Калейдоскоп

Лес палюбіла ўсёй душой

Летам будзе два гады, як Наталля Арцюкевіч прыйшла на работу ў Валожынскі лясгас. Малады спецыяліст працуе майстрам лесу ў Румскім лясніцтве.

Навучальную ўстанову, у якой будзе атрымліваць прафесію для дарослага жыцця, выпускніца другой гарадской школы выбрала ўслед за сваёй сястрой, студэнткай Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Наталля свядома спынілася на факультэце тэхналогіі дрэваапрацоўчай вытворчасці, разважыўшы, што гэта галіна перспектыўная і запатрабаваная.

Але, як кажуць, тэорыя адно, а практыка – зусім іншае. І, патрапіўшы па размеркаванні на Бабруйскую мэблевую фабрыку, хутка зразумела: “Не маё”. Прыняла рашэнне вярнуцца на родную Валожыншчыну.

– Вырашыла ўладкавацца ў наш лясгас, – расказвае Наталля Арцюкевіч. – У мяне не было страху, што, маўляў, баюся лесу, дзікай жывёлы – я нават не думала пра гэта. Накіравалі ў Румскае лясніцтва майстрам лесу. Сачу за рубкамі лесу: прыязджаю разам з работнікамі на дзялянку і кантралюю, каб правільна было праведзена спілоўванне, захоўвалася тэхніка бяспекі, былі выкананы даведзеныя нормы, праводжу ўлік высечанай драўніны, тачкаванне (абмяранне аб’ёму лесаматэрыялаў). Далей, калі прыязджае МАЗ, павінна яго адгрузіць – накіраваць прадукцыю спажыўцу: ці прыватніку, ці да нас на ўчастак “Клім”, ці ў Багданава.

Наталля заўважае, што ўсе гэтыя прамудрасці прафесіі яна асвойвала менавіта на практыцы.
– Прыйшла ў лясную вытворчасць, па сутнасці, з нулявымі ведамі, бо нічога з таго, што вучыла ва ўніверсітэце, не спатрэбілася, – працягвае яна. – Работа зусім іншая. Першымі настаўнікамі сталі колішні ляснічы Мікалай Юр’евіч Рудовіч і два майстры лесу: Яўген Сяргеевіч Болвах і Павел Вячаслававіч Гурскі. Вельмі ім удзячна.

На пытанне, як працаваць маладой дзяўчыне са старэйшымі вопытнымі калегамі-мужчынамі, адказала:

– Выдатна. Мяне цёпла прынялі – у нас дружны калектыў: і падкажуць, і параяць, і падтрымаюць, і дапамогуць. А лес палюбіла ўсёй душой: свежае паветра, цішыня і ўвогуле сама прырода пазітыўна і, можна нават сказаць, гаюча ўздзейнічаюць, надаюць стваральнай энергіі, дапамагаюць захоўваць унутраны спакой. А ў наш мітуслівы час гэта вельмі важна.

Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА