Лепшым аператарам жывёлагадоўчага комплексу Тамара МАРКЕВІЧ з сельгасупраўлення “Бабровічы” названа нездарма: сярэднясутачныя прывагі на ўтрыманні цялят у яе групе летась склалі 936 грамаў.
Нарадзілася на Гомельшчыне. Атрымала адукацыю бухгалтара – у прафесіі была больш за адзінаццаць гадоў. А пасля змяніла месцажыхарства на Мінскую вобласць і прыйшла ў сельскую гаспадарку: пачынала паляводам, апошнія гады працуе жывёлаводам.
– У нас былі невялікія заработныя платы, таму, каб зарабіць, мы разам з брыгадай ездзілі на розныя работы, – расказвае Тамара Васільеўна. – Цялят я ўжо даглядаю 10 гадоў, амаль два з іх – у “Бабровічах”. На “выхаванні” ў мяне каля 100 цялятак – ад нараджэння да 3-х месяцаў. Калі карова расцеліцца, выпойваю малодзівам, далей пры дапамозе малочнага таксі тройчы на дзень даю малако, затым пераводжу на двухразовае малочнае харчаванне. Паступова дабаўляю камбікармы, сена, падсцілаю – даглядаю, як за маленькімі дзеткамі.
Старанная праца, памножаная на час, заўсёды прыносіць вынік. Работу сваю люблю, атрымліваю ад яе задавальненне. Аднойчы ў мяне запыталіся, за што я яе люблю. Адказала: “Вы не ўяўляеце, які ў мяне харошы калектыў! Прыйду раніцай – а яны мяне ўжо чакаюць: усе рукі абліжуць-абцалуюць. Хутчэй пакармлю і бачу, як задаволены, прыбываюць у вазе. Яны мяне не абгаворваюць, а толькі радуюцца, што пра іх клапоцяцца і даглядаюць. Скажыце: дзе я яшчэ знайду такі калектыў?!” Ёсць у мяне і любімчыкі: калі перадаю ў старэйшую групу, кажу: “Вось гэтага не крыўдзіце, бо ён надта спакойны і сарамлівы”. Цяляткі, як і людзі: кожны са сваім характарам, але ўсе любяць ласку і дабрыню.