15 гадоў Дзмітрый Старыкевіч працуе ў Валожынскай цэнтральнай раённай бальніцы рэаніматолагам.
Прафесія гэта ўвогуле няпростая, яна, як ні адна іншая, павінна падыходзіць па духу, а ў невялікім райцэнтры мае яшчэ і сваю спецыфіку. Урачу даводзіцца ратаваць і немаўлят, і пацыентаў ва ўзросце з самымі рознымі паталогіямі і траўмамі. Праз рукі спецыяліста праходзяць сотні людзей, ён не з чужых слоў ведае, якая прывідная мяжа раздзяляе жыццё і смерць. Да таго ж ужо доўгі час Дзмітрый Аляксеевіч узначальвае аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі.
– Дзмітрый Аляксеевіч, як прыйшло рашэнне стаць урачом?
– Нарадзіўся я ў сям’і настаўнікаў у вёсцы Сугвазды Валожынскага раёна. З маленства цвёрда ведаў, што стану ўрачом. Яшчэ добра не размаўляў, а ўжо на пытанне: “Кім будзеш, калі вырасцеш?” упэўнена адказваў, што доктарам.
Пасля заканчэння 9 класаў Сугваздаўскай школы паступіў у Мінскае медыцынскае вучылішча, а затым і ў медыцынскі інстытут, дзе атрымаў спецыяльнасць урача-педыятра.
– Раскажыце пра сваё прафесійнае станаўленне.
– У 2007 годзе прыехаў на працу ў Валожынскую цэнтральную раённую бальніцу. У першы год давялося паспрабаваць сябе ў якасці ўрача-неанатолага, які займаецца лячэннем і прафілактыкай паталогій нованароджаных, і ўрача-педыятра падлеткавага кабінета.
Праз нейкі час мне прапанавалі прайсці пярвічную спецыялізацыю па рэанімацыі, бо ў бальніцы вельмі патрэбны былі такія спецыялісты. Я адразу згадзіўся. Гэта было цалкам усвядомленае рашэнне. Падчас вучобы ў медінстытуце давялося папрацаваць у 9-й гарадской бальніцы медбратам у рэанімацыі, таму са спецыфікай працы быў добра знаёмы.
Калі былы загадчык аддзялення Ігар Анатольевіч Скурановіч, вельмі высокага класа спецыяліст, пайшоў на заслужаны адпачынак, мне прапанавалі гэту пасаду.
– Вы прайшлі праз некалькі спецыялізацый. У чым адрозненне?
– Цана рашэння ўрача-рэаніматолага вельмі высокая, значна вышэйшая, чым у любога іншага. Часам даводзіцца прымаць рашэнне за секунды ці, нават, за долі секунды. Інфармацыя вышукваецца на падсвядомым узроўні. Не паспяваеш падумаць, а рукі ўжо нешта робяць, настолькі ўсё даведзена да аўтаматызму. Я лічу, што гэта і з’яўляецца выражэннем ступені твайго прафесіяналізму.
– Што можаце расказаць пра сваё аддзяленне?
– Яно разлічана на 6 ложкаў, ёсць ізалятар і рэанімацыйная зала. Калі вялікае паступленне пацыентаў, мы можам буквальна за некалькі хвілін разгарнуць яшчэ два, а то і тры ложкі дадаткова. У часы кавіду ў нас пастаянна функцыянавалі 9 ложкаў.
Паспяховую работу ў аддзяленні забяспечвае ўвесь калектыў медработнікаў – урачы, медыцынскія сёстры, малодшы медыцынскі персанал. Я заўсёды магу разлічваць на іх дапамогу і кваліфікаваную работу. На сённяшні дзень у аддзяленні разам са мной працуюць 4 урачы. Спецыялістаў не хапае. Нагрузка вельмі вялікая. Моладзь асабліва не затрымліваецца. Тыя ж, хто застаецца, сапраўды адданыя сваёй справе людзі.
Нашы хворыя патрабуюць кругласутачнага догляду і лячэння, таму вялікая адказнасць ляжыць на сярэднім персанале. Медыцынскія сёстры праводзяць з пацыентамі яшчэ больш часу, чым урачы. Я вельмі цаню іх працу, гэта сапраўды каштоўныя спецыялісты.
Малодшы медыцынскі персанал пастаянна мяняецца. З усіх аддзяленяў у нас, напэўна, сама цяжка працаваць. Пацыенты ўсе ляжачыя, ім неабходна тры разы на дзень перасцяліць ложак, перавярнуць, падняць, прыбраць за кожным. Калі нехта з чытачоў захоча паспрабаваць сябе ў гэтай справе, будзем рады прыняць у свой дружны калектыў.
– Ці можа быць так, што ў аддзяленні знаходзяцца 1-2 чалавекі?
– У медыцыне ёсць такі паказчык, як занятасць ложка. У нас яна складае больш за 90%. Гэта значыць, што ўсе 6 ложкаў практычна пастаянна занятыя. За год праз аддзяленне рэанімацыі праходзяць у сярэднім 600-700 чалавек.
– Складанае аддзяленне, складаныя хворыя, як гэта адбіваецца на псіхалагічным стане?
– Цяжка. Наша работа – гэта пастаянны стрэс, барацьба са смерцю. Чарсцвеем, напэўна, у гэтым плане, але пачуццяў не пазбаўлены, спачуваем пацыентам і іх родным. Да людзей заўсёды стараемся адносіцца з павагай, аказаць падтрымку, падняць настрой. Сваім хворым абавязкова гавору, што ў першую чаргу ў іх павінна быць вера, што ўсё будзе добра. І ведаеце, здараюцца цуды: тыя, хто не павінен быў выжыць па ўсіх паказчыках, ачуньвае. І, наадварот, нягледзячы на ўсе намаганні, навыкі і апаратуру, не атрымліваецца ўратаваць чалавека, у якога ад пачатку, здавалася б, не было сур’ёзных праблем, але і не было веры ў выздараўленне.
Часта даводзіцца прыводзіць пацыентам у прыклад выпадак часоў Вялікай Айчыннай вайны. У фашысцкай Германіі праводзілі такі вопыт над людзьмі: бралі 50 чалавек, ставілі ў шарэнгу, награвалі на агні зорку і выпальвалі яе па чарзе на грудзях кожнага. Апошняму яе прыкладалі да цела халодную, а чалавек крычаў ад болю, і ў яго ўзнікаў апёк, як і ў папярэдніх таварышаў. Многіх гэта ўражвае, і яны мяняюць свае адносіны да хваробы, жыцця і пачынаюць ісці на папраўку.
– Дзмітрый Аляксеевіч, за гады працы праз Вашы рукі прайшло шмат пацыентаў. Які выпадак найбольш урэзаўся ў памяць?
– Ведаеце, неяк больш помняцца стрэсавыя моманты. Бывала, што за пару гадзін пацыент паміраў на маіх вачах. Я сябе дакараў, можа нешта не так зрабіў, але пасля ўскрыцця аказвалася, што ў яго не было шанцаў выжыць.
Добрае неяк больш сціраецца з памяці. Вылечыў безнадзейнага пацыента – значыць проста зрабіў сваю работу.
Але падчас кавіду здарыўся пацыент, які ніяк не дазваляе пра сябе забыцца. Ён паступіў да нас з Маладзечанскага раёна ў вельмі цяжкім стане. Цэлы месяц мужчына правёў на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Людзей, што выжылі пасля такога і вярнуліся да паўнацэннага жыцця, нават па рэспубліцы няшмат. Кожнае свята ён звоніць, каб павіншаваць нас і расказаць пра свае справы. Калі паздаравеў, двойчы прыязджаў асабіста. Вельмі дзякаваў і расказваў, што пасля доўгатэрміновай рэабілітацыі ўладкаваўся на працу. Гэта сапраўды яскравы выпадак. Усё аддзяленне помніць яго прозвішча і радуецца кожнаму званку. Такія моманты ўдзячнасці вельмі падсілкоўваюць станоўчай энергіяй, і выгаранне адыходзіць на задні план.
– Методыка лячэння мяняецца. Цяпер практыкуецца ранняя актывацыя пацыента. Дзмітрый Аляксеевіч, што Вы думаеце пра гэта?
– Гэта правільна і добра. Чым скарэй пасля аперацыі пацыент пачынае рухацца, тым для яго лепш. Ранняя актывацыя спрыяе прафілактыцы трамбозаў і застойных пнеўманій, тромбаэмбаліі. Спінальная анестэзія, якой даўным-даўно карыстаемся, дапамагае вышэйназванай методыцы.
– Што Вы параіце нашым чытачам для прафілактыкі ўтварэння тромбаў?
– Тут патрабуецца комплексны падыход. Правільнае харчаванне, захаванне воднага балансу, абмежаванае ўжыванне солі. Важна больш рухацца, каб не было застою крыві: па магчымасці выконваць ранішнюю зарадку, выкарыстоўваць любую магчымасць прайсціся пешшу, пракаціцца на ровары і інш. Гэта самыя простыя, але вельмі эфектыўныя метады. Канешне ж, патрэбна сачыць за сваім здароўем, перыядычна праходзіць абследаванне ў паліклініцы.
– Цяпер у нас папулярным становіцца джампінг. Ці прыносяць карысць арганізму скачкі на батутах для фітнеса?
– Напэўна прыносяць. Скачкі – дастаткова сур’ёзнае напружанне для арганізма. У першую чаргу, гэта добрая кардыятрэніроўка. Наогул, батуты – выдатная рэч. Цяпер яны стаяць у многіх дварах, хатах. Раней у адной з еўрапейскіх краін правялі даследаванне, чаму дзеці так любяць скакаць. Аказалася, што ў гэты час суадносна рухаюцца ўсе органы, у тым ліку і мозг, што стымулюе яго аддзелы, якія адказваюць за задавальненне. А значыць, у чалавека адразу падымаецца настрой і жыццё здаецца цудоўным. Таму, калі няма супрацьпаказанняў, скачыце на здароўе.
– Пра сваю сям’ю раскажыце.
– Сям’я і работа для мяне – аснова жыцця. З жонкай усе гады мы працуем побач, яна таксама медык. Святлана Аляксандраўна – загадчык педыятрычнага аддзялення. Пазнаёміліся з ёй падчас вучобы ў інстытуце.
У нас шматдзетная сям’я, выхоўваем двух хлопчыкаў 15 і 7 гадоў і 5-гадовую дачушку. З выбарам прафесіі ніхто з іх яшчэ не вызначыўся. Старэйшы гаворыць, што ў медыцыну адназначна не пойдзе. Бачыць, што тата па першым званку і днём, і ноччу гатовы ехаць у бальніцу. А як я магу адмовіць, калі ведаю, што патрэбна мая дапамога.
– Якімі прынцыпамі кіруецеся ў выхаванні дзяцей?
– Сваім прыкладам стараюся далучаць да нейкіх добрых, карысных спраў, здаровага ладу жыцця. Галоўныя мае метады – дабрыня і разуменне. Вучу, каб умелі паставіць сябе на месца іншага чалавека.
– Чым адрозніваецца выхаванне хлопчыкаў і дзяўчынкі?
– Да дачкі адношуся больш паблажліва, з ласкай. Дзяўчынкі ж – прыгажуні, а хлопчыкі – будучыя мужчыны, а значыць, павінны ўмець пастаяць за сябе. Хаця, лічу, важная рыса характару жанчыны – ведаць, што хочаш ад жыцця, умець дабівацца свайго, а не патураць ва ўсім мужчыне.
– Вашы захапленні?
– Люблю працаваць з дрэвам. Дома ёсць і піла, і станок, і шліфмашынка, і лобзік. Калі пачыналі будаваць дом, я нічога не ўмеў. Але грошай не хапала, і прыйшлося закасаць рукавы і нешта рабіць самому. Спачатку купілі бетонамяшалку. Потым з’явілася піла, яшчэ нешта, і справа паступова пайшла. Хутка я ўжо збіў стол, лаўку, і такая работа мяне захапіла. Лазню будавалі ўжо самастойна.
Цяпер работа з дрэвам даецца лёгка, ад гэтага занятку атрымліваю сапраўдную асалоду. Рукі працуюць, а галава адпачывае. Шмат чаго ў доме зрабіў сваімі рукамі. Нават у кабінеце павесіў гадзіннік, што сам змайстраваў. Для дзяцей у двары стварыў цэлы гульнявы комплекс: арэлі, горку, домік, унутры якога знаходзяцца столік і лавачка. Разам са старэйшым сынам паставілі турнік.
– Асноўны прынцып, якім карыстаецеся ў жыцці?
– Адносся да людзей так, як хочаш, каб яны адносіліся да цябе.
– Дзмітрый Аляксееевіч, ці задаволены выбарам свайго жыццёвага шляху, што некалі зрабілі?
– Я не бачу сябе ў іншай прафесіі, мне падабаецца дапамагаць людзям, быць ім патрэбным. Ведаеце, нават у самыя цяжкія моманты ніколі не думаў пра тое, каб сысці з яе. Калі сустракаю ў горадзе былых пацыентаў, якія прайшлі неабходнае лячэнне і вярнуліся да паўнацэннага жыцця, разумею, што выбраў медыцыну не дарэмна.
– Вашы пажаданні чытачам.
– Любіце адзін аднаго, адносьцеся з цярпімасцю, прымайце чужыя недахопы, нават калі яны не адпавядаюць вашым поглядам на жыццё. Кожны чалавек індывідуальны і павінен быць шчаслівым. Ну і, канешне, быць здаровымі.
Гутарыла Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара