Сельское хозяйство

Уборка хлеба – справа ўсенародная

Гаспадаркі раёна прыступілі да масавага жніва збожжавых культур.

У няпростых умовах сёлета праходзіць уборачная кампанія: уключыцца ў работу на поўную моц аграрыям не дазваляе пераменлівае надвор’е. Назіраецца вялікая вільготнасць збожжа, таму тэхніку даводзіцца выводзіць у поле апоўдзень. Да таго ж разам з каласавымі паспеў рапс, і камбайнеры адначасова вядуць уборку дзвюх культур.

Камбайнер Дзмітрый Драневіч – лідар жніва ў “Валожынскім”: на яго рахунку на 27 ліпеня 313 тон збожжа і 346 тон масланасення рапсу

Але адзін, як кажуць, у полі не воін: уборка хлеба – справа ўсенародная. На падтрымку вяскоўцам прыйшлі прадпрыемствы і арганізацыі раёна – дапамагаюць не толькі людзьмі, але і тэхнікай. Таксама чатыры адзінкі тэхнікі разам з работнікамі накіравалі шэфы – Савецкі раён горада Мінска. У прыватнасці, па адным пагрузчыку і МАЗу працуюць у “Агра-Дубінскім” і ў “Пяршаях-2014”.

У сельгаспрадпрыемстве “Валожынскае” да ўборкі самыя вялікія ў раёне плошчы – амаль чатыры тысячы гектараў. На 1172 гектарах размясціўся азімы рапс.

Родныя браты Вячаслаў і Віктар Яцыны ў пары на камбайне працуюць упершыню, але разумеюць адзін аднаго з паўслова, таму і работа ў іх спорыцца

Як расказаў намеснік дырэктара па раслінаводстве Валерый Ялуга, азімы ячмень ужо ўбралі. Цяпер перайшлі на палеткі з трыцікале і пшаніцай.

– Нягледзячы на тое, што ўбіраем пакуль на падгарэлых і больш лёгкіх глебах, збіраем на круг звыш 40 цэнтнераў, – патлумачыў Валерый Паўлавіч. – Адначасова вядзём уборку азімага рапсу, які дае пакуль па 27,6 цэнтнера з гектара. Там, дзе пасеяны гібрыды, чакаем большай ураджайнасці – спадзяёмся на 32 цэнтнеры. 600 гектараў гэтай культуры “заклеілі”, бо вільготнасць вялікая: правялі такі аграпрыём, каб галоўкі трымаліся і не растрэскваліся. Можна сказаць, што для сёлетняга неспрыяльнага года ўраджай рапсу ўвогуле “супер”.

Сяргей Аніська – адзін з самых вопытных работнікаў гаспадаркі. Не першы год ён шчыруе на хлебнай ніве і вынікі паказвае добрыя

Што тычыцца зерневай групы, то віды на ўраджай ніжэйшыя за мінулагоднія. Напрыклад, летась мы намалацілі 18 тысяч тон збожжа. Гледзячы ж на палеткі ў гэтым годзе, па папярэдніх падліках, не дабяром каля 4 тысяч тон. Да таго ж трэба здаць на дзяржзаказ 1600 тон пшаніцы. Недахоп плануем перакрыць кукурузай: 2,5 тысячы гектараў прызначаны менавіта на зерне. Дарэчы, сёлета кукуруза лепшая, чым летась.

Пакуль нагрузка на адзін камбайн высокая: разам з рапсам складае 550 гектараў. Вось як з рапсам разбяромся, стане лягчэй: на адзін камбайн прыйдзецца па 300 гектараў.

Усяго ў нас на жніве задзейнічаны 9 камбайнавых экіпажаў: усе – з мясцовых работнікаў. Хлебаробы забяспечаны ўсім неабходным – і спецадзеннем, і харчаваннем, кожны ведае, колькі намалаціў за дзень. Што можна сказаць: стараюцца хлопцы, душой хварэюць за даручаную справу. Выраслі на зямлі, таму ведаюць цану кожнаму каласку.

Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА