Намеснік начальніка райветстанцыі Наталля Барадака ў ветэрынарнай службе раёна 14 гадоў.
Працоўную дзейнасць пачынала ў Вішнеўскай ветэрынарнай лячэбніцы, праз два гады перавялі ўрачом-эпізаатолагам у цяперашні калектыў. Прафесію выбірала свядома – бацька быў вадзіцелем у райветстанцыі, таму з дзяцінства ведала, чым займаюцца работнікі ветэрынарнай службы.
– Хацела працаваць у лабараторыі, але калі праходзіла практыку ў райветстанцыі, тут быў вельмі харошы калектыў, – расказвае Наталля Міхайлаўна. – Менавіта дзякуючы яму вырашыла, што буду займацца інфекцыйнымі захворваннямі. Яшчэ некалькі гадоў таму ў раёне выяўлялася ад 25 да 40 выпадкаў шаленства. Летась і сёлета гэтага захворвання не зарэгістравана, што радуе.
На сёння Наталля Барадака займаецца больш драпежнай жывёлай – і справа ёй падабаецца.
– На тэрыторыі раёна ёсць заказнік “Налібоцкі”, – расказвае ветэрынар. – Яго работнікі час ад часу адлоўліваюць дзікую жывёлу і прадаюць у іншыя рэгіёны і нават краіны для павелічэння папуляцыі.
У маёй практыцы былі глушцы, алені высакародныя, зубры. Цяпер рыхтуюць тарпанападобных коней у Брэсцкую вобласць. Працаваць з імі вельмі цікава: як яны сябе павядуць – невядома, таму пастаянна на адрэналіне.