Вадзіцель сельгаспрадпрыемства “Валожынскае” Павел ШАМРУК на машыне “МАЗ-650128” першым у раёне перавёз тысячу тон зерня!
Запаветныя лічбы пакарыліся перадавому работніку ўчора вечарам.
А сёння павіншаваць лідара жніва-2023 прыехалі старшыня райвыканкама Яўген Круковіч, выконваючы абавязкі дырэктара філіяла “Валожынскае” агракамбіната “Дзяржынскі” Леанід Рудый, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Вікенцій Адамовіч.
Ушанаванне прайшло на тэрыторыі зернясклада, што ў вёсцы Пугачы. Вітаючы перадавіка жытнёвых палеткаў, кіраўнік раёна адзначыў:
– Сёння сапраўды для Валожыншчыны важны і знамянальны дзень – такая адпраўная кропка: перавезена ў раёне пры набіраючых абаротах на жніве першая тысяча тон зерня, – падкрэсліў Яўген Міхайлавіч. – Для нас першая тысяча – эталон, на які павінны раўняцца астатнія. Заўсёды заўважаю: людзі, якіх ушаноўваем, такія сціплыя. Хаця часта ў жыцці так і атрымліваецца: хто сціплы па жыцці, той і паказвае вынікі ў рабоце. Таму Вы, Павел Уладзіміравіч, павінны стаяць з высока паднятай галавой і ганарыцца сваімі поспехамі. Безумоўна ж, пагодныя ўмовы склалі сёлета не так, як хацелася б – асабліва аграрыям: нам бы цяперашнія дажджы ў маі ды чэрвені, – напэўна, хлеб на палях шумеў бы. Але і пры такіх складаных умовах атрымліваем нядрэнны ўраджай: на сёння ўбралі 50 працэнтаў азімага рапсу і ўсяго толькі 16 працэнтаў зерневых культур, а палеткі даюць звыш за 35 цэнтнераў з гектара, што вышэй за сярэднястатыстычныя паказчыкі апошніх гадоў уборачнай кампаніі.
Яўген Круковіч пажадаў віноўніку ўрачыстасці не спыняцца на першай тысячы – перавезці не дзве, а нават тры тысячы тон зерня ў гэтым годзе.
Кіраўнік раёна ўручыў Паўлу Шамруку падзяку райвыканкама і падарунак. Таксама ж павіншавала першага тысячніка ў гаспадарцы і пярвічная прафсаюзная арганізацыя філіяла “Валожынскае”.
Словы ўдзячначсці за ўдарную працу выказаў і выконваючы абавязкі дырэктара філіяла “Валожынскае” Леанід Рудый.
Прыемным момантам стала і выступленне самадзейных артыстаў мясцовага Дома культуры, якія мілагучнымі песнямі пра нашу Беларусь і сельскую гаспадарку расчулілі душу і ўзнялі настрой.
– Працаваў, як заўсёды, старанна і адказна, нічога вялікага не здзейсніў, – крыху саромеючыся, адказаў вадзіцель-тысячнік.
Павел Шамрук не першую ўборачную кампанію займае прызавыя месцы не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне. Працуе ў роднай гаспадарцы 15 гадоў – прыйшоў сюды адразу ж пасля атрымання дыплома. Летась яго заахвоцілі новенькім “МАЗ”ам-дваццацітоннікам – работа стала яшчэ больш спорыцца. Хлопец ён вельмі старанны, добрасумленны, паслухмяны – менавіта такім быў яго бацька, які ўсё жыццё працаваў тут вадзіцелем. Маці таксама шчыруе ў гаспадарцы, а зусім нядаўна сюды прыйшоў слесарам і меншы брат Максім. Сямейны падрад – вялікая сіла: менавіта на такіх шчырых працаўніках і трымаецца сёння вёска!
Пажадаем Паўлу Шамруку і надалей не здаваць заваяваных пазіцый!