Дзве вялікія перамогі сёлета атрымалі музычны кіраўнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці гарпасёлка Івянец Рэната КАЗАКОВА і яе здатныя вучаніцы. Так, у маі дыплом лаўрэата I ступені на VI міжнародным конкурсе выканальніцкіх відаў мастацтва “Сябры-2023” у намінацыі “Супер малыш” (сола) заваявала Таццяна Кабачэнка. Эліна Адамовіч стала ўладальніцай дыплома III ступені на міжнародным конкурсе “Новыя вяршыні-2023”, што адбыўся ў сакавіку.
Як запальваюцца маленькія зорачкі? Сакрэтамі падзялілася таленавіты педагог.
– У першую чаргу, не важна – маленькая гэта зорачка ці вялікая, яна павінна інтанаваць: чыста перадаваць гукі (ноты) голасам. Па-другое, дзіця павінна быць артыстычным. Мець эмацыянальную чуласць на музыку, умець пераўвасабляцца ў музычна-гульнявы вобраз. Вось мая першая лаўрэатка была пчолкай: апранула касцюм, запела і знаходзілася ўся ў гэтым вобразе. Безумоўна, немалаважнае значэнне мае жаданне дзіцяці, хаця ў дашкольным узросце ўсе дзеці хочуць выступаць і быць артыстамі.
– А не губляюцца яны на вялікай сцэне?
– Мае дзве прыгажуні паводзілі сябе настолькі ўпэўнена, што здзівілі. Больш таго, скажу: я не стаяла ў зале як некаторыя педагогі, а знаходзілася на сцэне за кулісамі. Яны адчувалі гэты эмацыянальны кантакт – дзіцяці з музычным кіраўніком, бо маленькія дзеці вельмі прывязаныя. Напэўна, гэта дапамагло.
Я ўпершыню была на міжнародных конкурсах. Мне самой было цікава даведацца, як усё адбываецца. Гэта канвеер: ты выступіў па таймеры ў 13.53, і праз хвіліну-дзве ўжо новы ўдзельнік прадстаўляе свой нумар. Няма там ніякіх чокаў, як у музычным асяроддзі гавораць: маўляў, выйшаў на сцэну, папеў, паглядзеў, праверыў гук. Такога няма.
– А як увогуле Вы выйшлі на першы конкурс “Новыя вяршыні-2023”?
– Мне прапанавала кіраўнік нашага цэнтра развіцця дзіцяці Кацярына Мікалаеўна Мазанік. На ўстанову прыйшло палажэнне, уважліва яго вывучыла і вырашыла паспрабаваць. Так як гэта было ўпершыню, досыць часта званіла, нешта пыталася. А вось на другі конкурс “Сябры-2023” мяне ўжо запрасілі самі арганізатары. Гэта той жа праект, тыя ж арганізатары – Саюз музычных дзеячаў, Мінскі каледж мастацтваў імя Глінкі.
– Як падбіралі ўдзельніц і музычныя нумары?
– У мяне ёсць маленькая артыстка Эліна Адамовіч, з якой займалася з сярэдняга садаўскага ўзросту. Яна выступала на праекце “Чарнобыльскі шлях”, які прыязджае да нас у Івянец, там таксама дыплом атрымала. Заўсёды спявае на мерапрыемствах, што праводзяцца ў нашай дзіцячай установе. Увогуле, Эліна – таленавітая дзяўчынка ва ўсіх кірунках: адкрытая, артыстычная, добрая, вельмі любіць спяваць, танцаваць. Яе старэйшая сястра таксама займалася вакалам, ездзіла на конкурсы і, можна сказаць, стала прыкладам для Эліны. Ды і сама сям’я адораная: дзядуля Барыс добра спявае, таму, напэўна, усё перадалося ўнучкам генетычна.
– Адразу настройваліся на поспех?
– Не – мы толькі спрабавалі, хаця ведаю, якія музычныя нумары будуць у выйгрышы, у мяне ёсць свае фішкі. Рэпеціравалі кожны дзень па 15-20 хвілін – для дашкольніка дастаткова, бо маленькія дзеці хутка стамляюцца. З Элінай было займацца прасцей: патлумачыла, дзе яна будзе стаяць на сцэне і як сябе трэба паводзіць там. А вось Таццяну Кабачэнка спачатку давялося выводзіць на чыстае гучанне, бо ў яе маленькі дыяпазон. Ну і, безумоўна ж, настройвала, што яны будуць выступаць на вялікай сцэне, каб ім пасля не было страшна. Ведаеце, дзесьці глыбока ў падсвядомасці была ўпэўнена ў іх. Хаця заўсёды ёсць нотка сумненняў. Але ў нас усё атрымалася.
– А што можаце сказаць пра другую лаўрэатку?
Танюша – баец: калі яна чагосьці хоча – абавязкова даб’ецца. Менавіта так і казала ёй: “Бачыш, якіх вынікаў дасягнула Эліна?” Паказала відэа з выступленнем. Да таго ж, Танюша гуляе ў шашкі, шахматы – удала спалучае матэматычны склад розуму з творчасцю. Бацькі стараюцца развіваць дачушку.
– Калі выступала першая канкурсантка, што адчувалі ў гэты момант?
– Вельмі хвалявалася. Стаяла за кулісамі і прапявала разам з ёй усю песню.
– Адкрываючы іх музычны талент, як педагог, адчуваеце, што яны ў далейшым могуць пайсці па гэтай сцежцы?
– Безумоўна. Аднак давядзецца шмат працаваць, бо, якім бы ты не быў таленавітым, без намаганняў нічога не атрымаецца. А для гэтага патрэбна жаданне. Ну а жаданне калі з’яўляецца? Як дасягнуў чагосьці. Спадзяюся, што поспех стане стымулам не толькі для маленькіх артыстак, але, у першую чаргу, для іх бацькоў. Думаю, яны зразумелі, што дзяўчынак трэба падтрымліваць і накіроўваць.
– Што асабіста Вам прынеслі дзве такія вялікія перамогі?
– Прыемна, што мае дзяўчынкі дасягнулі высокіх вынікаў. Дзяцей вельмі люблю і моцна да іх прывязываюся, таму крыху шкада, што яны пакідаюць дзіцячую ўстанову і ідуць у школу. Застаецца адкрываць новыя імёны і запальваць новыя зорачкі!
Алена ЗАЛЕСКАЯ