Сярод арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва, паліўна-энергетычнага комплексу ў перадавікі выйшла лінейна-дарожная дыстанцыя № 612 філіяла ДЭУ-61 РУП “Мінскаўтадар-Цэнтр”, якую ўзначальвае Аляксей СУХАЛЕТ.
За мінулы год выручка ад рэалізацыі работ і паслуг склала 1665 тысяч рублёў – рост у параўнанні з 2021 годам на 61,96 працэнта. Значна вырасла і заработная плата работнікаў.
Сакрэтамі поспеху дзеліцца кіраўнік:
– За мінулы год зроблена шмат, – расказаў Аляксей Міхайлавіч. – Праведзена 6909 квадратных метраў ямачнага рамонту дарог; адрамантаваны 160 пагонных метраў бар’ернай агароджы; апрацаваны 122 тысячы квадратных метраў пакрыцця аўтамабільных дарог супрацьгалалёднымі матэрыяламі, больш за 2 тысячы кіламетраў ачышчаны ад снегу; устаноўлены 4 смеццязборнікі, 12 лавак, адрамантаваны сцены і дахі аўтапавільёнаў і яшчэ многае іншае. Усім гэтым займаецца калектыў, у якім працуюць 22 чалавекі: хлопцы дружныя, старанныя – дзякуючы ім і маем вынікі. Сярод прафесіяналаў – Аляксандр Каранік, вадзіцель аўтамабіля МАЗ: робіць шмат гадоў, чулы, старанны, добрасумленны; Раман Травінскі – дарожны рабочы: 10 гадоў ужо на дарозе, калі трэба, і ноччу выйдзе на змену.
На абслугоўванні ЛДД-612 знаходзяцца 164 кіламетры аўтамабільных дарог па раёне, у тым ліку 9,8 кіламетра транспартных развязак: М-6 Мінск-Гродна, М-7 Мінск-Ашмяны – мяжа Літвы, Р-56 Маладзечна-Валожын, Р-54 Пяршаі-Івянец-Нясвіж, тры пад’езды да Валожына. Размешчаны 23 маставыя збудаванні, 174 водапрапускныя трубы. Безумоўна, дарога М-6 пасля рэканструкцыі ідэальная, а вось астатнія даводзіцца рамантаваць, каб яны знаходзіліся ў бяспечным стане – гэта адзін з галоўных крытэрыяў нашай работы.
Налічваюцца 12 адзінак тэхнікі, і хачу адзначыць, што задзейнічана яна практычна круглыя суткі. Апошнія зімы не даюць нам расслабляцца – як падмарозіць, за ноч даводзіцца рабіць па тры падсыпкі: хлопцы прыедуць, перакусяць, у 8 гадзін раніцы зробяць перазменку – і зноў за работу.З красавіка пачынаецца падрыхтоўка дарог да вясенне-летняга перыяду: мыццё, уборка ад пяску, падмятанне і афарбоўка, а пасля ўжо з мая плаўна пераходзім на абкошванне прыдарожных палос і ямачны рамонт, які, дарэчы, робім увесь час на працягу года пры спрыяльным надвор’і.
З дарожнай справай я звязаў свой лёс невыпадкова: менавіта ЛДД-612 узначальваў калісьці мой бацька, два родныя браты таксама працуюць у гэтай галіне. Таму мэтанакіравана скончыў БНТУ, два гады адрабіў у ДРБУ № 167, а з 2005 года працую тут, восьмы год з’яўляюся кіраўніком. Пасада вельмі складаная, бо на начальніку ўся адказнасць.
Паўтара года вялася рэканструкцыя нашага асноўнага будынка, што па вуліцы Шчарбіны. Умацавалі сцены, пабудавалі дадатковыя 4 боксы з ацяпленнем для “МАЗаў”, якія задзейнічаны на ўтрыманні дарог, зрабілі закрыты навес, правялі газ. І 1 лістапада мінулага года мы справілі “другое наваселле” – працаваць стала камфортна і прыемна.