі высокіх узроўняў – ад раённага да міжнароднага: няхай інтэрнэт-конкурсы, але яны дастойныя.

– Якія тэмы запатрабаваныя рабятамі?

– Дзецям цікава ўсё, што эфектна, відовішчна. Безумоўна, пасля ставім эксперыменты, і яны бачаць, што гэта дастаткова складана, што трэба шмат чытаць, шмат ведаць – не толькі тэорыю, але і практычна. Трэба многаму навучыцца, каб мець нейкі вынік. Таму разам чытаем старыя кнігі і знаходзім нешта такое, што актуальна і сёння. Зараз і зялёная хімія запатрабавана, і хімія лекавых прэпаратаў.

Два апошнія гады працавала над стварэннем модуляў на Нацыянальны адукацыйны партал. Усяго падрыхтавала 7 модуляў на рускай мове і 8 – на беларускай. Імі могуць карыстацца як педагогі, так і вучні з усёй рэспублікі – гэта відэапрэзентацыі на 15 хвілін з запісаным голасам настаўніка. Я працавала над урокамі 8 класа. У іх вельмі многа дадатковай інфармацыі, ёсць цікавыя заданні.

– Штосьці новае для сябе адкрылі?

– Асабіста для мяне гэта абсалютна новы кірунак, і было цікава над ім працаваць. Было складана – са слязамі, з бяссоннымі начамі – гадзіну-дзве паспіш, адпачнеш і далей за работу, надаралася, што хацелася ўсё проста закінуць і забыцца. Пры гэтым трэба было весці ўрокі, праводзіць класныя гадзіны як класнаму кіраўніку. Але стала добра валодаць камп’ютарам: калі раней проста набірала тэкст, нешта рыхтавала, то цяпер многаму навучылася – у тым ліку дзякуючы і нашаму дырэктару Аляксандру Мікалаевічу Уланчыку, які як інфарматык шмат дапамагаў, вучыў, тлумачыў, а я спрабавала ўсё “ўвасобіць у жыццё”.

Аляксандр УЛАНЧЫК

– Высокі педагагічны эфект урокаў Таццяны Вячаславаўны Халявінскай дасягаецца дзякуючы цікавай пабудове ўрокаў, стварэнню атмасферы сумеснай творчасці. Вялікую ўвагу настаўніца надае актывізацыі разумовай дзейнасці вучняў, даследчай дзейнасці па сваім прадмеце, прымяненні асобасна-арыентаванага навучання. За апошнія гады яе вучні ўзнагароджаны дыпломамі абласнога конкурсу даследчых работ, дыстанцыйнай алімпіяды, другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце “Хімія”, дыпломам пераможцы I хімічнай інтэрнэт-алімпіяды 2021 сярод вучняў 9 класаў. Свой вопыт таленавіты педагог неаднаразова прадстаўляла на старонках навукова-педагагічных метадычных выданняў “Народная асвета”, “Біялогія і хімія”. З’яўляецца членам абласной творчай групы настаўнікаў хіміі, а таксама педагогаў, якія распрацоўваюць вучэбныя курсы для адзінага інфармацыйна-адукацыйнага працэсу.


Аляксандр УЛАНЧЫК,
дырэктар сярэдняй школы № 2
г. Валожына

– Ці ёсць “зорачкі”, якія зацікавіліся хіміяй?

– За гады маёй працы – няхай гэта будуць не “зорачкі”, а проста звычайныя вучні, але яны сталі харошымі ўрачамі, дырэктарамі, настаўнікамі, навуковымі супрацоўнікамі. Маё імя як настаўніка цесна звязана з вучнямі, якія працавалі са мной як будучыя хімікі. Андрэй Хацяновіч, які першым скончыў хімфак. Маю справу працягнула Таццяна Лябёдка, што зараз выкладае хімію ў гімназіі. А на станцыі абезжалезвання кіраўніком працуе таксама чалавек, улюбёны ў хімію, – Вольга Жукоўская. Мая перамога – Вікторыя Чэрнік, якая ў свой час стала ўладальніцай дыпломаў 2-й і 3-й ступеняў на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па хіміі. Стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адораных вучняў – іх 7 чалавек: адна вучаніца, Марыя Борыс, была двойчы намінавана – з ёй з’ездзілі ў Маскву на міжнародны конкурс і атрымалі ганаровы дыплом; Канстанцін Лівановіч на рэспубліканскай алімпіядзе атрымаў дыплом 3-й ступені, зараз супрацоўнік Акадэміі навук – з ім часта кансультуюся, калі штосьці трэба да эксперымента і не магу гэтага зрабіць; Ірына Макей, Хрысціна Віршыч, Уладзіслаў Селятыцкі, Кацярына Петрычэнка, Анастасія Стэльмах. Разам рыхтаваліся да алімпіяд, праводзілі навуковыя даследаванні.

– Падтрымліваеце з імі адносіны?

– З некаторымі ў нас не проста зносіны, як у настаўніка з вучнем, я ў іх – як старэйшая сяброўка. А ў сваёй вучаніцы Раісы Загнетавай хрысціла дачку Настачку – ёй таксама ганаруся, зараз вучу меншую Машачку.

– А сёння ці ёсць будучыя Мендзялеевы?

– Зусім нядаўна вучань 10 класа Канстанцін Жук пабываў у Нацыянальным тэхнапарку. У мінулым навучальным годзе атрымаў дыплом 2-й ступені на I хімічнай дыстанцыйнай алімпіядзе, якая праводзілася ў рэспубліцы ўпершыню, і пасля яго запрасілі да ўдзелу ў адборачным туры.

– Як Вы лічыце, якім павінен быць педагог: толькі прафесіяналам? Ці ў яго павінна быць душа і нейкая нябачная сувязная ніць паміж ім і вучнем?

– Пагаджуся. Як гавораць: урач павінен прыйсці з цёплымі рукамі, а ў настаўніка павінны быць цёплае сэрца і агеньчык у вачах.

– Вы – строгі педагог?

– Стараюся быць і строгай, і справядлівай, дзесьці даць невялікую слабінку, разумеючы, што, можа, мой прадмет у будучым і не спатрэбіцца. Заўсёды гавару: калі штосьці не дам па сваім прадмеце – паўбяды, а калі не змагу дапамагчы ў жыцці – будзе мая бяда, бо нечага не дадала як чалавек.

– Скажыце, калі ласка, ці магчыма ў наш час прывіць моладзі любоў да прафесіі педагога?

– Вучням, якія стаяць на парозе дарослага жыцця, прапаную паглядзець старыя фільмы, пачытаць хаця б маленькі аповед пра настаўніка, каб зразумелі, што гэта не толькі настаўнік, які стаіць за сталом. Гэта карпатлівая, цяжкая праца. Маё педагагічнае крэда: вучачыся сама, вучу іншых.

– Кожную раніцу Вы ідзяце ў сваю любімую другую школу. Кажуць так: трэба ісці на работу з радасцю, а з работы – з гонарам. Што прыносіць Вам штодзённая работа?

– Дзецьсі – радасць, дзесьці – расчараванне: у канцы рабочага дня спрабую прааналізаваць, што было харошае. Можа, лішні раз на каго голас павысіла – успрымаю гэта досыць хваравіта. Стараюся ўсё зрабіць як належыць – я ж настаўнік.

– Ваш педагагічны вопыт, штодзённая выніковая праца заўважаны на самых высокіх узроўнях: у скарбонцы дасягненняў – чатыры Ганаровыя граматы міністэрства, падзяка міністра адукацыі, шмат узнагарод ад вобласці і раёна. І вось самая важная для педагога ўзнагарода – нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”. Як ставіцеся да такой высокай адзнакі?

– Безумоўна, прыемна, што заўважаецца і ацэньваецца мая работа і работа маіх вучняў – без іх я нішто. Вялікі дзякуй упраўленню па адукацыі і адміністрацыі школы. Гэта ўжо не толькі правінцыяльная вядомасць – вялікі гонар і разам з тым вялікая адказнасць.

– Што б пажадалі ўсім настаўнікам?

– Тым, хто стаіць у пачатку працоўнага шляху, пажадаю цярпення, каб у клас заходзілі, пакінуўшы ўсе свае праблемы за дзвярамі. Мы ж, як артысты: што б не здарылася, а да дзяцей ты павінен прыйсці са светлым розумам. А калегам жадаю здароўя, вытрымкі, паболей агеньчыка ў вачах, дабрабыту ў сем’ях і радавацца кожнаму пражытаму дню.

Маім дэвізам па жыцці служаць словы паэта, грамадзяніна, чалавека неверагоднай мужнасці Мусы Джаліля:

“Пускай во всем, что совершаешь ты, проступит след душевной чистоты. Ведь сила не во внешности твоей, а только в человечности твоей”. Таму заўсёды жадаю чалавечнасці да нас і чалавечнасці ад нас.
Таццяна ХАЛЯВІНСКАЯ

Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ