Сёлетні год прынёс дырэктару Івянецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Святлане ЗАЙЛЯНКОВАЙ заслужаны поспех: яе праца адзначана Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама дыпломам фіналіста абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “За вернасць традыцыям і мудрасць рашэнняў” у намінацыі “Кіраўніцкая дзейнасць”. У 2021 годзе Святлана Міхайлаўна была названа “Чалавекам года Міншчыны” ў намінацыі “Сацыяльная сфера”. А па выніках работы за 2020 год – занесена на раённую Дошку гонару як лепшы работнік адукацыі. І гэта толькі апошнія дасягненні таленавітага педагога.
Усю сваю працоўную дзейнасць, ды і жыццё ўвогуле яна прысвяціла роднаму і дарагому сэрцу Івянцу. Прафесійнае стаўленне адбылося ў Івянецкім доме-інтэрнаце, дзе адпрацавала дваццаць гадоў, апошнія васемнаццаць дапамагае раскрываць творчыя здольнасці юнаму пакаленню.
– Святлана Міхайлаўна, можна сказаць, што 2023 год стаў як бы пачэсным вянцом усёй Вашай работы?
– Не ведаю, супадзенне гэта, ці не, але ў гэтым годзе спаўняецца сорак гадоў маёй педагагічнай дзейнасці. І вось – такія высокія ўзнагароды. Уражанні – невыказныя, нават і не чакала, што так ушануюць. Вельмі прыемна і радасна.
– Тым не менш, пагадзіцеся, кожны, хто працуе з вялікай адданасцю і душой, разлічвае, што яго старанне заўважаць?
– Сама па сабе я не публічны чалавек: саромеюся і адчуваю сябе некамфортна, калі мяне хваляць.
– Але ж узнагароды за Вамі, можна сказаць, наўздагон імчацца?
– Атрымліваецца, што так. Хаця інакш працаваць не ўмею.
– Акрамя стымула, гэта яшчэ і вялікая адказнасць?
– Безумоўна, таму і хвалююся: ці апраўдаю давер. У рабоце ж усялякае бывае.
– У абласным конкурсе прафесійнага майстэрства Вы таксама выйшлі ў фінал? Якія ўражанні засталіся?
– Пакуль рыхтавалася, давялося, як у кінастужцы, нанова перагледзець старонкі ўсёй сваёй працы. І шчыра прызнаюся: гартаючы іх, не заўважыла нічога такога, пра што можна было сказаць: ой, зараз бы зрабіла зусім інакш. Гады, калі працавала ў доме-інтэрнаце, і што цяпер у рабоце маю, – мне хацелася ўсяго гэтага. Вельмі падабалася з дзецьмі займацца творчасцю: рабіць выставы, арганізоўваць агульнашкольныя мерапрыемствы.
Адзін раз былы начальнік аддзела адукацыі Святлана Валер’еўна Глябовіч, прысутнічаючы на мерапрыемстве, якое мы падрыхтавалі да Дня інвалідаў, пацікавілася ў Фёдара Лазаравіча Гольдшмідта, які тады кіраваў Івянецкім домам-інтэрнатам: “Хто гэта прыдумаў, хто зрабіў?” Вось так нас звёў лёс: праз колькі месяцаў мне паступіла прапанова ўзначаліць Івянецкі дом творчасці дзяцей і моладзі, на што з радасцю пагадзілася. Шчаслівы збег абставін дапамог мне раскрыцца ва ўсю моц, бо да гэтага ляжала душа.
– Цікава даведацца: адкуль ці ад каго ў Вас такая творчасць?
– Мой бацька Міхаіл Нікіфаравіч Гатальскі пісаў вершы, шмат дзе друкаваўся – нават выпушчаны яго зборнік. Ён быў настолькі таленавіты, што самастойна навучыўся іграць на акардэоне. Любіў фатаграфаваць. Рамантаваў радыёлы, тэлевізары. Меў вялікае кола зносін і кола інтарэсаў. Напэўна, усё гэта перадалося і мне.
З самага дзяцінства наведвала танцавальны гурток, секцыі па валейболе, баскетболе, лёгкай атлетыцы. Пры гэтым мне хапала часу “на выдатна” вучыцца. А іншага выбару не было, бо бацькі не дазволілі б займацца нечым яшчэ. Сёння вельмі шкадую, што не аддалі мяне ў музычную школу – так не хапае гэтых ведаў у штодзённай рабоце. Дарэчы, “памылку” выправіла праз трох сыноў: кожны там вучыўся.
– З такіх разнастайных захапленняў што было бліжэй?
– Мой любімы занятак – наведванне танцавальнага гуртка, у які пачала хадзіць з другога класа. Тут мела поспех: у падлеткавым узросце выступалі з гастролямі ў Польшчы, Маскве. Невыпадкова пасля васьмі класаў паехала вучыцца ў Мінскае культасветвучылішча, дзе атрымала спецыяльнасць кіраўнік танцавальнага калектыву.
– Раскажыце, калі ласка, пра свае карані.
– Нарадзілася і вырасла ў Івянцы. Была магчымасць застацца ў сталіцы. Але яна не прыцягвае мяне. Стрыечны брат “спакусіў” уладкавацца выхавацелем у дзіцячы сад у Барысаве. Хутка зразумела: не маё. Таму вярнулася ў свой любімы гарпасёлак. Прыйшла на работу ў Дом піянераў, дырэктар накіравала весці гурткі ў дом-інтэрнат. Я запыталася: “Як Вы сабе ўяўляеце танцавальны гурток для дзяцей-інвалідаў?..” На што пачула: “А ўсе астатнія дзеці ўжо занятыя…” Так і пачаліся нашы заняткі на інвалідных калясках.
Фёдар Лазаравіч Гольдшмідт, напэўна, заўважыў маё старанне – прапанаваў працаваць бібліятэкарам. Адначасова даручыў займацца мастацкай самадзейнасцю з дарослымі: тады абавязкова раз у год праводзіліся конкурсы сярод працоўных калектываў. Пасля доўгі час працавала выхавальнікам, педагогам сацыяльным. А 1 ліпеня 2004 года вярнулася ў Дом піянераў, які перайменавалі ў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.
– Дык танцы на калясках – Ваша ноу-хау?
– Маё, бо да мяне ніхто гэтым не займаўся. Ды і ўвогуле, цяпер працаваць – сапраўднае задавальненне. У інтэрнэт зайшоў – знайшоў усё, што табе неабходна: падказкі на кожным кроку. А раней усё бралася толькі з галавы.
– Як жа Вы, зусім маладая, асмеліліся на такі складаны крок: дзеці ж асаблівыя?
– А я ставілася да іх як да здаровых дзяцей. Ім было са мной проста, бо ніхто не любіць, каб звярталі ўвагу на слабасці, шкадавалі. Пастаянна ім гаварыла: “Вы – нармальныя дзеці, толькі крышачку не такія, таму можаце развівацца як і ўсе”.
Сёння танцы на інвалідных калясках выйшлі з разраду “дзіва”. А тады мы доўга працавалі над нумарам разам з Дзмітрыем Геранімавічам Краскоўскім – таксама вельмі творчай, глыбокай асобай, з вялікім сэрцам.
– Калі прыйшлі працаваць у цэнтр творчасці, можна сказаць, што крылы ўвогуле выпраставаліся – гэта Ваш шлях? З чаго пачыналі?
– Раней можна было прыцягваць да гуртковай работы людзей без спецыяльнай адукацыі – творчых, якія ўмелі сваімі рукамі, унутраным станам тварыць. Ведаючы кожнага ў Івянцы – хто на што здатны, запрашала іх майстраваць: навучаць дзяцей нечаму практычнаму. Што асабліва зацікавіла – наша івянецкая кераміка. Мой прадзед Міхаіл Падліпскі быў вялікім майстрам па вырабе керамічнай пліткі для печаў і стаў родапачынальнікам ганчарства ў мястэчку. Аб гэтым часта расказвала бабуля – як ён любіў сваю справу, як захапляўся ёй. Мне захацелася, каб івянецкія дзеці зразумелі значнасць ганчарства, і запрасіла Уладзіміра Пятровіча Скрыпку пазнаёміць з таямніцамі звычайнай гліны.
А што тады мы мелі – два невялікія пакоі ў былой музычнай школе, дзе разам месцілася і дзіцячая бібліятэка. Размаху для дзейнасці не ставала, таму гурткі вяліся на базе школ. Ажывіла сваё танцавальнае мастацтва – прасілася ў культработнікаў, каб дазволілі займацца з дзецьмі ў іх будынку. Ну і як дарвалася да любімай справы, то ў пастаноўцы ўдзельнічалі 42 чалавекі – не менш!
Рэпеціравалі па групках, пасля рабілі зводныя прагоны. Безумоўна ж, гэта вялікая праца, але такое жаданне мела, што сама касцюмы шыла – без іх жа не выкажаш тое, што хочаш. Заўсёды гавару: “Галота вынаходліва”. Умудралася недзе з нечага перашыць, штосьці скамбінаваць – як кажуць, нацешылася ўдосталь.
Бабуля мая была рукадзельніца-кветніца – у Івянцы добра ведалі знакамітую Марыю Іванаўну і заказвалі кветкі на Усе Святыя, вянкі на ўскладанне да помнікаў на 9 Мая. На 8 Сакавіка рабіла прыгожыя букеты. Мы з сястрой дапамагалі ёй як маглі. Пасля, калі знаходзілася ў адпачынку па догляду за дзіцем, занялася бабуліным рамяством: хацелася ўсе, якія толькі ёсць у прыродзе кветкі, увасобіць праз паперу з парафінам. Уключыла ўсю фантазію – так было цікава. Ды і заробак нядрэнны мела.
Калі прыйшла ў цэнтр творчасці, у нас займалася 78 дзяцей. На сёння – 366. Працуюць 23 гурткі. Гуртковай работай ахоплены вучні Івянецкай, Пяршайскай, Суднікаўскай і нават Ракаўскай школ, Івянецкага дома-інтэрната. Таксама праводзім з імі захапляльныя мерапрыемствы, майстар-класы, займаемся лепкай і роспісам па гліне. Рэчы, якія яны робяць сваімі рукамі, забіраюць з сабой.
– Падзяліцеся сакрэтам, як у сённяшні час захапіць дзіця займацца творчасцю?
– Кіраўнік, які гарыць любімай справай, абавязкова знойдзе паслядоўнікаў – дзеці гэта адчуваюць і цягнуцца да яго з задавальненнем, забываюцца пра свае мабільнікі і іншыя гаджаты. Самае галоўнае – знайсці падыход да дзіцяці, заўважыць тую нябачную струначку і настроіць яе на патрэбны лад.
Вось, напрыклад, летась мы наладзілі персанальную выставу фотаздымкаў старшакласніка Данііла Савіцкага. Ён можа хадзіць за пятнаццаць кіламетраў ад дому раніцай ці вечарам, каб зрабіць цікавы кадр. Таксама рабілі выставу малюнкаў дзяўчынак, якія займаюцца ў гуртку выяўленчага мастацтва. Вы б толькі бачылі, колькі радасці было ў дзяцей, захапляліся іх творамі і наведвальнікі.
– На рахунку ўзорнай студыі “Натхненне”, якая створана на базе цэнтра, больш за тры дзясяткі дыпломаў розных узроўняў? Чым у ёй займаюцца?
– Асноўныя кірункі – выцінанка, кераміка, народная лялька. Усё, што адрадзілася з далёкага мінулага. Работы юных майстроў можна пабачыць і набыць у нашай сувенірнай лаўцы “Гліняны звон”.
– Святлана Міхайлаўна, што Вам прыносіць штодзённая работа?
– Люблю яе за тое, што кожны дзень нешта новае. Часам нават цікава: а ці па сіле мне вырашыць тую ці іншую задачу? Чаму? Бо даводзіцца быць і эканамістам, і кадравіком, і сакратаром, і гаспадарнікам. Усё трэба вырашыць і паўсюдна паспець. Прыходжу дадому змораная, але шчаслівая.
Сваё педагагічнае крэда Святлана Зайлянкова выказала чатырохрадкоўем Пятра Каліты:
Меняется мир непрерывно, неспешно.
Меняется все – от концепций до слов.
И тот лишь сумеет остаться успешным,
Кто сам вместе с миром меняться готов.
Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ