Вольга Станіславаўна Нядзвецкая аддала Івянецкай кандытарскай фабрыцы сорак чатыры гады. Прыйшла ў сямнаццаць, учарашняй школьніцай. Нічога не ведала і не ўмела. А пайшла ў шэсцьдзясят адзін – вялікім прафесіяналам, заслужаным ветэранам працы, паважаным чалавекам на вытворчасці і ў самім гарпасёлку. З гэтым прадпрыемствам звязана працоўная дзейнасць яе мужа, сястры, тут пачыналі сын, зяць, сёння справу працягвае дачка – вядучы інжынер па сістэмах якасці і бяспецы прадукцыі Вераніка Чмірова. Фабрыка стала другім домам: дала пуцёўку ў жыццё, вызначыла лёс, дапамагла адбыцца ў прафесіі.
Нарадзілася і вырасла В. С. Нядзвецкая ў невялічкай вёсачцы Каралеўшчына, што ў чатырох кіламетрах ад Івянца. Бацькі былі звычайныя вясковыя людзі: бацька прайшоў франтавымі дарогамі, быў паранены. У мірны час працаваў даглядчыкам жывёлы на ферме. Маці хадзіла ў паляводчую брыгаду. У сям’і гадаваліся тры дачкі. Разам жыла бабуля. Трымалі вялікую гаспадарку: працавалі ўсе – дзеці выконвалі пасільную для іх работу. А калі крыху падраслі, падмянялі бацьку на ферме. Разам з матуляй палолі на калгасных палетках моркву, буракі. Таму ў старэйшым школьным узросце ўмелі садзіць і капаць бульбу, даіць карову, ірваць лён, жаць жыта, вязаць снапы і складаць у копы.
– Бацькі вучылі нас паважаць старэйшых, сумленна працаваць, быць адказнымі. Яны часта гаварылі: “Чалавек павінен заўсёды спадзявацца на сябе, тады ў жыцці ў яго ўсё будзе добра атрымлівацца”. Так яно сапраўды і ёсць.
У школе вучылася добра, прымала ўдзел у алімпіядах па розных прадметах. Асабліва даваліся матэматыка, фізіка, чарчэнне, замежная мова, – распавядае Вольга Станіславаўна. – Восем класаў скончыла ў Таўканаўскай школе. Сярэднюю адукацыю атрымала ў Івянецкай школе. Але паступаць далей не магла, бо адна з сясцёр ужо вучылася ў Мінску. Я разумела: бацькам будзе вельмі цяжка вучыць нас дваіх. Якія тады заробкі былі ў саўгасе Маякоўскага? Людзям жылося нялёгка. Таму адразу пасля школы пайшла працаваць.
Накіравалася на завод мастацкай керамікі ў цэх вышыўкі, але пакуль ішла з вёскі ў Івянец – гэта дзесьці гадзіна шляху, у думках усё перабрала-ўзважыла і выбар спыніла на кансервавым заводзе. Дзяўчаты з нашай вёскі працавалі там: думаю, будзе добра разам хадзіць дадому з начных змен. Вось так пачаўся мой працоўны шлях даўжынёй амаль у чатыры з паловай дзесяцігоддзі на гэтым прадпрыемстве.
На той час на кансервавым заводзе меліся тры цэхі: кансервавы па перапрацоўцы агародніны, фруктаў, дзікарослых ягад і грыбоў, цэх безалкагольных напіткаў і карамельны. Мяне накіравалі на салодкую вытворчасць: на тэхналагічны працэс варкі і раздзелкі карамельнай масы. Брыгада складалася з чатырох чалавек: Ядвіга Канстанцінаўна Анісовіч варыла карамельную масу, Юзэфа Іосіфаўна Багушэвіч, Леанарда Іосіфаўна Галабурда і я яе раздзялялі. Усё было ўручную. На сёння мне самой цяжка ўявіць, што тады карамельную масу варылі ў вялікім чане на звычайнай пліце, якую палілі дровамі. Бывае, прыйдзеш на трэцюю змену, а дроў і няма нарыхтаваных. Вось брыгадай ідзём і носім бярэмямі.
Было нялёгка. Сама маса, пакуль варыцца, кіпіць, як вулкан, пасля гарачая выліваецца на стол і хутка застывае. Марудзіць нельга, бо замест маленькіх карамелек можа ўтварыцца куча браку. Вельмі ўдзячна сваім першым настаўніцам, якія адносіліся да мяне, як да роднай дачкі. Старалася іх не падвесці і з цягам часу асвоіла гэту прафесію.
У хуткім часе брыгаду расфаміравалі, а паколькі ў працоўнай кніжцы быў зроблены запіс «рознарабочая», мяне і накіроўвалі на розныя ўчасткі работы. Праз год паступіла на завочнае аддзяленне Маладзечанскага тэхналагічнага тэхнікума на факультэт «тэхналогія кансервавання». Калі была на трэцім курсе, прызначылі зменным мікрабіёлагам у кансервавы цэх. Але кола абавязкаў было намнога шырэйшым, чым пасада: даводзілася займацца не толькі мікрабіялагічным кантролем, але і арганалептыкай, калі візуальна трэба было глядзець, якой якасці паступае сыравіна, фізіка-хімічныя аналізы рабіць, сачыць за санітарным станам у цэху, весці запісы ў адпаведных журналах.
У кансервавым цэху выпускалі яблычны, бярозавы сокі, рабілі салянку са свежай і кіслай капусты, грыбы закатвалі, рассольнікі, варылі джэмы і павідла – прадукцыя ўпакоўвалася ў шкляную тару рознай ёмістасці і пастаўлялася па ўсёй краіне.
Напачатку 1977 года кансервавы цэх цалкам перапрафілявалі на кандытарскую вытворчасць і перайменавалі ў Івянецкую кандытарскую фабрыку. Паступова пачалася механізацыя тэхналагічных працэсаў, для чаго патрэбны былі спецыялісты. Будучы ўжо зменным майстрам, разам з іншымі работнікамі паехала на “Камунарку” вучыцца варыць на вакуум-апараце, механізаванай раздзелцы карамелі і загортваць цукеркі на загортачнай машыне. Там, дзе быў кансервавы цэх, пачалі выпускаць мяккія цукеркі “Кароўка” – наш івянецкі брэнд, “Сметанковую памадку”, цукеркі “Старт”, казінакі. Прадукцыя настолькі карысталася попытам, што адразу з канвеера грузілася на машыны.
З цягам часу я стала начальнікам цэха. Выкананне плана, якасць прадукцыі, захаванне правілаў асабістай гігіены і вытворчай санітарыі, строгая эканомія сыравіны, энергіі, водных рэсурсаў, дысцыпліна, парадак – усё гэта было на першым месцы. Аднак самым асноўным капіталам былі людзі: без іх сумленных, адказных адносін да работы ніякая вытворчасць не будзе на плаву. Бывае, зойдзеш у цэх, а там – гудзенне, як у вуллі, і яны ўсе, як пчолкі, працуюць. І разам мы добра спраўляліся: хтосьці пачаў прыводзіць на фабрыку сваіх дзяцей, стварыліся сямейныя дынастыі Шугаевых, Нядзвецкіх, Ахрэм, Рошчынскіх. І сёння працуюць Дзмітрый Шугаеў, Сяргей Паўхлеб, Вольга Галубовіч, Святлана Германовіч – калісьці маладая гвардыя ўжо сама дзеліцца вопытам. Прыемна, што яны засталіся адданымі роднаму прадпрыемству ва ўсе часы.
Добрым словам хочацца ўзгадаць майстроў і брыгадзіраў Г. М. Рыдзеўскую, Л. І. Волчак, В. В. Марковіч, Н. У. Жылкевіч, І. В. Варапай, Я. Э. Мармыш, Л. А. Карніцкую, Н. Ю. Шукевіч, А. І. Савіцкую, інжынера-хіміка С. Ф. Трацэўскую. Мы былі як адно цэлае – працавалі вялікай дружнай сям’ёй, падтрымлівалі адзін аднаго ва ўсім, стараліся не падводзіць.
Усялякае бывала – у тэхналагічным працэсе задзейнічаны жывыя людзі. Розныя сітуацыі надараліся, часам – і не зусім прыемныя. Але заўсёды ішла насустрач: нават калі чалавек і спатыкнуўся, старалася дапамагчы. Не штука, пакараць ці звольніць – з-за аднаго запісу ў працоўнай кніжцы можа ўсё пайсці наперакасяк у жыцці. Зараз іду па Івянцы – са мной усе вітаюцца: галовы не адварочваюць і на супрацьлеглы бок не пераходзяць. Значыць, не сорамна глядзець у вочы.
За дзесяцігоддзі не раз мянялася кіраўніцтва. Але касцяк заўсёды заставаўся. Больш за ўсё мне давялося працаваць з Леанідам Андрэевічам Вечарам. Вельмі мудрым, таленавітым і строгім кіраўніком: да яго можна было звярнуцца не толькі па рабочых пытаннях, але і па асабістых.
У першыя гады развалу Савецкага Саюза фабрыка цяжкасці не адчувала: адгрузка тавару ішла поўным ходам, быў пабудаваны новы карамельны цэх, адначасова ўзвяліся 20 катэджаў і 3 маладзёжныя інтэрнаты для работнікаў. Адкрыліся тры ведамасныя гандлёвыя кропкі – дзве ў Івянцы, адна ў Валожыне. У 1995-м пачаліся прастоі, але да канца 2000-га вытворчасць ізноў наладзілася. У калектыве налічвалася каля 300 работнікаў. Толькі на тэхналагічных лініях па вытворчасці цукерак было задзейнічана каля 160 чалавек, акрамя майстроў, кладаўшчыкоў, слесараў. Кожная лінія выпускала па 4 тоны цукерак за змену. Мы працавалі, як кажуць, 24/7: усе круціліся і ўсё круцілася. За гэты час фабрыка змяніла назву на “Івкан”, значна павялічыла асартымент прадукцыі, абнавіла абсталяванне. У 2011 годзе атрымала сярэбраны медаль на конкурсе “Лепшы прадукт года” ў Маскве.
Калі прадпрыемства перажывала нялёгкія часы, безумоўна ж, хвалявалася. Сустрэнемся з былымі калегамі, заўсёды пагаворым: што там чуваць на нашай цукеркавай? А я, як выйду дома на ганак, незнарок кіну вокам: ці дыміцца труба на вытворчасці? Бо раней казалі так: сэрцам фабрыкі з’яўляецца кацельня. Як убачу, што белаватыя клубы ідуць уверх, сама сабе падумаю: “Дзякуй Богу, дым ідзе – значыць, сэрца б’ецца. Фабрыка жыве, і там працуюць людзі”.
Алена Залеская