Сёлетні год прынёс настаўніцы працоўнага навучання СШ № 1 г. Валожына Іне КЕРБЕДЗЬ доўгачаканы поспех і заслужаную ўзнагароду – Грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
– Іна Леанідаўна, Вы ўсяго восем гадоў настаўнічаеце па гэтым прадмеце. Тым не менш вынікі гавораць самі пра сябе?
– Калі атрымала грамату – адчула вялікую радасць і бязмежнае шчасце, бо гэта мая першая ўзнагарода на такім высокім узроўні. У майго мужа іх некалькі, і я была задаволена, што дасягнула такіх вышынь.
– Вы да гэтага імкнуліся?
– Яшчэ як!
– Як “заразіліся” алімпіядным рухам? А, можа, перамогі мужа Аляксандра Антонавіча Кербедзя, які таксама выкладае працоўнае навучанне ў гімназіі № 1 г. Валожына, Вас натхнілі?
– Так, можна сказаць, пайшла за мужам – па яго сцежках і шляху. Шмат гадоў назірала, як ён рыхтуе дзяцей: многа займаўся з імі, дадому прыводзіў. Усё адбывалася на маіх вачах – і тэорыя, і практыка. Калі першы год працавала, ён мне падказваў, на што трэба звярнуць увагу, нават і тое, як дзяцей правільна падбіраць.
– З чаго ўсё пачыналася?
– Працаваць настаўнікам працоўнага навучання ў першую гарадскую школу прыйшла восем гадоў таму. Адразу сама сабе дала ўстаноўку, што буду аддавацца рабоце на 100 працэнтаў. Прадмет абслугоўваючая праца ў школьнікаў выкладаецца з 5 класа па 9-ы. Ён складаецца з чатырох раздзелаў: кулінарыя, матэрыялазнаўства, машыназнаўства і раслінаводства. На працягу навучальнага года ў кожным класе мы шыем адзін з вырабаў і заканчваем варыяцыйнай часткай, дзе вучымся вязаць, вышываць і г. д.
– Педагагічнага вопыту Вы дагэтуль не мелі. Як “асвойвалі” прафесію?
– Хадзіла на ўрокі да іншых настаўнікаў. Шмат чытала спецыяльнай літаратуры. Швейнаю справу выкладаць было нескладана. Кулінарыяй займаецца кожная гаспадыня – гэта як боршч зварыць. Мы ж і шыем, і стравы рыхтуем па тэхналагічнай карце – трэба толькі прытрымлівацца этапаў.
– Памятаеце свой першы ўрок?
– Страшна было: заходзіш у клас – дзяцей не ведаеш. Асабліва складана перад старшакласнікамі: хочаш гаварыць граматна і прыгожа, а хваляванні проста зашквальваюць.
– Можна сказаць, што Вы вучылі і вучыліся самі?
– Так – усё адначасова і адбывалася. Першы год для мяне насамрэч быў цяжкі: унікала ва ўсё, старалася разабрацца.
– Складаным быў сам прадмет ці прафесія настаўніка?
– Мне падабаецца ўзаемадзейнічаць з дзецьмі – вучыць, паказваць, расказваць, штосьці рабіць разам, падабаецца, калі яны прыходзяць і аб нечым пытаюцца.
– Абслугоўваючая праца ў школе заўсёды была другарадным прадметам.
– Такое меркаванне бытуе і сярод бацькоў, і сярод дзяцей – маўляў, не галоўны прадмет, таму яму можна менш надаваць увагі. Я ж лічу, што ўсе навыкі, атрыманыя менавіта на ўроках абслугоўваючай працы, абавязкова спатрэбяцца ў дарослым жыцці. Пагадзіцеся: гэта ж цудоўна, калі дзяўчына будзе ўмець гатаваць, шыць, вязаць.
– А як жа захапіць гэтым прадметам школьнікаў?
– У першай чвэрці мы вывучаем кулінарыю – дзяўчаты займаюцца ёй з задавальненнем. Нават самі прапануюць штосьці прыгатаваць. А я часам даю ім выбар – напрыклад, калі рыхтуем рыбу. І, трэба сказаць, ў 9 класе ўжо досыць складаныя стравы гатуем. Вельмі прыемна, калі прыходзяць і кажуць, што дома я згатаваў вось тое і тое і, самае галоўнае, – сам.
А вось калі праходзім швейную справу, у некаторых узнікаюць цяжкасці, асабліва калі трэба шыць на швейнай машыне. У 5 класе шыем фартух, у 6-м – сервіраваную сурвэтку, у 7-м – сумку-шопер, у 8-м – падушку на канапу, дарэчы, досыць няпростую – на маланцы, з аплікацыяй, у 9-м – прыхватку. Лічу, што цяжэй за ўсё ў 5 класе, бо спачатку вучымся рабіць чарцёж, пасля – выкрайку, потым пераносім ўсё на тканіну і толькі тады шыем.
– Які Вы настаўнік: строгі, патрабавальны ці больш лаяльны?
– Мне падаецца, што я вясёлая і вельмі дэмакратычная. Стараюся заўсёды даць права выбару дзіцяці, нават калі ў яго штосьці зусім не атрымліваецца, дапамагу так, каб ён адчуў, быццам бы сам усё зрабіў.
– Што ў такія хвіліны назіраеце, калі школьнік трымае рэч, зробленую ўласнаручна?
– Бясспрэчнае пачуццё радасці і задавальнення. Нават па той жа сумцы-шоперы, якую пасля самі і носяць. А вось падушкі на канапу, ведаю, што дораць, сурвэткі стараюцца вышыць да свята 8 сакавіка, каб пасля павіншаваць дарагіх людзей. Тое ж самае адбываецца і з карцінамі, якія вырабляем у аб’яднанні па інтарэсах падчас заняткаў у шосты школьны дзень. Для таго, каб іх зрабіць, выкарыстоўваем японскую тэхніку кінусайга. Яна лёгка выконваецца: бярэцца пенапласт, на яго наносіцца малюнак, праразаюцца канаўкі для тканіны і клеюцца – атрымліваецца прыгожа і, што немалаважна, танна. Пасля ўсё можна пакрыць лакам, і работа будзе захоўвацца доўгі час. Увогуле, для дзяцей гэта тэхніка цудоўна падыходзіць.
– З усіх рамёстваў, якія выкладаеце, што Вам бліжэй?
– Чым мне падабаецца абслугоўваючая праца, што гэты прадмет – рознабаковы. Мы не сядзім і не шыем на працягу навучальнага года, а ў кожнай чвэрці вучымся нечаму новаму. Асабіста мне падабаецца вось гэты пераход – ад адных заняткаў да зусім іншых.
– Як прыйшлі да алімпіяднага руху?
– Успамінаецца пачатак работы. Першай маёй вучаніцай, якая прыняла ўдзел у прадметнай алімпіядзе па працоўным навучанні, была Маша Цмыкава. Мы пачалі займацца толькі ў 8 класе, але на раённым узроўні яна адразу атрымала дыплом III ступені. Для мяне гэта было сапраўднае шчасце! Поспех стаў прыступкай і натхніў на далейшыя дасягненні. На наступны год мы выйшлі на вобласць і ўзялі там дыплом III ступені. Пасля алімпіядніцай стала Ганна Радзівілка, аднак і яна вышэй узняцца не змагла. У мяне ўзнікла адчуванне, што мы заселі на такім узроўні. Доўга шукалі прычыны, аналізавалі, займаліся ў два разы больш, а далей атрыманага выніку – аніяк.
Падчас алімпіяд за выкананне практычных заданняў даюць 60 працэнтаў балаў, за тэорыю – 40. Таму я больш увагі надаю практыцы. А з цягам часу зразумела: трэба не менш займацца тэорыяй – шмат чытаць рознай літаратуры, вывучаць, разбіраць. У выніку нам удалося “праскочыць” другое месца і стаць уладальнікамі дыплома I ступені на абласных спаборніцтвах. А далей у нашай капілцы пайшлі перамогі на рэспубліцы, якія зараз атрымлівае мая цяперашняя вучаніца Алена Рубан.
Хачу адзначыць, што выкладанне прадмета ў школе і ўдзел у алімпіядах – не адно і тое ж. Часам бываюць такія пытанні, што і сама не ведаю на іх адказ. Вось Алена ездзіла на вобласць апошні раз і гаварыла, што адно творчае заданне было пра валянне. Мы яго ўвогуле не бралі ў разлік.
– Як знаходзіце такіх дзяцей? Як зразумець, што яны гатовы дасягаць вынікаў?
– Вельмі важна, каб у дзіцяці атрымлівалася тое, на што ён прыкладае вялікія намаганні. Заўважыла: у кожнай маёй алімпіядніцы ёсць свае “фішачкі”. Напрыклад, Ганна Радзівілка ўмела вельмі прыгожа вязаць, а ў Алены Рубан ўдала атрымліваецца вышыўка. Таксама такім дзецям павінна быць уласціва пачуццё саперніцтва.
– Ведаю, што Ганна выбрала абслугоўваючую працу сваёй будучай прафесіяй і зараз вучыцца на настаўніцу. Алена ў наступным годзе ўжо выпускніца. Ці знайшлі ім замену?
– Так, сёлета ўзяла на падрыхтоўку вучаніцу 6 класа Анастасію Бітэль. Адразу бачны яе залатыя рукі і разумная галава. На яе ўскладаю вялікія надзеі. Але прадугадаць, што будзе далей, ці выйдзе яна на высокі ўзровень – цяжка. Не ўсе вытрымліваюць нагрузку і сыходзяць з дыстанцыі: некаторым складана займацца пасля ўрокаў, хадзіць на дадатковыя заняткі ў суботу. Былі ў мяне такія выпадкі. Хаця намаганняў укладзена вельмі многа.
– У свеце ўсё мяняецца, можна сказаць, сямімільнымі крокамі. Тое, што было запатрабавана раней, страчвае пазіцыі. Як, на Ваш погляд, захаваць цікаваць да прадмета, які выкладаеце?
– У кожнага маладога пакалення свае погляды і арыенціры. Некаторыя, калі праходзім вязанне, гавораць: “Навошта вучыцца таму, чым займалася яшчэ мая прабабуля? Каму гэта сёння патрэбна?” Так, складана пераламаць такое мысленне. Аднак у народзе трапна заўважана, што любую навуку не трэба насіць за плячамі. Нашы продкі мудра казалі: “Дай Бог усё ўмець, але не ўсё рабіць”.
Алена ЗАЛЕСКАЯ