Валожынскі сельскагаспадарчы каледж узнагароджаны дыпломам II ступені ў абласным конкурсе “Лепшае афармленне музейнага кутка, прысвечанага памяці ахвяр генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд”.
Праца па яго стварэнні вялася на працягу 2022 года. Асноўным напрамкам дзейнасці стала вывучэнне фактаў і падзей Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна. Работа праводзілася ў аб’яднанні па інтарэсах “Краязнавец”. У выніку вывучэння архіўных дакументаў, пратаколаў допытаў, кніг і працы з электроннай базай даных “Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, былі створаны карта і спіс спаленых вёсак і хутароў раёна, зроблены макет спаленай вёскі.
Лагічным працягам дзейнасці па стварэнні кутка генацыду стала экскурсія па месцах спаленых вёсак. Яе маршрут: Валожын – Доры – Лапіцы – Баравікоўшчына – Пяршаі. Пры распрацоўцы маршруту выкарыстоўваўся раней створаны спіс спаленых вёсак. Перавага была аддадзена тым месцам, дзе ўстаноўлены мемарыяльныя комплексы і помнікі, а таксама месцы з найбольшай колькасцю загінуўшых. Пры садзейнічанні Валожынскага краязнаўчага музея і навучэнцаў, якія пражываюць у гэтых рэгіёнах, удакладнены месцы размяшчэння некаторых помнікаў.
У рамках даследчай работы па праекце быў прэзентаваны экскурсійны маршрут “Генацыд беларускага народа на Валожыншчыне”.
Святлана ЯРАВІЦЫНА, выкладчык гісторыі, права і грамадазнаўства:
– Асноўнай задачай пры стварэнні кутка генацыду было арганізаваць дзейнасць так, каб атрымаць адукацыйнае асяроддзе, у якім навучэнцы маглі б набываць даследчыя навыкі. Бо даследчая дзейнасць у самым шырокім сэнсе – гэта дзейнасць, якая рэалізуе пазнавальныя і інтэлектуальныя патрэбы асобы і якая выпрацоўвае новыя веды.
Арганізацыі экскурсіі папярэднічаў вялікі аб’ём работы. Галоўнай задачай стала не простае наведванне месцаў трагедыі, а максімальнае далучэнне навучэнцаў да падзей мінулага. Для гэтага вывучаліся пратаколы допытаў, успаміны жыхароў. Работа з дакументамі дае больш глыбокае яе разуменне, дазваляе аднавіць ход падзей. Навучэнцы могуць перанесціся ў часе, адчуць сябе сведкамі таго, што адбылося. Не проста глядзець на помнік, а ўявіць карціну тых жудасных падзей. Пры гэтым атрымаць інфармацыю не пра “сухія” безэмацыянальныя факты, а пранікнуцца спачуваннем да простых жыхароў вёскі, якія сталі ахвярамі нямецкіх карных атрадаў.
Дзякуючы такім экскурсіям, навучэнцы знаёмяцца з геаграфіяй роднага краю, яго гісторыяй. Праз экскурсію адбываецца пазнанне і актыўнае ўзаемадзеянне з навакольнай рэчаіснасцю, што аказвае большае ўздзеянне на чалавечую асобу ў адрозненне ад вывучэння гісторыі ў навучальным кабінеце з выкарыстаннем падручнікаў і фатаграфій гэтых аб’ектаў. Па гэтай прычыне экскурсія з’яўляецца важным сродкам выхавання патрыятызму.
Патрыятычная свядомасць у моладзі, заснаваная на падзеях і ўроках Вялікай Айчыннай вайны, мае дзве важныя асаблівасці. Па-першае, гэта адначасова гістарычная свядомасць, якая ахоплівае рацыянальны кампанент у светаразуменні, уплывае на эмацыянальна- пачуццёвы бок яго жыццядзейнасці. Па-другое, развіваючы патрыятычную свядомасць моладзі, мы забяспечваем захаванне гістарычнай памяці аб гераічнай перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Памяць пра гераічныя ўчынкі нашых суайчыннікаў нясе зарад духоўнага яднання, садзейнічае пераемнасці пакаленняў.
Аліна ВАРАБ’ЁВА, навучэнка 3 курса:
– Мне вельмі спадабалася працаваць у музеі каледжа. Там мы праводзілі даследчую работу і ўдзельнічалі ў стварэнні кутка генацыду. Асабліва была ўражана, калі знаёмілася з пратаколамі допытаў і ўспамінамі мясцовых жыхароў. Мы вывучалі некалькі гістарычных крыніц і спрабавалі ўзнавіць дзень трагедыі, малявалі картасхемы. Калі чытаеш пратакол, то ў цябе ў галаве малюецца карціна тых падзей, пра якія ўспамінае сведка. Ты чуеш гукі стрэлаў з аўтаматаў, царкоўны звон, крыкі людзей, адчуваеш пах дыму і бачыш, як удалечыні палае царква. А калі трапляеш на месца, дзе ўсё гэта адбылося, то ўражанне ўзмацняецца ў некалькі разоў. Замест палаючай царквы бачыш толькі падмурак з памятным надпісам аб колькасці загінуўшых. А побач з падмуркам – скульптурная кампазіцыя “Удовы. Загінуўшых чакаюць вечна”, прысвечаная тым, хто пайшоў на вайну і не вярнуўся. Яны ўсё яшчэ спадзяюцца, што іх сыны, мужы і бацькі вернуцца дадому…
Васіліса ПЫЖ, навучэнка 1 курса:
– Пасля вывучэння сведчанняў відавочцаў і пратаколаў допытаў мы адправіліся на экскурсію па месцах, дзе ўсталяваны мемарыяльныя комплексы ў памяць аб спаленых на тым месцы вёсак і хутароў. На жаль, многія хутары раёна так і не былі адноўлены. Напрыклад, хутар Лапіцы. Адзінае сведчанне аб тым, што там калісьці жылі людзі, – гэта мемарыяльны комплекс, які паказвае сцены драўлянага дома, у цэнтры яго – стары, жанчына і дзеці. Менавіта яны часцей за ўсё заставаліся ў вёсках і на хутарах, а немцы прыходзілі і забівалі, спальвалі іх жывымі. Так яны помсцілі за дзеянні партызан.
У памяць аб спаленых хутарах мы стварылі макет хутара да і пасля спалення. На адной палове – хутар у мірны час, на другой – абвугленыя дрэвы, выпаленая зямля, замест дамоў – груды абломкаў і ўцалелыя каміны печаў.
Я думаю, што вельмі важна вывучаць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, гэта дапамагае захаваць у памяці падрастаючага пакалення тыя жахі, з якімі давялося сутыкнуцца беларускаму народу. Мы збіраемся працягнуць даследчую работу і ў канцы мая адправімся ў экспедыцыю ў Налібоцкую пушчу, каб даследаваць дзейнасць партызан.
Алена ЗАЛЕСКАЯ