На 13 красавіка засеяны 1982 гектары, што складае 34 працэнты да задання. Самымі першымі прыступілі да працы сейбіты з “Гародзькаўскага”: тут тэхніка выйшла ў поле 6 красавіка.
Сельгаспрадпрыемствы масава прыступілі да сяўбы ранніх яравых культур.
Усяго яравы клін па раёне складае 6419 гектараў. На 5834 гектарах размесцяцца раннія яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры. З іх 3090 гектараў будзе займаць ячмень, 1390 – пшаніца, 696 – авёс, 575 – зернебабовыя.
Самыя вялікія плошчы пад веснавую сяўбу 2023 года адведзены ў “Гародзькаўскім” – 940 гектараў, у “Пяршаях-2014” – 800 гектараў, у “Агра-Дубінскім” і “Суднікаўскім” – па 710 і 720 гектараў адпаведна, у “Сівіцы” – 645 гектараў. У астатніх гаспадарках – ад 250 да 450 гектараў.
Напачатку тыдня мы пабывалі ў творчай камандзіроўцы ў “Багданаўскім”. Як расказаў дырэктар “Багданаўскага” Павел Родзь, яравую сяўбу даверылі самаму вопытнаму механізатару – Аляксандру Матусу.
– Такія людзі – на вагу золата, – сцвярджае Аляксандр Іванавіч. – Увосень адзін засеяў больш за тысячу гектараў азімых культур, а зараз шчыруе на веснавой сяўбе. Даверанай тэхніцы каля 10 гадоў, а выглядае яна, як новенькая. Усю сам перабраў, праверыў кожную дэталь і надзейна выйшаў у поле. Працуе так, што залюбуешся.
Перадавога сейбіта мы засталі на палетках ля вёскі Войштавічы. Тут жа падрыхтоўкай глебы займаўся Міхаіл Грынкевіч, на падвозцы насення заняты Дзяніс Давідовіч. За якасцю работ спраўна сачыў галоўны аграном Віктар Трус.
– Яравы клін у нас складае 400 гектараў, – паведаміў Віктар Пятровіч. – Вось тут на 34 гектарах размесціцца ячмень гатунку “магутны”, на полі каля Вайганаў пасеялі эліту гэтай культуры. Увогуле, каб быць з ураджаем, мы набылі 7200 тон эліты ячменю гатункаў “магутны” і “аванс” на эксперыментальнай базе “Натальеўск” Чэрвеньскага раёна, таксама закупілі 4 тоны эліты аўсу гатунку “шанс”. Увосень зрабілі стаўку на азімы рапс і пасеялі 100 гектараў гібрыднага гатунку “кельтар” – спадзяёмся, што ён нас не падвядзе. Перазімавалі ўсе азімыя добра.
На полі каля вёскі Рымавічы ў пары працавалі Яўген Харэвіч, задзейнічаны на падвозцы КАСа, і Андрэй Шыдлоўскі, які на “Расе” ўносіў вадкія мінеральныя ўгнаенні. Механізатары займаліся падкормкай шматгадовых траў.
Таксама дзве гаспадаркі прыступілі да сяўбы аднагадовых культур: “Бабровічы” і “Сакаўшчына-Агра”. З 2100 гектараў запланаваных плошчаў засеяны першыя 100 гектараў.
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА