Общество

Як правесці вольны час з карысцю, ведаюць у раённым цэнтры культуры

У Валожынскім раённым цэнтры культуры працуе 20 клубных фарміраванняў рознага кірунку. Работнікі ўстановы ўмела арганізуюць вольны час не толькі дзяцей, але і дарослых.

Жыхарам райцэнтра не аднойчы прыходзілася бачыць выступленні ўдзельнікаў узорнай студыі эстраднай песні “Праменьчыкі”, гурткоў выканаўцаў эстраднай песні “Зорка” і “Вясёлыя ноткі”, узорнага клуба “Грацыя”. Нумары гэтых калектываў з’яўляюцца ўпрыгажэннем любога канцэрта і заўсёды выклікаюць шквал бурных апладысментаў.

Пад кіраўніцтвам Лізаветы Шакун праходзяць заняткі ў гуртку «Умелыя ручкі»

У аб’яднаннях па інтарэсах “Умелыя ручкі” і “Візуальнае мастацтва” рабят навучаць вырабляць розныя цікавыя рэчы ўласнымі рукамі. Заняткі па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве ўтойваюць у сабе велізарныя магчымасці для фантазіі і інтуіцыі, для адчування радасці ручной працы як творчасці. Яны фарміруюць у дзяцей не толькі мастацкія здольнасці, але і камунікатыўныя навыкі.
Тых, хто жадае ўдасканальваць талент малявання, запрашаюць гурткі “Майстэрня цудаў” і “Карціна на палатне”. Апошні сёлета толькі распачынае сваю дзейнасць. Падчас заняткаў рабяты будуць вывучаць тут малюнак, жывапіс, кампазіцыю, якія з’яўляюцца найважнейшымі сродкамі пазнання свету і спасцігання ведаў эстэтычнага кірунку.

Развіць свае літаратурныя здольнасці і талент, набыць вопыт публічных выступленняў і навыкі мастацкага выканання паэтычных твораў хлопчыкі і дзяўчынкі рознага ўзросту могуць у гуртку “Летуценнік”.

Ігры на фартэпіяна навучаць у аб’яднанні “ALLEGRO”. Заняткі ў ім дапамогуць раскрыцца індывідуальнасці дзіцяці, далучыцца да лепшых узораў музычнай культуры, а таксама спрыяюць фарміраванню глыбокай цікавасці да музычнага мастацтва, дораць адчуванні прыгажосці і творчасці.

Вынікам карпатлівай працы песенных калектываў з’яўляецца іх выхад на сцэну

Тым рабятам, што любяць танцаваць, хочуць набыць новых сяброў і акунуцца ў чароўны свет канцэртаў і фестываляў, абавязкова трэба стаць удзельнікамі харэаграфічнага калектыву “Тандэм”, дзе яны змогуць асвоіць не толькі эстрадныя, але і народныя танцы.

Клубныя фарміраванні запрашаюць творчых і таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак, дзе ў кожнага з іх будзе магчымасць раскрыць сваю ўнікальнасць.

Работнікі культуры займаюцца таксама арганізацыяй вольнага часу і людзей старэйшага пакалення. У гэтым напрамку паспяхова працуюць клубныя фарміраванні па песенным мастацтве.

Шмат гадоў радуюць самабытнасцю ўдзельнікі народнага ансамбля народнай песні “Сваякі”, якія выконваюць музычныя кампазіцыі адпаведна з нацыянальнымі традыцыямі. Яны заўсёды жаданыя госці на сцэнічных пляцоўках як у раёне, так і за яго межамі. У рэпертуары ансамбля не толькі народныя, але і эстрадныя кампазіцыі беларускіх і рускіх аўтараў.

Вялікай папулярнасцю ў раёне карыстаецца народны хор ветэранаў працы “Спяваючыя сэрцы”. З дапамогай вопытнага кіраўніка тут пачынаюць спяваць нават тыя, хто раней ніколі гэтага не рабіў. Такім чынам у людзей сталага ўзросту ёсць выдатны спосаб упрыгожыць свой вольны час і правесці яго з карысцю.

Народнае аб’яднанне народных майстроў “Скарбніца” ахоплівае розныя віды дзейнасці, накіраванай на стварэнне вырабаў з саломы, дрэва, паперы, гліны і шмат чаго іншага. Выставы, якія пастаянна праводзяцца ў памяшканні аб’яднання, заўсёды збіраюць шмат наведвальнікаў.

Тых, хто валодае літаратурным талентам, запрашае ў свае рады народнае літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Рунь”, што з упэўненасцю можна назваць саюзам творчых людзей розных узростаў і прафесій. Асноўнай задачай яго работы з’яўляецца вывучэнне, захаванне і прапаганда літаратурнай спадчыны Валожыншчыны. Яго ўдзельнікі не толькі развіваюць тут паэтычныя здольнасці, але і знаёмяцца з цікавымі людзьмі, як сваімі землякамі, так і вядомымі беларускімі літаратарамі.

SAMSUNG DIGITAL CAMERA

Такім чынам клубныя фарміраванні для многіх валожынцаў з’яўляюцца культурным цэнтрам, дзе можна цікава і з карысцю правесці вольны час.

Анжэла РАДЫНА