15 ліпеня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння Генадзя Антонавіча РАВІНСКАГА – мясцовага краязнаўца, публіцыста, даследчыка літаратуры, гісторыі і культуры Валожыншчыны.
Г. А. Равінскі нарадзіўся ў вёсцы Баравікоўшчына Івянецкага сельсавета ў сялянскай сям’і. Дзяцінства прайшло ў штодзённых клопатах і працы. У 10 гадоў, застаўшыся сіратой, ён пачаў араць, сеяць, касіць, а ў нядоўгіх хвілінах адпачынку любаваўся хуткаплыннай рэчкай Іслач, на беразе якой утульна размясціліся родныя краявіды.
У першы клас Генадзь пайшоў у Сівіцкую школу. Пасля паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча. З другога курса педвучылішча яго прызвалі ў рады Савецкай Арміі. Службу праходзіў на Далёкім Усходзе.
Пасля арміі закончыў Гомельскае педвучылішча, а затым працягваў вучобу завочна ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на філалагічным факультэце, адначасова працуючы на будоўлях горада Мінска.
Настаўнічаў у Пральніках, Падневічах, Пакуцях. Жывучы ў Старынках, дваццаць шэсць гадоў працаваў дырэктарам Шыкуцёўскай няпоўнай сярэдняй школы. Справе навучання і выхавання маладога пакалення служыў праведна і самааддана.
Жыццёвы шлях Генадзя Антонавіча быў цярністым і складаным. Былі перыяды душэўнага ўздыму – калі ён, ахвяруючы здароўем і дабрабытам, плённа працаваў у архівах дзеля спасціжэння ісціны, рабіў змястоўныя адкрыцці і знаходкі, пісаў удалыя вершы і артыкулы. А то яны змяняліся перыядамі цяжкіх і балючых успамінаў пра гаручае дзяцінства, калі ён, галодны, блукаў па пушчы ў час блакады нямецкіх карнікаў, якія замучылі яго бацьку Антона Вінцэнтавіча – шчырага працаўніка, добрага сем’яніна, адмысловага каваля і музыку.
Няўрымслівы краязнавец, ён схадзіў сотні кіламетраў, адшукваючы сляды знакамітых людзей Валожыншчыны. Артыкулы пра Дуніна-Марцінкевіча, Канстанцыю Буйло, адваката Пляваку, пяршайскіх ксяндзоў, Налібоцкую пушчу, парк у Маскалёўшчыне, уклад у напісанні раённай кнігі-хронікі “Памяць” – усё гэта патрабавала тытанічнай даследчай працы, і Генадзь Антонавіч выконваў яе карпатліва і старанна.
Амаль кожны год Генадзь Антонавіч выступаў на раённых настаўніцкіх нарадах з дакладамі аб жыцці і літаратурнай дзейнасці пісьменнікаў, чыё жыццё так ці інакш было звязана з Валожыншчынай ці суседнімі раёнамі Міншчыны. Аказваў пасільную дапамогу ў стварэнні краязнаўчых музеяў у Івянецкім дзіцячым доме-інтэрнаце, у Пяршайскай, Ракаўскай сярэдніх і Лоскай васьмігадовай школах.
Па-рознаму ставіліся да Генадзя Антонавіча Равінскага людзі: хто паважаў, хто крыўдзіў, хто кпіў, хто смяяўся, нават у вочы. Нягледзячы на гэта, ён рабіў сваю справу: ішоў па берагах Іслачы, знаходзіў курганы, працаваў у бібліятэках і архівах, запісваў успаміны землякоў. Бараніў ліпу ў Люцінцы, Івянец, хацеў захаваць млын у Пералясанцы, выступаў у абарону пакрыўджаных, шчодра дзяліўся сваімі ведамі з людзьмі. А дзяліцца было чым, бо шмат ведаў і пастаянна імкнуўся ведаць усё больш і больш.
Ён спакойна ставіўся да матэрыяльных каштоўнасцей, задавольваўся самым неабходным. Гэта быў мудры чалавек. Ведаў, што самыя галоўныя каштоўнасці – духоўныя. Чалавек высокага духу ніколі не будзе нішчыць зямлю, лясы, гарады, вёскі, помнікі, памяць продкаў. Толькі такі чалавек будзе багаты і духоўна, і матэрыяльна.
Генадзь Антонавіч быў сапраўдным патрыётам сваёй Радзімы. Ён моцна перажываў за родную зямлю, за росквіт культуры беларускага народа, за лёс роднай матчынай мовы.
У 2004 годзе выйшла ў друк кніга Генадзя Равінскага “Млын жыцця”, у якой сабраны яго артыкулы, апавяданні, вершы, прысвечаныя гісторыі Валожыншчыны, славутым дзеячам культуры і літаратуры, жыццё якіх было звязана з нашым краем. Літаратурная спадчына дае не толькі багатую інфармацыю – яна прасякнута вялікай любоўю да Бацькаўшчыны, клопатам пра яе будучыню. Кніга не толькі пазнавальная, інфармацыйная, але і выхаваўчая. Можа, задумаецца чалавек, прачытаўшы яе, над спрадвечнымі пытаннямі: “Хто я? Навошта прыйшоў на гэты свет? Што зрабіў добрага і пакінуў людзям? А, можа, пакрыўдзіў, разбурыў – і трэба пакаяцца?”.
Памёр Г. А. Равінскі 25 мая 1999 года. Пахаваны на івянецкіх могілках. На помніку выява краязнаўца з надпісам: “Я тлець не хачу, хачу ярка гарэць…”
Яго творчыя здабыткі з цягам часу ўсё больш і больш набываюць значнасць і актуальнасць, яго інтэлект жыве ў памяці вучняў, калег і людзей.
Некалькі слоў пра Генадзя Равінскага
З гэтым выдатным беларускім інтэлігентам у мяне было сустрэч небагата. А пагутарыць больш-менш непаспешліва давялося толькі двойчы. На вялікі жаль. Кажу так таму, што гаварыць з ім, слухаць яго было вельмі цікава і, я сказаў бы, прыемна: на душы рабілася хораша, як ад сустрэч і размоў з блізкім табе па духу, па грамадскіх настроях і інтарэсах чалавекам.
Помню нашу досыць працяглую размову ў Саюзе пісьменнікаў, дзе я тады працаваў першым сакратаром праўлення. Было гэта напачатку 1984-га, у юбілейны год В. І. Дуніна-Марцінкевіча: гаварылі мы менавіта пра ўшанаванне беларускага драматурга, “бацькі беларускага тэатра”, пра адносіны ўлады і грамадства да яго творчай спадчыны, пра захаванне ацалелых знакаў-слядоў яго жыцця, яго патрыятычных клопатаў аб Беларусі і беларускім народзе. Я слухаў расповеды госця, углядаўся ў мяккія, добрыя рысы яго аблічча, бачыў непрытворную далікатнасць яго манеры гаварыць і ўвогуле трымацца – адзнакі шляхетнага выхавання, прыроднай інтэлігентнасці, непаказной культуры. А яшчэ бачыў яго грнутоўную дасведчанасць у пытаннях краязнаўства і гісторыі Валожыншчыны.
У другі раз мы паспелі трохі пагутарыць на котлішчы выдатнага драматурга ў Люцінцы, дзе Генадзь Антонавіч быў гаспадаром сітуацыі: расказваў і паказваў, дзе што на сялібе і ў наваколлі было, выяўляючы пры гэтым дасканалае веданне рэалій і такое захапленне, такую любоў да святога куточка беларускай зямлі, што менавіта ён і забяспечваў у той дзень маёй душы свята. Вяртаўся дадому і сам сабе думаў: калі б ды ў кожным раёне Беларусі было хоць некалькі вось такіх апантаных энтузіястаў краязнаўства, такіх палымяных абаронцаў помнікаў і іншых каштоўнасцей нацыянальнай гісторыі, – наколькі б больш упэўнена і аптымістычна мы, беларусы, пачуваліся, наколькі б смялей заходзілі мы ў велічны храм культуры свету, і наколькі б урэшце лягчэй нам стала дыхаць!
Ніл ГІЛЕВІЧ,
народны паэт Беларусі,
заслужаны дзеяч навукі БССР