Сёлета спаўняецца 30 гадоў, як урач-хірург Валерый ГРЫКА пачаў сваю прафесійную дзейнасць у хірургічным аддзяленні Валожынскай райбальніцы. Іх сямейная дынастыя ўрачоў налічвае больш за сто гадоў. Пачынальнікам стаў былы галоўны ўрач медыцынскай галіны Валожыншчыны Міхаіл Рыгоравіч, які аддаў высакароднай справе 42 гады. Бацькавымі сцежкамі пайшлі абодва сыны, нявестка Ірына Юр’еўна працуе ўрачом-гігіеністам у раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Заканчвае інтэрнатуру і ў жніўні прыступіць да абавязкаў урача анестэзіёлага-рэаніматолага дачка Валерыя і Ірыны Грыкаў Наталля.
– Валерый Міхайлавіч, больш за тры дзясяткі гадоў таму Вы абралі адну з самых складаных прафесій. Сёння можаце сказаць, што не памыліліся з выбарам?
– Яшчэ са школы бачыў сябе ўрачом-хірургам. Прыкладам сталі бацька і старэйшы брат. Таму, можна сказаць, падзецца не было куды.
– А што вызначыла гэты кірунак дзейнасці?
– Па-першае, бацька з’яўляўся галоўным урачом, пры гэтым ён заставаўся практыкуючым хірургам. Дома часта вяліся размовы пра работу. Па-другое, лічыў, калі ўжо вучыцца медыцыне, то хірургія – тая навука, якая каштуе гэтай вучобы.
У медыцынскім інстытуце ў мяне было досыць шмат цікавых выкладчыкаў. З трэцяга курса агульную хірургію вёў дацэнт Францкевіч. Запомніліся яго залатыя словы: “Хірургія – брудная работа, але робіцца чыстымі рукамі”. Ён быў своеасаблівы чалавек – даваеннага і пасляваеннага пакалення, многа што пабачыў і перажыў, меў такі погляд на жыццё.
– Як студэнт пагаджаліся з яго выказваннем, ці сцвярджальным яно стала толькі на практыцы?
– Студэнту было цяжка гэта зразумець, таму што многае не ведаеш і нават не здагадваешся. Штосьці тлумачылася ў падручніках, штосьці ўсвядоміў непасрэдна ў аперацыйнай – падчас і паміж аперацыямі, размаўляючы з іншымі хірургамі. І, напэўна, яго словы правільныя.
– Пакуль вучыліся, што было самым складаным у авалодванні ведамі?
– Тэорыя намнога прасцейшая – там усё зразумела, там усе варыянты пралічваліся: некаторыя захворванні – і паталогія, і лячэнне, будзем казаць, ляжалі на паверхні. А вось практыка ўносіць вельмі шмат свайго.
– Можна сказаць, што з кожным годам Вы развіваліся і станавіліся прафесіяналам?
– У мяне складваецца такое ўражанне, што чым больш я жыву і працую, тым менш ведаю. Ці, можа, я настолькі прыдзірліва адношуся да таго, што ведаю. Хутчэй за ўсё так. Пастаянна нешта пераасэнсоўваеш, нешта новае жыццё падкідвае.
– Надараліся такія выпадкі, якія з пункту погляду медыцыны можна назваць незразумелымі?
– Пастфактум патлумачыць можна практычна ўсё. А падчас лячэння адбываецца шмат нюансаў, якія дастаткова цяжка як-небудзь абгрунтаваць. Бо што такое хірургія простымі словамі? Гэта калі чалавек адчувае сябе дрэнна, але не разумее, чаму. Пачынаецца шэраг даследаванняў, маніпуляцый, на падставе якіх можна паставіць дыягназ. Добра, што з кожным годам, дзякуючы тэхнічнай аснашчанасці, пералік даступных даследаванняў павялічваецца.
– З якімі захворваннямі хворы трапляе ў хірургічнае аддзяленне?
– Зразумела, усе траўмы, пашкоджанні, раненні праходзяць праз хірурга. Хваробы ўнутраных органаў – грыжы, халецыстыты, планавыя праблемы, што вырашаюцца з дапамогай скальпеля, і экстранныя ўскладненні, якія пагражаюць не толькі здароўю, але нават жыццю: апендыцыты, запаленні брушной поласці, грудной клеткі, канечнасцей, паследкі чэрапна-мазгавых траўм, калі назіраюцца аб’ёмныя нехарошыя паталагічныя ачагі ў галаве.
– Вы – практыкуючы хірург, таму аперацыя – неад’емная частка Вашай штодзённай работы. Што адчуваеце перад тым, як заходзіце ў аперацыйную?
– Твая задача – дапамагчы чалавеку. Хірург не можа быць трапяткім і чуллівым, яму, па родзе прафесіі, уласцівы вытрымка, стрыманасць, спакой. Ты павінен быць настроены псіхалагічна – не зважаючы: дзень гэта ці ноч, раніца ці вечар, бо ад тваіх дзеянняў залежыць самае галоўнае – жыццё чалавека.
Сама аперацыя – настолькі тэхнічна ўзаемазвязаны працэс, што кожнае папярэдняе дзеянне вызначае наступны крок. Некаторыя моманты робяцца на аўтаматызме, пры некаторых – спыняешся, каб прыгледзецца з адной, другой пазіцыі. Да таго ж, нягледзячы на аднатыпныя захворванні, двух падобных аперацый не бывае. Гэта ведае і пацвердзіць любы хірург.
– Час правядзення аперацыі мае ролю?
– Безумоўна, бо ў далейшым ён можа адбіцца на папраўцы.
– Звычайнаму чалавеку падаецца, што ўсе людзі па будове аднолькавыя.
– Арганізм у кожнага свой, таму і захворванні працякаюць па-асабліваму. Той жа апендыкс пры норме ў кагосьці размешчаны вышэй, у кагосьці – ніжэй.
– Якія спецыялісты прысутнічаюць пры правядзенні аперацый?
– Як правіла, адзін, а то і два-тры асістэнты, анестэзіёлаг-рэаніматолаг, аперацыйная медыцынская сястра.
– Што адчуваеце, як робіцца апошні “сцяжок” на целе чалавека?
– Калі зроблена граматна, можна выдыхнуць і сказаць усім: “Дзякуй”.
– Па выніку аперацыйнага ўмяшання магчыма сказаць, што пойдзе хуткая папраўка?
– У большасці выпадкаў, калі дапамога аказана своечасова і правільна, станоўчы вынік прадказуемы з вялікай доляй верагоднасці. Але надараецца, калі лячэнне не заканчваецца, а пачынаецца з аперацыі: частка змененага органа выдаляецца, а запаленне застаецца.
– А якая аперацыя самая складаная для хірурга?
– Я ні разу не сказаў: “Эх, як усё прайшло проста і лёгка!” Кожная аперацыя патрабуе намаганняў, удумлівасці, дакладнасці.
Наша пакаленне цікавае тым, што, напэўна, мы апошнія, хто ўмее чытаць кнігі. І калі ў цябе была харошая медыцынская літаратура, ты лічыўся другім чалавекам пасля Бога. Харошыя аўтары і харошыя кнігі былі ў дэфіцыце, каштавалі дастаткова дорага. Даводзілася чытаць многа-многа, неаднарозова пералістваючы старонкі туды-сюды. Тое, што вывучалася на першым-другім курсах, трэба ўспамінаць на чацвёртым, тое, што на другім – узгадваць на пятым і, як кажуць, устаўляць у кантэкст. Не сустракаў ніводнага ўрача, які б напачатку працоўнай дзейнасці казаў, што ведае ўсё.
– Узгадайце, калі ласка, той калектыў хірургічнага аддзялення, у якім праходзіла Ваша станаўленне?
– З вялікай цеплынёй успамінаю і не забудуся ніколі Мікалая Уладзіміравіча Пыжыка – цудоўны быў чалавек і хірург, з ім усім працавалася вельмі камфортна. Анестэзіёлаг Мікалай Аляксандравіч Кляпец да гэтай пары ў добрым здароўі – сто гадоў яму жыцця. Сустрэлі мяне добра. Тады людзі жылі адным калектывам: у корпусе з намі размяшчалася аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі, разам праводзілі святы, агульных тэм для размоў было шмат, ды і самі адносіны нагадвалі больш сямейныя і сяброўскія.
Аперацыйныя медсёстры – гэта эліта сярэдняга медперсаналу. Да іх па праву можна аднесці Марыю Сямёнаўну Грышчык, Святлану Паўлаўну Наквас, Зінаіду Андрэеўну Мандрык.
Чалавек вельмі многа ўдзельнічае ў сваім лячэнні. Камусьці не хапае здаровай злосці, дзеянняў праз сілу: маўляў, што я гэтага не змагу? Патрэбен пазітыўны настрой – ніколі нельга апускаць рукі. Псіхалагічная паталогія – вялікая справа.
– А што Вы ўзялі ад свайго бацькі? Ці раіліся з ім, ці мелі сваё меркаванне?
– Бацька быў вельмі добразычлівы да пацыентаў і да людзей увогуле. І для яго хворы з’яўляўся ў нейкім сэнсе спадаром. Таму ставіўся да яго з павагай. Задача ўрача – не нашкодзіць, а дапамагчы. Асабіста для мяне ён стаў прыкладам сапраўднага бацькі, аўтарытэтнага ўрача і адміністратара. Па жыцці з ім было вельмі лёгка – заўсёды можна было звярнуцца па любым пытанні, атрымаць падказку, мудрую і слушную параду.
– Штодзень выратоўваючы людзей і даючы ім надзею на жыццё, Вам і самому давялося прайсці гэты шлях – пабыць на месцы пацыента. Што адчувае ўрач, калі хварэе тымі ж захворваннямі, якія лечыць?
– Досыць складана, бо ты разумееш і ўсё лячэнне, і нейкія паследкі спрагназаваць можаш – гэта адмоўны момант прафесіі. Ёсць шэраг хвароб, якія нельга разгледзець першапачаткова: можна толькі меркаваць, што з’явілася пускавым момантам.
– Можаце сказаць, што хвароба мяняе чалавека?
– Яна дае магчымасць штосьці пераасэнсаваць. Я стаў больш спакойны.
– Ваша дачка таксама выбрала сямейную прафесію. Не на словах ведаючы, чаго патрабуе гэта сцежка, не адгаворвалі яе перад паступленнем?
– Наадварот, ганаруся, што выбрала такую высакародную місію і працягнула дынастыю. Я толькі напачатку падказаў, якое напраўленне ў медыцыне не для яе.
– Ужо больш за год, як хірургічнае аддзяленне нашай райбальніцы змянілася кардынальным чынам. Умовы, якія тут створаны для медыцынскага персаналу і для тых, хто знаходзіцца на лячэнні, адпавядаюць самым апошнім патрабаванням. Гэта паўплывала на работу?
– Так, прыйшлі да цывілізацыі. Безумоўна ж, настрой зусім іншы, прыемна працаваць. А для пацыентаў, можна сказаць, што бальніца – не ізаляцыя, а для некаторых з карысцю для здароўя праведзены час.
– Работа хірурга – вельмі складаная. Як здымаеце нагрузку і дзе зараджаецеся пазітывам?
– Люблю рыбалку, паляванне, хоць апошнім часам займаюся гэтым нячаста. А ўвогуле лес для мяне – самы лепшы антыстрэс.
– Ці часта даводзіцца чуць слова “дзякуй” ад пацыентаў?
– Часта. Але больш усялякіх слоў гавораць шчаслівыя вочы. І гэта грэе душу.
– Мы размаўляем з Вамі напярэдадні прафесійнага свята. Што хацелася б пажадаць усім, хто звязаў свой лёс з такой пачэснай місіяй – лячыць людзей?
– Мужнасці, цярпення, аптымізму, надзеі. І, безумоўна ж, здароўя.
Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА