(Заканчэнне)
Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
Бацьку майго ў 1944 годзе ў войска не ўзялі. Ён быў добрым сталяром, і яго накіравалі ў майстэрню Маладзечанскага паравознага дэпо. У тыя часы чыгунка была на ваенным становішчы.
З заканчэннем вайны навакольныя лясы не апусцелі. Зноў з’явіліся “партызаны”, а па-іншаму – бандыты. Адкуль яны ўзяліся, не ведаю. Сярод гэтых “лясных братоў” былі і мясцовыя жыхары. Думаецца, што яны баяліся ўлады, якая магла ім прыпомніць былыя грахі як у даваенныя, так і ў ваенныя часы. Жытла ў іх не было, таму зімой яны адаграваліся не ў зямлянках ці якіх-небудзь часовых буданах, а на хутарах сваіх сваякоў. Іншым хутаранам таксама спакою не было, бо “лясныя браты” маглі сярод ночы загрукаць у дзверы ці вокны і запатрабаваць гарэлку і ежу. Аднойчы ноччу пастукалі да маіх бацькоў і запатрабавалі мёду (мой бацька, як і калісьці дзед, былі пчалаводамі), гаворачы, што ў адной жанчыны (нашай суседкі) захварэла дзіця.
Колькі часу гэтыя “партызаны” гаспадарылі на Навасёлкаўскіх і Татарскіх хутарах і ў навакольных лясах, я не ведаю. Улады і падкантрольныя ім службы НКУС і міліцыі таксама ў шапку не спалі. Зімой нейкага сорак… года непадалёк аднаго хутара на Доўгай гары каля Глыбокага Логу бандыты былі акружаны вайскоўцамі НКУС і знішчаны. Потым некалькі акачанелых мерцвякоў паставілі каля будынка Дуброўскага сельсавета для апазнання. І дзецям, і дарослым назіраць гэта відовішча было жахліва.
Што тычыцца пасляваенных 50-х гадоў, то для мяне яны былі досыць шчаслівымі. Жывучы сярод лясоў і палёў на хутары, як бы ў вёсцы, раскіданай на лясных узгорках паабапал раўка з сенажаццю пад назвай Малышоўка, – цяпер гэта месца больш называюць Каліткамі, я пранікся любоўю да ўсяго жывога, палюбіў прыроду. І да сённяшняга дня выкарыстоўваю любую магчымасць пабываць на месцы, дзе стаяла некалі родная хата.
Трэба дадаць, што я, як, мабыць, і мае адналеткі, не галадаў, хаця і не заўсёды выпадала есці смачна. Напрыклад, я не надта паважаў панцак. Нярэдка маці частавала цукеркамі і іншымі прысмакамі, купленымі ў горадзе ці ў мясцовай краме. Помніцца, у нас расло многа трускалак, якія маці разам з назбіранымі ў лесе чарніцамі вазіла прадаваць кошыкамі на сталічныя рынкі. Для мяне было вялікім шчасцем, калі маці ў горад брала і мяне. Я і аднагодкі любілі гуляць у лапту, кілу, чыжыка, пікара.
У тыя часы ў навакольных лясах было шмат грыбоў і ягад. Амаль кожнае лета я з дзецьмі рабіў грыбныя вылазкі аж пад Пугачы, у лес пад назвай Галубоўшчына, дзе падасінавікаў было хоць касой касі.
І. Варыкіш хацеў ажаніцца з дзяўчынай з Пугачоў, але яе бацькі катэгарычна яму адмовілі. І вось ён сваю каханую праз акно выкраў і жаніўся на ёй, і жылі яны разам, пакуль яна ў пачатку 90-х не памерла. Звалі яе Соф’я Фёдараўна. Працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры Дуброўскай СШ…
У другой палове 50-х гадоў савецкая ўлада пачала ўсіх хутаран перасяляць у вёскі і выдзяляць зямлю. Большасць пераехалі і пабудавалі новыя хаты, а некаторыя перавезлі ў вёскі старыя будынкі. Калі хутарскія хаты былі ўсе з саламянымі стрэхамі, то новыя вясковыя ўжо былі пакрыты шчапой, а некаторыя, у тым ліку ў нас, – шыферам. Трэба адзначыць, што Новасёлкаўскія хутары месціліся на плошчы ад Пазнякоў да Татарскіх (на поўдзень) і ад Дуброў да Еленкі (на захад).
У 1959 годзе мы пераехалі ў новую хату. У першы год было нялёгка адвыкаць ад хутарскога жыцця. Такога раздолля, як раней, не было. Але час браў сваё, і хутка ў вёску правялі электрычнасць, а ў 1963 годзе ў нашай сядзібе з’явіўся першы ў вёсцы тэлевізар. Першы час тэлевізар прыходзілі глядзець многія вяскоўцы, а таксама школьнікі старэйшых класаў з інтэрната. Потым завуч Дуброўскай школы прасіў маіх бацькоў закрыць гэты кінатэатр, бо ён адмоўна дзейнічаў на паспяховасць вучняў.
У 60-70-я гады большасць вясковай моладзі рванула ў гарады: хто вучыцца, а хто працаваць. Не абышла гэта з’ява і маю вёску.
Мне цікава было падлічыць сваіх вяскоўцаў па іх прозвішчах. У адрозненне, напрыклад, ад такіх вёсак, як Бортнікі і Агароднікі, дзе большасць жыхароў былі Салаўямі, Татарскія – Мяльгуямі, Пугачы – Шніпамі, то ў Навасёлках было шмат розных прозвішчаў. Але некаторыя, такія як Грышэль, Багіна, Харук, Паўкалас, Мяльгуй, Зеньчык, складалі большую палову прозвішчаў Навасёлак у 50-70-х гадах.
Па некаторых звестках, прозвішча Грышэль французскага паходжання з часоў Напалеонаўскага паходу. Дарэчы, дзявочае прозвішча маёй бабулі па бацькоўскай лініі таксама Грышэль. І мне часам здаецца, што аднаго з маіх далёкіх продкаў звалі Жанам ці Жакам. І хочацца, як гавораць, пабачыць Парыж і…
Большасць жыхароў вёскі Туркаўшчына таксама Грышалі. Многа іх і ў Дубровах. Як мне стала вядома, прозвішча Багіна італьянскага паходжання, а Паўкалас – літоўскага. Я налічыў пяць сем’яў Паўкаласаў.
Тры сям’і мелі прозвішча Шніп. Аднак у нашай вёсцы, як і ў іншых, вяскоўцаў больш ведалі не па прозвішчах, а па мянушках. Напрыклад, жыў стары Сымон Ермаловіч. Аднак усе яго звалі “Зайцам” ці “Лазавіком”. Насупраць жылі “Коцікі” ці “Лабазікі”, а крыху далей “Вавёрка”. “Вавёрка” меў прозвішча Балотнік, зваўся Стасем, быў бабылём, па характары быў добрым і чулым. Непадалёк на хутары жылі “Баран” (прозвішча Салавей) і “Варонка” (прозвішча Аніська)…
Большасць маіх вяскоўцаў да рэлігіі адносіліся з павагай, хаця былі і такія, якія маглі брыдка лаяцца, успамінаючы пры гэтым нашага Творцу. У асноўным насельніцтва Навасёлак і навакольных вёсак было праваслаўным, аднак і каталікоў было не менш за трэць. А ў Татарскіх больш 90% насельніцтва былі каталіцкай веры.
У мінулым здараліся дробныя канфлікты паміж дзвюма канфесіямі, асабліва ў 1919 годзе, калі памяшканне касцёла вярнулі каталікам. Аднак ужо многа гадоў назіраецца мірнае суіснаванне дзвюх галін хрысціянства. Многія праваслаўныя парадніліся з каталікамі. Напрыклад, мае дзве цёткі Ніна і Васіліна выйшлі замуж за каталікоў – жыхароў вёскі Татарскія, а дзядзька Валодзя ажаніўся з каталічкай.
Вялікдзень у маім жыцці быў і застаецца самым галоўным і ўрачыстым святам. У гады майго дзяцінства існаваў звычай, калі дзеці хадзілі да суседзяў у жачкі. Пры гэтым замест звычайнага прывітання казалі “Хрыстос уваскрос”. Пасля чаго дзецям давалася велікоднае яйка. І вось такіх яек можна было назбіраць больш за дзясятак. Падросшы я з падлеткамі ў велікодны вечар хадзіў у валачобнікі, спяваючы песні пад вокнамі суседзяў. Перад гуртамі дарослых валачобнікаў амаль у кожнай хаце гасцінна адчыняліся дзверы, і іх, як дарагіх гасцей, запрашалі за святочны стол. Такая традыцыя існавала да 80-90-х гадоў. Прыемна ўспомніць, як у вячэрнім прыцемку адначасова ў розных дварах вёскі на розныя лады гучалі велікодныя песні.
Настаўнікі нашай школы святкаванне Вялікадня і іншых царкоўных свят успрымалі ў штыкі. Бывалі выпадкі, калі настаўнікі праганялі дзяцей з царкоўнага кірмашу, дзе заўсёды можна было купіць што-небудзь смачнае, у тым ліку і марожанае.
У адзін з 1970-х гадоў мясцовымі ўладамі было прынята рашэнне прысвоіць бацькоўскаму дому найменне “Хата ўзорнага парадку”. Незадоўга перад гэтым у сядзібе пабывалі прадстаўнікі ўлад і, звярнуўшы ўвагу на развешаныя па вуглах іконы, сказалі, што ўсё добра, а толькі трэба было б паздымаць абразы. На гэта бацька адказаў, што іконы здымаць не будзе. Тым не менш, шыльду з ганаровым надпісам да хаты прымацавалі.
У суседніх Дубровах жылі тры сям’і баптыстаў. Людзі яны былі паважаныя, шматдзетныя, асабліва Булах, які з маім бацькам працаваў сталяром на Дуброўскім спіртзаводзе. Акрамя гэтага, ён быў някепскім мастаком, вырабляў і ўпрыгожваў мэблю.
У 50-60-я гады ў Дуброўскай СШ працавала шмат настаўнікаў (мабыць больш за палову) з габрэйскімі каранямі. Амаль усе з іх засталіся ў памяці як высокаадукаваныя, добрыя і чулыя педагогі. Добрым словам хачу ўспомніць Інесу Захараўну Вінакур і Іраіду Фёдараўну Рудкоўскую. Першая прывіла мне любоў да геаграфіі, другая – да хіміі і заалогіі.
Дуброўская школа заўсёды ганарылася сваім былым завучам Станчуком-Ляўчуком, у якога продкі таксама былі габрэямі. Ён на высокім узроўні выкладаў рускую мову і літаратуру, што падзейнічала на выбар маёй адукацыі. У 1976 годзе я закончыў аддзяленне рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ.
Добрую памяць у выпускнікоў школы пакінула сямейная інтэлігентная пара настаўнікаў (беларусаў) – Яўген Фёдаравіч і Людміла Іванаўна Мацэральнікі.
Пакінулі свой светлы след у Дубровах і татары. Да нядаўняга часу там пражывала такіх тры сям’і. Адзін з іх – Міхаіл Іванавіч Газіеў – працаваў выкладчыкам фізічнага і ваеннага выхавання ў мясцовай школе. Сын яго Юрый (аднакласнік маёй жонкі) закончыў Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут і доўгі час працаваў акцёрам Львоўскага абласнога драматычнага тэатра.
Наогул Дубровы і навакольныя вёскі ганарацца сваімі знакамітымі землякамі: ураджэнцы Адамарына – вучоныя браты Дыбоўскія, вучоны Стэльмах, а таксама ўраджэнец вёскі Шапавалы Станіслаў Багданкевіч, доктар эканамічных навук, былы старшыня Нацыянальнага банка Беларусі. І Стэльмах, і Багданкевіч у 1950-х гадах закончылі Дуброўскую школу.
Ураджэнец вёскі Бортнікі Здзіслаў Каўрыга, які таксама закончыў Дуброўскую школу, па наменклатурнай лесвіцы дайшоў да намесніка міністра радыётэхнічнай прамысловасці СССР. Мой аднакласнік Іван Мацкевіч, ураджэнец вёскі Зарэчча Валожынскага раёна (бліз вёскі Вялікія Крывічы), дзякуючы сваёй працавітасці таксама далёка пайшоў па наменклатурнай лесвіцы. Словам, ёсць пра што і каго ўспомніць…