Эсэ на тэму «Айчыне ў дар застануцца…» вучаніцы 9 класа Пяршайскай сярэдняй школы Настассі ІВАНОЎСКАЙ заняло першае месца ў раённым конкурсе работ творчай моладзі «Залатое пяро «Белай Русі» – 2023».
Памяць – аснова маральнасці. Зберагчы памяць – гэта наш маральны абавязак перад самім сабой і нашчадкамі. Памяць – наша багацце.
Д. Ліхачоў
Лятуць гады, мінаюць стагогоддзі, а памяць застаецца. Памяць пра родных і блізкіх, дарагіх табе людзей. Родныя людзі – гэта падарунак лёсу, які мы павінны шанаваць.
Цяжка ўявіць чалавека, які б не цікавіўся гісторыяй свайго роду, не ведаў, кім былі яго родныя, чым займаліся.
Я ведаю свой род ад пятага калена з боку маці, і з чацвёртага – з боку бацькі. І чым больш даведваюся пра продкаў, тым вышэй маё пачуццё гонару за іх, за сваю сям’ю, за іх уклад у развіццё нашай краіны.
Для мяне сям’я – гэта не толькі мае бацькі Дзмітрый Раймундавіч і Яўгенія Міхайлаўна Іваноўскія, брат Уладзіслаў. Гэта ўсе родныя людзі, хаця некаторых я ведаю толькі па фотаздымках. А яшчэ па рэчах, якія свята захоўваюцца ў маёй сям’і: ордэн Айчыннай вайны I ступені – за адвагу, стойкасць і мужнасць, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі; юбілейныя медалі «Дваццать гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», «50 гадоў Узброеных Сіл СССР», «60 гадоў Узброеных Сіл СССР» прадзеда Сцяпана Адамавіча Дашкевіча; вышытыя рэчы прабабулі Аляксандры Антонаўны Рудакоўскай; ордэны «Пераможцу сацыялістычнага спаборніцтва 1976 года», «Працоўнай славы III ступені» дзеда Міхаіла Міхайлавіча Сівіцкага.
Мне асабліва прыемна, што ніводнае наша сямейнае свята не абыходзіцца без цёплых размоў, праглядаў фотаздымкаў і ўспамінаў. Хочацца, каб і мае дзеці і ўнукі пайшлі такой дарогай і ўспаміналі добрым словам тых, хто быў да іх.
Канешне, разабрацца ў фотаздымках дапамагае мая бабуля Таццяна Сцяпанаўна Іваноўская, 1953 года нараджэння. Я вельмі люблю яе. Дарэчы, бабуля працуе ўжо 52 гады аптэкарам у аг. Пяршаі. У бабулі заўсёды ёсць час выслухаць. Яна вучыць мяне быць сумленнай і добрай, дапамагаць сябрам, не баяцца ніякай працы і пераадольваць ляноту. Але асабліва мне падабаюцца яе ўспаміны.
Вось так і на гэты раз… Лістаючы сямейныя альбомы, мяне вельмі зацікавіў фотаздымак прыгожага мужчыны ў ваеннай форме, з пранікнёным позіркам, стрыманай усмешкай. Са слоў бабулі я даведалася, што гэта мой дзядуля Раймунд Альфонсавіч Іваноўскі, маёр міліцыі. Да аблічча дзеда пяшчотна дакранаюся далонню. Гэта – яго адзінае адлюстраванне…
Нарадзіўся мой дзядуля Раймунд Альфонсавіч Іваноўскі 9 лістапада 1949 года ў в. Канюшаўшчына Валожынскага раёна. У 1967 годзе скончыў дзесяцігодку ў Пяршайскай школе. З 1968 па 1970 гады служыў у арміі ў г. Гомелі, в/ч 30154. З 1970 па 1971 гады вучыўся ў тэхвучылішчы № 87 г. Маладзечна на фрэзіроўшчыка. Па рэкамендацыі працоўнага калектыву Мінскага трактарнага завода быў накіраваны ў Беларускі аддзел транспартнай міліцыі. Менавіта тут дзядуля зразумеў: міліцыя – яго лёс. Яго жыццё напоўнілася сапраўднай, важнай справай, патрэбнай краіне, людзям. Ён разумеў, што абраная прафесія – адна з самых значных і высакародных, таму што работнікі праваахоўных органаў дапамагаюць людзям, сочаць за тым, каб выконваліся законы, ахоўваюць нашу краіну ад злачынцаў. Дзядуля аказаўся ў радах тых, хто забяспечвае мір і парадак у краіне, бяспеку грамадства і дзяржавы.
У 1973 годзе заключыў шлюб з бабуляй Таццянай Сцяпанаўнай Дашкевіч (разам пражылі 28 гадоў). Пабудавалі прыгожы дом у в. Пяршаі, у сям’і нарадзіліся двое дзяцей. Бабуля з усмешкай успамінае, што не было ніводнага чалавека, які б не ведаў, дзе жыве ўчастковы. Ды і сам Раман (так звалі яго жыхары) ведаў амаль кожнага. Быў у гушчы падзей жыцця сялян. Аднавяскоўцы паважалі майго дзядулю за яго прафесіяналізм, уменне знайсці да кожнага падыход, прымірыць сварлівых мужа і жонку, раскрыць злачынства.
Дзядуля знаходзіў час і на працу, і на вучобу. У 1974 годзе паступіў у Мінскую спецыяльную сярэднюю школу міліцыі імя М. В. Фрунзэ МУС СССР. З 1988 па 1991 гады вучыўся ў Мінскай вышэйшай школе МУС СССР па спецыяльнасці «правазнаўства».
Дзядуля ні разу не пашкадаваў, што выбраў дадзеную прафесію. Магчыма, няма настолькі важнай і запатрабаванай прафесіі, як прафесія міліцыянера. Заўсёды і ўсюды, у любы час, у любым грамадстве маецца запатрабаванасць у падтрымцы грамадскага парадку, у захаванні законаў, у забеспячэнні абароны грамадзян і маёмасці.
Словы песні В. Нулермана «Наша служба и опасна, и трудна» яскрава падкрэсліваюць усю важнасць, гераізм прафесіі майго дзядулі. Толькі чалавек моцны духам здольны абараніць, здольны выратаваць.
Шмат станоўчых прыкладаў, гісторый пра дзядулю я пачула ў гэты вечар са слоў бабулі. Аднак мяне ўразіла асабліва адна гісторыя.
7 снежня 1988 года на паўночным захадзе Армянскай ССР адбылося Ленінаканскае землетрасенне – катастрафічнае землетрасенне магнітудай 6,8-7,2 бала. Магутныя падземныя штуршкі за паўхвіліны разбурылі амаль усю паўночную частку рэспублікі, ахапіўшы тэрыторыю з насельніцтвам каля 1 мільёна чалавек. У выніку землетрасення дашчэнту быў разбураны горад Спітак і 58 сёл; часткова разбураны гарады Ленінакан, Сцепанаван, Кіравакан і яшчэ больш за 300 населеных пунктаў. Паводле афіцыйных даных, 19 тысяч сталі інвалідамі, загінулі сама меней 25 тысяч чалавек (паводле іншых даных – да 150 тысяч), 514 тысяч чалавек засталіся без прытулку.
У выратавальных работах прымаў удзел і мой дзядуля. Ён дапамагаў выратавальнікам даставаць з-пад завалаў людзей, пры гэтым рызыкуючы сваім жыццём. Магчыма, тут і падарваў здароўе (ударыла плітой падчас выратавальных работ), пачаліся праблемы са спіной.
Аддана адпрацаваўшы 22 гады ў органах МУС, у 1995 годзе быў звольнены ў запас у званні маёра міліцыі.
Сэрца дзядулі перастала біцца 31.12.2001. Дзядуля ведаў адно: за што б ты ні ўзяўся, галоўнае – быць адданым сваёй справе да канца, быць сумленным перад самім сабой у абранай прафесіі.
За гады работы ў МУС мой дзядуля Раймунд Альфонсавіч Іваноўскі быў узнагароджаны заслужанымі ўзнагародамі: медалямі «За бездакорную службу II ступені», «За бездакорную службу III ступені», знакам «Выдатнік міліцыі», граматамі і падзякамі МУС.
Я ганаруся сваім дзядулем.
На дрэве роду Іваноўскіх зелянеюць ужо новага жыцця лісткі. Новыя лісткі на дрэве майго роду – гэта я і мой брат. І я хачу дастойна прадоўжыць летапіс сваёй сям’і. А разам – нявыказаны, але ўсвядомлены і мной, унучкай, запавет дзядулі: захоўваць мір маёй Радзімы, умацоўваць і развіваць яе традыцыі.