Лепшай арганізацыяй сельскай гаспадаркі прызнана сельгасупраўленне “Бабровічы” ВРУП “Мінскаблгаз”, якім кіруе Юрый БЯЛЯЎСКІ.
Сакрэтамі поспеху падзяліўся дырэктар:
– Кадры, людзі– усё залежыць ад іх, – расказаў Юрый Генрыхавіч, – ад іх мэтанакіраванасці і жадання працаваць. На жаль, на нашым сельгаспрадпрыемстве назіраецца вялікая ратацыя работнікаў, але стараемся падбіраць лепшых. Чым можна зацікавіць сёння моладзь ехаць на вёску: жыллём і заробкам. Заработная плата ў нас, лічу, высокая: у сярэднім 1 тысяча 780 рублёў. Умовы працы таксама добрыя – ніхто ўжо не падкідвае корм жывёле вілкамі, усё робіцца механізавана, з дапамогай сучаснай міні-тэхнікі.
Пачалі будаўніцтва новага трохпавярховага 24-кватэрнага дома. Будуемся дзякуючы падтрымцы “Мінскаблгаза” – спадзяюся, што сёлета да восені здадзімновабудоўлю ў эксплуатацыю. Гэта жыллё для спецыялістаў, бо будзе ўводзіцца новы комплекс – цэх раздою ў Саланой, дзе будзе ўтрымлівацца 500 галоў. Сюды патрэбны яшчэ 20 работнікаў.
Увогуле, дойны статак у нас складае 1300 кароў, агульнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы – 4700. За мінулы год надаілі на карову 7430 кілаграмаў, ці 102 працэнты да ўзроўню 2021 года. Таварнасць малака склала 92,3 працэнта – на 1,4 пункта больш. Рэаліазавана малака 9505 тон, што складае 102 працэнты.Сортам “экстра” прададзена 95 працэнтаў малака.
Валавыя прывагі за 2022 год склалі 891 тону, ці 93 працэнты. Гэты паказчык крыху не дацягнулі: ферму “Паморшчына” закрылі ў сувязі з санітарнай зонай, утварылася скучанасць жывёлы і адсюль меншыя прывагі. Таму перайгралі сітуацыю: маленькіх 2-месячных бычкоў прадаём, каб не загружаць жывёлу ў сябе. Асноўную стаўку робім на цялушачак, бо іх можна выгадаваць, пакрыць, атрымаць цялё і ў далейшым малако, ці прадаць як першацёлку і таксама атрымаць нядрэнныя грошы. Дарэчы, летась мы прадалі 130 цялушак, сёлета ўжо паставілі на каранцін 30 і яшчэ столькі ж плануем у бліжэйшы час. Гэта цялушкі, якія будуць цяліцца праз месяц. Жадаючых іх купіць вельмі многа – пакуль рэалізуем толькі на тэрыторыі Мінскай вобласці.
У планах – увайсці ў племядро па абердзіна-ангускай парозе жывёлы, што дасць магчымасць прадаваць яе даражэй. Летась 15 бычкоў набыло само племпрадпрыемства на ўзнаўленне ў сябе, таксама партыю прадалі на мясакамбінат у “Александрова”.
Безумоўна, у сельскай гаспадарцы рабіць складана. Я сам з дзяцінства вырас на ферме – там працавалі мае бацькі, таму не на словах ведаю сялянскія клопаты. Работа на зямлі заўсёды была “з салёным потам”: яна, карміцелька наша, любіць мазолістыя рукі, увагу і клопат да сябе. Толькі тады і аддзячвае. Такая ўжо наша нялёгкая, але пачэсная справа – карміць краіну!
Па выніках 2022 года вытворчасць малака ў гаспадарцы склала 10295,1 тоны (101,2 працэнта), на адну карову атрымана 7430 кілаграмаў малака (+160 кілаграмаў), ураджайнасць зерневых культур дасягнула 61,1 цэнтнера з гектара (+15,9).