Да юбілейнай даты – 105-годдзя з дня заснавання сацыяльнай службы – Граматай міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірыны Касцевіч адзначана праца сацыяльнага работніка тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алены Лявіцкай.
Алена Канстанцінаўна, нягледзячы на самы росквіт сіл, з’яўляецца адной са старэйшых работніц сацыяльнай сферы раёна: яе працоўны стаж у сістэме складае 25 гадоў. Так атрымалася, што 18-гадовай дзяўчынай ёй давялося даглядаць за ляжачай матуляй. Даччыны доўг аддала спаўна: многаму навучылася і стала дарослай не па гадах. Невыпадкова, калі матулі не стала, пайшла даглядаць састарэлых аднавяскоўцаў. І вось з тае пары бабулі і дзядулі не проста падапечныя, а блізкія людзі. Не па крыві, а па закліку душы.
– Безумоўна, напачатку хацелася б даведацца пра ўражанні ад высокага прызнання.
– Наколькі разумею, у першую чаргу так ацаніла работу маё непасрэднае кіраўніцтва. Я не зорка, а звычайны просты чалавек: не люблю нідзе высвечвацца і да сцэны ніколі не імкнуся – мне трэба, каб было ціха і спакойна. Таму хвалявалася, і досыць моцна – прадстаўляла ж усю Валожыншчыну. Баялася не падвесці свайго дырэктара Галіну Фадзееўну Рай, бо паважаю яе як кіраўніка і проста як чалавека, які заўсёды ішоў насустрач. Звярталася да яе за падтрымкай, калі дзяцей трэба было збіраць у школу, а сродкаў не хапала. Акрамя таго, што выдаткавала дзяржава як шматдзетнай сям’і, яшчэ атрымала матэрыяльную дапамогу ад нашага ўпраўлення.
– Тым не менш, гэта не першая Ваша ўзнагарода?
– Так, у 2009 годзе была адзначана з боку раённай улады, а да 100-годдзя сацыяльнай сферы атрымала Грамату ад Мінскага аблвыканкама.
– Давайце ўзгадаем той час, калі прыйшлі працаваць у сацыяльную службу?
– Пасля школы скончыла наш прафесійны каледж па спецыяльнасці “майстар сельскагаспадарчай вытворчасці”. У нашай вёсцы Кашчэлічы Гародзькаўскага сельсавета работы асабліва не было. І калі сацыяльны работнік, які дагэтуль абслугоўвала людзей, пераехала ў іншае месца, мне прапанавалі яе замяніць. Так з красавіка 1998 года тут і працую.
– Каго напачатку абслугоўвалі?
– Усе мае самыя першыя падапечныя – аднавяскоўцы: тры мужчыны і дзевяць жанчын, усім за 70. Ні ў якія іншыя населеныя пункты дабірацца не прыйшлося, і гэта дапамагло ў станаўленні прафесіі. Хадзіла да іх па графіку, выконвала самую звычайную для вёскі работу. Людзі тады былі мацнейшыя, ад зямлі не адракаліся: мелі соткі, грады – даводзілася і садзіць, і палоць, і капаць. Лекі з аптэкі дастаўляць, прадукты купляць. Зімой – дроў прынесці, печку прапаліць, вады нанасіць з калодзежа, снег расчысціць. Вось такія абавязкі. Ну і самае галоўнае – пагаварыць: з гэтага пачынаецца кожная сустрэча. Дзесьці яны мяне вучылі і расказвалі, як дагэтуль іх абслугоўвалі: старалася ісці насустрач, каб знайсці паразуменне, не пакрыўдзіць. Рабіла не толькі тое, што патрэбна, але і аб чым прасілі. І, дзякуй Богу, ніколі канфліктаў у нас не было.
Працяг артыкула чытайце ў нумары 2 газеты «Працоўная слава»