Скралі маёмасць
Невядомы адамкнуў навясны замок на дзвярах гаража аднаго з домаўладанняў у аг. Багданаў і скраў адтуль кутнюю шліфавальную машынку “Metabo”, у выніку чаго нанёс гаспадару матэрыяльны ўрон на суму 250 рублёў.
Падчас наведвання масажнага кабінета аднаго з санаторыяў раёна невядомая асоба скарысталася момантам і скрала залаты ланцужок з крыжыкам, што належаў адной з адпачываючых, на агульную суму больш за 1027 рублёў.
Нідзе не працуючая жыхарка аг. Ракаў, 1969 года нараджэння, у кастрычніцкі вечар завітала ў адзін з дамоў гэтага населенага пункта і там скрала з серванта 120 рублёў.
Ва ўсіх трох выпадках раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджаны крымінальныя справы.
Гора-бацькі
Узбуджаны крымінальныя справы ў адносінах да неаднаразова судзімай жыхаркі вёскі Ласокіна, 1981 года нараджэння, і жыхара райцэнтра, 1996 года нараджэння. Па рашэнні суда кожны з іх абавязаны вяртаць грошы, якія трацяцца дзяржавай на выхаванне іх непаўналетніх дзяцей, але гэтыя гора-бацькі наўмысна ўхіляюцца ад пакрыцця выдаткаў.
Мілыя сварацца…
У вёсцы Новы Двор нідзе не працуючы мужчына, 1972 года нараджэння, на бытавой глебе ўчыніў жонцы скандал. Ён моцна крычаў і груба лаяўся на жанчыну. Да прыезду супрацоўнікаў міліцыі канфліктуючыя бакі памірыліся, пацярпелая адмовілася прыцягваць мужа да адказнасці.
Падобная сітуацыя адбылася і ў вёсцы Люціна. Мужчына, 1957 года нараджэння, у адносінах да жонкі паводзіў сябе агрэсіўна, і ад той паступіла заява аб прыцягненні апошняга да адказнасці. У выніку супрацоўнікамі міліцыі быў складзены адміністрацыйны пратакол.
Турма па ім плача
Нідзе не працуючы, раней ужо судзімы жыхар вёскі Дубіна Юрздыцкая, 1982 года нараджэння, у стане алкагольнага ап’янення знаходзіўся па месцы свайго жыхарства. Падчас сваркі на глебе асабістых непрыязных адносін са сваёй былой сужыцелькай ён стаў біць апошнюю рукамі і нагамі па розных частках цела, паваліў на падлогу і пачаў скакаць ёй на галаву, грудзі. Пры гэтым мужчына выказваў у адрас сваёй ахвяры пагрозы забойствам. Дэбашыр затрыманы і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання, у адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа.
Адкажуць па законе
У 1985 годзе пенсіянер з Мінска, які нарадзіўся ў вёсцы Бярова, непадалёк гэтага населенага пункта знайшоў 26 патронаў, якія з’яўляюцца боепрыпасамі да ручной стралковай наразной агнястрэльнай зброі, і магазін да іх, перанёс усё гэта багацце ў дом, што дастаўся ў спадчыну ад бацькоў, схаваў пад шафу і незаконна там захоўваў. Недзе год назад хату абрабавалі. Гаспадар напісаў заяву ў міліцыю, але пра крадзеж небяспечнага “скарбу” ён наўмысна не паведаміў. У адносінах да яго, як і да злодзея, 1988 года нараджэння, што завітаў у 2022 годзе пажывіцца, узбуджана крымінальная справа.
Матэрыял па міліцэйскіх зводках
падрыхтавала Анжэла РАДЫНА