Общество

Піянерскія дружыны школ раёна прынялі ўдзел у акцыі «Дарогамі мужнасці»

Піянерскі збор «Раўненне на Героя Савецкага Саюза Васілія Васільевіча Шчарбіну» ў рамках акцыі «Дарогамі мужнасці і стойкасці: раўненне на герояў» адбыўся на базе сярэдняй школы № 2 г. Валожына. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі піянерскіх дружын усіх трох школ райцэнтра.

Мерапрыемства было прымеркавана да адной з самых сумных дат для нашай краіны – да дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны, якая нагадвае пра ўсіх, хто цаной уласнага жыцця выканаў свой доўг, загінуў у баях, абараняў у тыя суровыя гады Радзіму, быў замучаны ў фашысцкай няволі, памёр у тыле ад голаду і нягод.

З дзейнасцю партызанскага атрада пад кіраўніцтвам Васілія Васільевіча Шчарбіны, што дзейнічаў на тэрыторыі раёна, удзельнікаў піянерскага збору пазнаёміла навуковы супрацоўнік Валожынскага краязнаўчага музея Ніна Уладзіміраўна Бобрык. З цікаўнасцю хлопчыкі і дзяўчынкі паглядзелі прапанаваную ім прэзентацыю.

На заканчэнні мерапрыемства піянеры наведаліся да помніка Васілію Васільевічу Шчарбіну, дзе хвілінай маўчання ўшанавалі ўсіх, хто загінуў за нашу краіну, аддалі салют тым, хто яшчэ жывы. Са шчырым хваляваннем яны ўсклалі да помніка кветкі.

Наш кар.