Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
***
На белым снезе белая дарога.
Ісці па ёй – не ўспамінаць благога,
Бо гэтая дарога, як дахаты…
А год прайшоў, і новы год
пачаты…
На белым снезе белая дарога.
Ісці па ёй, нібы ісці да Бога…
05.01.2014. На чацвёртым паверсе ў доме, што насупраць майго, гаспадары перад Новым годам упрыгожылі акно густой гірляндай, якая круглымі суткамі свеціцца, пераліваючыся, сінім святлом. І я гляджу на гэта акно, як на партал у іншы свет…
24.11.2016. Сёння тэлефанавалі ў асноўным пісьменнікі ў вельмі паважаным узросце. “Вас турбуе паэтэса Валянціна Пчолка. У мяне ў 1976 годзе ў вашым выдавецтве выходзіла кніжка вершаў для дзяцей. Мне 87-ы год. Хутка паміраць. Хачу выдаць новую кнігу, што напісалася за апошнія сорак гадоў”, – так пачала размову паэтка. Потым пачытала некалькі вершаў. Запомніўся радок: “Зайцы гуляюць у хакей у ноч пад Новы год”. Дамовіліся, што яна з дапамогай родных падрыхтуе рукапіс, і мы паглядзім, што там атрымалася. Пасля Пчолкі патэлефанаваў Іван Муравейка. Яму нядаўна споўнілася 95. Пасля размоў з Пчолкай і Муравейкам я з усмешкай падумаў: “А цяпер павінна патэлефанаваць Стракозка ці Мушка…” Не! Патэлефанаваў Анатоль Верабей і абяцаў да Новага года прынесці матэрыялы ў 15 том Уладзіміра Караткевіча.
01.01.2016. З Людмілай са старым годам развіталіся ў бабулі, а Новы год сустрэлі на Цэнтральным пляцы каля святочнай ялінкі. Людзей было чалавек 150-200. Калі было хвілін пятнаццаць Новага года, Дзед Мароз, які невядома адкуль з’явіўся, прапанаваў павадзіць карагод вакол ялінкі. Многія з радаснымі крыкамі кінуліся ўслед за ім. Я не пабег, бо за дзень з нашай Міёнай на Мухлі накарагодзіўся вакол сасонак. Яшчэ праз хвілін дзесяць народ паціху пачаў разыходзіцца з пляца. Пайшлі і мы. Каля Ратушы пафатаграфаваліся на вазку з коньмі. Спадзяёмся на новыя вандроўкі і ў новым годзе.
14.12.2016. На вуліцы хапае снегу, каб наляпіць цэлае войска снегавікоў. Уяўляеце? Паэт і яго снежныя салдаты. “І што ты будзеш з гэтым войскам рабіць?” – пытаешся сам у сябе. “Буду абараняць зіму ад цёплых вятроў!” – адказваеш. “І для чаго?” – “Каб на Новы год было снежна і марозна!” – “Дык пачынай ляпіць снежных салдатаў!” – “Лянота! Можа хто іншы злепіць!” Ніхто ў нашым двары нічога са снегу даўно не лепіць. Дзеці ўсе павырасталі. І няма каму бараніць зіму ад цёплых вятроў, акрамя цябе. І ты лепіш снегавіка, але не салдата, а паэта, які любіць белыя вершы і які закаханы ў прыгажуню, што праходзіла міма і ўсміхнулася.
25.12.2016. Амаль дзве гадзіны з Людмілай былі ў скульптара Івана Міско ў майстэрні. Гаварылі пра мастацтва, літаратуру і космас. Іван Якімавіч верыць, як і я, што мы ў сусвеце не адны. Пару гадоў таму мы з Людмілай пыталіся ў нашага земляка касманаўта Алега Навіцкага, ці бачыў ён іншапланецян. Ён адказаў, што касмічны карабель лётае над зямлёй усяго на адлегласці 400 кіламетраў, і тут, акрамя касмічнага смецця і спадарожнікаў, нічога больш няма. А далей? Навіцкі ўсміхнуўся і нічога не сказаў.
Успамінаючы продкаў, Іван Міско распавёў гісторыю пра свайго дзеда. Гэта было зімой. Будучы дзед Івана Якімавіча сабраўся ў сваты. Моладзь някепска выпіла перад дарогай. Селі ў сані і паехалі. Прыехалі. І тут сваты бачаць, што жаніха згубілі. Вярнуліся. Знайшлі. Дзеду ж было так сорамна ад таго, што яго згубілі, што ён расхацеў жаніцца. І калі б тады дзед Івана Якімавіча даехаў да нявесты, то сёння б мы не мелі народнага мастака Беларусі Івана Міско.
З Людмілай схадзілі ў гандлёвы цэнтр “Купалаўскі”, дзе праходзіць пераднавагодні кірмаш “З Беларускай Душой”. Я набыў Людміле падарунак на Новы год. Зайшлі ў Кафедральны сабор. Паставілі свечкі ў памяць маіх бацькі і маці. Прайшліся па Нямізе. На вуліцы шмат дзяцей. Дарослыя купляюць падарункі, а дзеці чакаюць Дзеда Мароза.
02.01.2017. На Мухлі азярына, зацягнутая лёдам, як сцэна, на якой на Новы год можна было паглядзець балет “Лебядзінае возера” ў выкананні чаек, што сюды прыляталі. Я ішоў на балет, але спазніўся. Па азярыне хадзілі сабакі і нюхалі сляды птушак, а па берагах стаялі сабачнікі, задаволеныя сабой і сабакамі. Над Мухляй роспачна ляталі чайкі, якім не далі да канца выканаць “Лебядзінае возера”. І ўжо другі дзень я час ад часу паглядаю на азярыну, як на сцэну, на якой ляжаць некалькі рудых пластыкавых пляшак, якія, магчыма, былі букетамі, калі чайкі пасля балета ўзляталі над Мухляй…
14.12.2017. Восеньскі карабель. Я плыву на ім. Каляровыя ветразі парваны вятрамі. Мачты-дрэвы чорныя і мокрыя. Цяпер я плыву праз ноч. Гляджу на зорку Венеру. Узгадваю Максіма Багдановіча. Ён недзе побач са мной на восеньскім караблі. Часам я чую яго крокі. У Паэта нядаўна быў дзень народзін. Ён быў у Траецкім прадмесці. Слухаў паэтаў, якія чыталі вершы. Слабаватыя вершы. Але Паэт усіх выслухаў да канца. І цяпер ён на восеньскім караблі плыве праз снежань у новы год. І я плыву. І я тут, на восеньскім караблі, не капітан. Я юнга, якому дазволена быць побач з Паэтамі-капітанамі, што на восеньскім караблі плывуць у вечнасць…
02.01.2017. З Новым годам павіншаваў сваякоў у Сокале, Ракаве, Пугачах, Лягезах, Крапіўніках і ў Татарах. Яны ў мяне цудоўныя. Тэлефоны сваякоў запісаны ў старым сшытку з вершамі. Кожны раз, тэлефануючы родным, спыняўся на тэлефоне бацькоў. Хацелася патэлефанаваць: “А можа падымуць слухаўку?”
20.11.2018. Кажуць, на гэты Новы год не будзе снегу. Раней, часам, на Новы год апельсінаў не было, а цяпер снегу можа не быць. Упершыню апельсіны трапілі ў мае рукі, калі мне было гадоў дванаццаць, а магчыма і болей. Не памятаю, бо нічым не ўразілі…
29.12.2018. Чатыры дні таму Людміла паставіла і прыбрала навагоднюю ялінку. Максім, Міёна, Северус і я толькі глядзелі. Ялінка, як заўсёды, атрымалася вельмі прыгожай. Поўна цацак і гірляндаў. У нас дома ў вёсцы ў маім дзяцінстве на навагоднюю ялінку кожны год чаплялі ўсё меней і меней купленых цацак. Ставілі ялінку, разбіралі, і цацкі біліся. Новых не было дзе купіць. І калі мне было гадоў дванаццаць, а сястры Валі адзінаццаць, мы пачалі самі рабіць цацкі на ялінку. Ляпілі з пластыліну і воску, выразалі з паперы гірлянды, сняжынкі. Калі мне было чатырнаццаць гадоў, дык мы перад Новым годам зрабілі хатнюю насценную газету. Я пісаў вершы і смяшынкі, а сястра з братам малявалі. Пачытаць нашу насценную газету прыходзілі не толькі нашы сябры і аднагодкі, а таксама дарослыя суседзі. І мне па сёння памятаецца наша святочная газета, нават адзін верш памятаю, але цытаваць яго не буду, бо ён мне, сённяшняму, не падабаецца.
10.12.2018. Непадалёку ад працы кожны год перад Новым годам ставіцца святочная ялінка. Зялёная. Праўда, штучная, але зялёная. Цяпер паставілі нейкую срэбную, і выгляд у яе, як у абгрызенай. Не ведаю, як яна будзе выглядаць, калі запаляць на ёй ілюмінацыю, але пакуль што мне яна не падабаецца. І ўсё ж добры настрой не павінен залежаць ад выгляду ялінкі, якую не ты ставіў. Таму няма чаго і крытыкаваць, а тым больш, што на Новы год усе ялінкі прыгожыя.
01.01.2018. Новы год з Людмілай і Максімам сустракалі ў кампаніі паэткі Ірыны Карэнінай, кампазітара Юрыя Блінова і музыкі Андрэя каля мінскай Ратушы. Без некалькіх хвілін да поўначы зазвінелі званы на касцёле і на царкве, а таксама на Ратушы. Святочным звонам напоўнілася ўсё навокал. Здавалася, што ты знаходзішся ў небе над горадам, над Беларуссю, над цэлым светам.
Андрэй (студэнт кансерваторыі) мінулай вясной вярнуўся з войска. Служыў у аркестры паўтара года. Мы гаварылі пра сваё, а Максім з Андрэем пра службу. Час ад часу каля нас праходзілі знаёмыя. Нехта нас заўважаў, а нехта не. Над горадам плыў навагодні туман і дым ад петардаў. А мы спявалі песні, чыталі вершы, танцавалі вакол святочнай ялінкі. А палове другой вырашылі схадзіць у майстэрню скульптара Івана Міско, які звычайна Новы год сустракае на працоўным месцы. Пайшлі. На жаль, святла ў вокнах майстэрні не было. Святло было ў нашых душах.
НАВАГОДНЯЯ КАЗКА ДЛЯ ЛЮДМІЛЫ
У сасоннік белы белая завея
Завяла нас хітра, замяла сляды.
Вогнішча гадую, нас яно сагрэе,
І сябе адчуеш, нібы дома, ты.
Да агню сініцы прыляцелі
грэцца
І табе паселі смела на плячук.
Ля мяне завея плача і смяецца,
Конаўку з гарбатай вырывае з рук.
І агонь танцуе, весялей сініцам.
Да святла жывога выйшлі з цемнаты
Бурыя мядзведзі, пачалі
дабрыцца,
Каб на сон ім казку расказала ты.
Нам падносяць мёду поўную калоду,
А ў тым мёдзе пчолы
сонечныя спяць.
Ты гаворыш казку пра
варкун-дрымоту,
І мядзведзі ціха пад
сасной ляжаць.
Адгудзе завея, далеч адымгліцца,
І на дрэвах белых зружавее лёд.
Вогнішча пакінем, грэйцеся,
сініцы,
І мядзведзям сонным – у калодзе мёд.
27.12.2019. Насыпалася снегу. Хочацца зляпіць снегавіка. Ніхто ў нашым двары не лепіць, і я не ляплю. Але, зажмурыўшыся, уяўляю поўны двор снегавікоў. Яны ходзяць ад пад’езда да пад’езда, і ўсіх, каго напаткаюць, віншуюць з надыходзячым Новым годам. А самы маленькі снегавічок стаіць на лаўцы. Ён, убачыўшы мяне з Міёнай, напачатку спужаўся, залез на лаўку, а потым, зразумеўшы, што мы не злыя, паспрабаваў злезці, ды не змог, бо высака. Мы падышлі з Міёнай да снегавічка і ссадзілі яго на зямлю. Удзячліва ўсміхнуўшыся, снегавічок пабег да суседняга пад’езда, дзе такія ж малыя, як і ён, дзеці гулялі ў снежкі.
29.12.2022. Калі да Новага года яшчэ было некалькі месяцаў, то чакаў яго, думаючы пра Новы год, каб ён прыйшоў хутчэй. А цяпер, калі да Новага года засталося пару дзён, дык і не хочацца, каб Новы год так хутка прыходзіў. І снег, які сёлета трымаецца за зямлю і асвятляе ўсё навокал, пакуль што не радуе, як некалі радаваў. Але жыццё працягваецца. І кожны новы дзень прыносіць свае радасці, а не толькі самоту. Галоўнае – трэба верыць, што ўсё будзе добра, і не спадзявацца на Дзеда Мароза, які жыве ў краіне дзяцінства, а самім рабіць усё магчымае, каб не толькі Новы год, а кожны дзень быў Святам і ў першую чаргу для тых, хто побач з табой…
З Новым годам!!!