Падведзены вынікі раённага конкурсу юных творцаў “Маладыя галасы-2023”. З гэтай нагоды ў раённым цэнтры культуры адбылася літаратурная сустрэча, дзе пачынаючыя паэты-пераможцы атрымалі свае заслужаныя ўзнагароды.
На конкурс было даслана звыш 50 вершаў – гэта найбольш значная лічба за мінулыя гады. На суд журы, куды ўвайшлі члены народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, што працуе пры раённым цэнтры культуры, былі прадстаўлены як паэтычныя, так і празаічныя творы на беларускай і рускай мовах. Хочацца адзначыць, што найбольшую актыўнасць праявілі вучні Ракаўскай сярэдняй школы, таму на мерапрыемства яны завіталі вялікай і дружнай камандай.
Упершыню ў конкурсе прынялі ўдзел маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 31 года. Юнакі і дзяўчаты парадавалі журы выдатнымі вершамі. Узнагароды ім уручыла член Саюза пісьменнікаў Беларусі Марыя Шакун, якая большую частку свайго жыцця служыць паэзіі. Пераможцам быў прызнаны ваеннаслужачы Аляксей Герман, навуковы супрацоўнік Валожынскага краязнаўчага музея Таццяна Васільева атрымала Дыплом II ступені, навучэнка 2 курса Маладзечанскага медыцынскага каледжа Ганна Субота – Дыплом III ступені.
Вядомым людзям Валожынскай зямлі, чые юбілейныя даты сёлета адзначаем, была прысвечана намінацыя “Наш край Валожынскі багаты і творчых многа тут людзей”, у якой Дыпломам I ступені за верш “Роднаму краю” ўзнагароджана вучаніца Суднікаўскай сярэдняй школы Віялета Сяўрук.
У намінацыі “Удзячнай памяці агні асвецяць мірныя нам дні”, прымеркаванай да Году міру і стварэння, прынялі ўдзел шматлікія юныя, адораныя талентам паэты рознага ўзросту. Сярод старэйшых школьнікаў перамогу святкавала вучаніца сярэдняй школы № 1 г. Валожына Яна Бычкоўская, вучаніца гэтай жа навучальнай установы Валерыя Юроіць была ўзнагароджана Дыпломам III ступені. Дыплом II ступені з рук члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталлі Жызнеўскай атрымала вучаніца сярэдняй школы № 2 райцэнтра Дар’я Селіверстава.
У малодшай узроставай катэгорыі дыпломы I, III і II ступені адпаведна ўручаны вучаніцам Ракаўскай сярэдняй школы Сабрыне Калевіч і Веры Састраўчук, Пугачоўскай сярэдняй школы Яне Шніп.
Самыя пяшчотныя пачуцці сваіх душ пачынаючыя паэты апісалі ў вершах, што ўвайшлі ў намінацыю “У юных сэрцах хваляванне”. Пераможцай тут стала вучаніца Ракаўскай сярэдняй школы Арына Жадзейка. 2-е масца ў гэтай катэгорыі падзялілі вучаніцы сярэдняй школы № 1
г. Валожына Ганна Санюковіч і Пяршайскай сярэдняй школы Аліна Парэцкая, 3-е – вучаніцы гімназіі № 1 райцэнтра Аляксандра Янковіч і Ракаўскай сярэдняй школы Дар’я Шацько. Узнагароды ім уручыла ўдзельніца народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання Рунь Надзея Агіевіч, якая сама піша прыгожыя лірычныя вершы.
Натхнёнымі і вельмі рознымі былі вершы ў намінацыі “Мае вы родныя мясціны. З рук члена Міжнароднага Саюза Рускамоўных Пісьменнікаў Марыі Мучынскай у старэйшай узроставай катэгорыі дыпломы I ступені атрымалі вучаніцы Пугачоўскай сярэдняй школы Дар’я Сымановіч і Ракаўскай сярэдняй школы Анастасія Каваленка, II ступені – вучаніца Ракаўскай сярэдняй школы Надзея Хлябовіч. У малодшай узроставай катэгорыі перамогу святкавалі адразу дзве ўдзельніцы конкурсу – вучаніцы сярэдніх школ № 1 і № 2 райцэнтра Валерыя Стасяловіч і Арына Калеснікава. 2-е і 3-е месцы адпаведна ў вучняў Ракаўскай сярэдняй школы Дзмітрыя Андрэева, Ксеніі Бандзік і Уладзіславы Савук.
З усмешкай і гумарам ідуць па жыцці рабяты з Ракаўскай сярэдняй школы, што даслалі свае вершы ў намінацыі “На жартоўнай хвалі”. Яна Васілеўская заваявала тут Дыплом I ступені, а група рабят у складзе Кацярыны Акуловіч, Вірсавіі Вішнеўскай, Арцёма Лугоўскага, што сумесна напісалі байку “Роздум пра будучае”, – Дыплом II ступені.
Сёлета ўпершыню ў конкурсе з’явілася намінацыя “Уецца думак карагод” (вершы на вольную тэму). У старэйшай узроставай катэгорыі член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аксана Мітрошчанкава ўручыла Дыплом I ступені вучаніцы Ракаўскай сярэдняй школы Веры Састраўчук, Дыплом II ступені – вучаніцы сярэдняй школы № 1 г. Валожына Паліне Поляк, Дыплом III ступені – вучаніцы Пяршайскай сярэдняй школы Аліне Парэцкай.
У малодшай узроставай катэгорыі асобна хочацца адзначыць самага юнага ўдзельніка конкурсу “Маладыя галасы-2023”, вучня гімназіі № 1 г. Валожына Паўла Жылевіча, песня “Спыніце час” якога набрала найбольшую колькасць балаў сярод усіх твораў, што сёлета былі дасланы. Таму ён заслужана атрымаў Дыплом I ступені. Дыпломамі II ступені ўзнагароджаны вучаніцы Ракаўскай сярэдняй школы Арына Богуш і Сабрына Калевіч, Дыпломамі III ступені – вучань Гародзькаўскай сярэдняй школы Міхаіл Жардзецкі і вучаніца сярэдняй школы № 1 райцэнтра Валерыя Стасяловіч.
Разам з дыпломамі пераможцы конкурсу атрымалі невялікія падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, спонсараў конкурсу – Мінскага дэльфінарыя “Немо”, ІП Бітэль і іншых індывідуальных прадпрымальнікаў з Валожына, а таксама кнігі ад удзельнікаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”.
Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара
Яна БЫЧКОЎСКАЯ,
вучаніца 10 “А” класа сярэдняй школы № 1 г. Валожына
Люблю Радзіму
За што люблю Радзіму я?
За тое, што зямля мая,
Што жаўранак спявае ў небе,
Што на стале ёсць бохан хлеба.
Люблю за тое, што пралескі
Спраўляюць баль свой на узлесках.
Люблю за тое, што буслянкі
Вітаюць песняю нас зранку.
Што мама любіць усміхацца,
І што не трэба нам баяцца,
Бо не страляюць, ціха тут,
І людзі дружна ўсе жывуць.
Для шчасця шмат нам і не трэба,
Было каб чыстым наша неба,
Каб на усім вялікім свеце
Спакойна спалі нашы дзеці.
Дар’я СЕЛІВЕРСТАВА,
вучаніца 10 класа сярэдняй школы № 2 г. Валожына
Удзячнай памяці агні
Асвецяць мірныя нам дні,
Нам справы да вайны не будзе,
Калі мы мірныя ўсе людзі.
Дзяды, бабулі ваявалі,
Каб мы ўсе мірна існавалі,
Жылі, вучыліся, кахалі
І лепшае з жыцця мы бралі.
Яны для нас стварылі цуда,
За мір наш склалі галаву,
Каб у будучыні мы згадалі
З падзякай добрай старыну.
Боль, голад, страту перанеслі,
Але да моладзі данеслі
Яны галоўнае багацце,
Што толькі ў міры наша шчасце.
Для маці – век любіць дзяціну,
Для хлопца – пакахаць дзяўчыну,
Для дзетак – каб здаровая была
Уся іх родная сям’я,
Каб смачныя цукеркі
Прыносіў бацька кожны дзень
Ад зайчыка, што ў лесе пакідаў,
А тата іх дамоў збіраў…
Ўспаміны нашыя прыемны:
І водар хлеба на стале,
І бульба з салам у патэльні,
Блінцы з малінавым варэннем,
Пахучы водар сырадою
Ўсплыве ізноў перад табою…
І стане добра на душы,
Калі ўсё гэта ў цішы
Перад вачамі прамільгне,
Як быццам у дзівосным сне…
Сабрына КАЛЕВІЧ,
вучаніца 7 “А” класа
Ракаўскай сярэдняй школы
Мир во всем мире
Мир нужен всем,
Как взрослым, так и детям.
Чтоб не было войны,
Пусть будет каждый
Человеком!
Война – это мрак!
Война – это ужас!
Наш мир без забот –
Это мир без войны!
Вы, люди, поймите:
Без мира нельзя!
Планета без мира
Всегда – темнота!