Авторская колонка Виктора ШНИПА

Камяні

Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае

1965. Мне было гадоў пяць, і я ў той час гадаваўся ў бабулі Ганны ў Лягезах. Вёска невялічкая – хат дзесяць. Дзяцей у Лягезах было двое, і мне часцей за ўсё даводзілася гуляць аднаму. Цягаўся па палях і лясах, а часам і па суседскіх агародах. Шкоды асаблівай нікому не рабіў, але лазіў дзе можна і не можна.
Тады па радыё і ў размовах старэйшых часта чуў пра Амерыку, дзе жывуць вельмі дрэнныя людзі, якія хочуць знішчыць не толькі нас, але і ўсіх, хто жыве на зямлі. Наслухаўшыся пра дрэнных амерыканцаў, мая дзіцячая галава выспеліла ідэю – раз у Амерыцы жывуць дрэнныя людзі, а ў суседкі ў садзе ёсць студня, а яна глыбокая (відаць, праз усю зямлю), то можна праз студню пабамбіць амерыканцаў. Ні бомбаў, ні гранат у мяне не было, але камення хапала ўсюды. І я, назбіраўшы паболей камення і прабраўшыся, як партызан, у суседчын сад да студні, стаў бамбіць Амерыку. Бамбіў даўгавата. Не ведаю, ці патрапіў у Амерыку, але суседцы на вочы – дакладна. І яна мяне прагнала. Я вельмі пакрыўдзіўся на цётку – як жа гэта яна не разумее, што я раблю карысную справу – бамблю Амерыку! І ад крыўды прыдумаўся пра цётку вершык, з якім заўтра зноў прыйшоў да студні і зноў стаў кідаць каменне ў дрэнных амерыканцаў. А суседка, убачыўшы, чым я зноў займаюся ў яе садзе, зноў прагнала мяне ад студні. І я, адбегшыся, прачытаў цётцы вершык. І тут цётка зусім “азвярэла” – вырвала пук крапівы і, дагнаўшы мяне, добра адсвянцала. А я не зразумеў, за што… І гэта быў мой першы верш і першы ганарар…

1966. Сяджу на беразе Яршоўкі, якая раздзяляе мае Лягезы і суседнюю вёску Крапіўнікі. Хочацца на той бераг, але я памятаю словы бабулі Ганны: “Глядзі, калі ўтопішся, дамоў не прыходзь…” І я, думаючы пра ўсё гэта, гляджу на ціхую і празрыстую плынь ракі, якую мне нізашто не перайсці. І раптам бачу – воддаль мяне, зрабіўшы ўсяго некалькі шырокіх крокаў, амаль не замачыўшы ног, рачулку перайшоў нейкі дзядзька і знік у прырэчным кустоўі. І я ўспомніў бабулін расповед пра Ісуса Хрыста, які хадзіў па вадзе, як па зямлі… І мне падумалася, што ў Крапіўнікі пайшоў сам Бог. І ўсё ж пазней, праз некалькі гадоў, я таксама змог перайсці Яршоўку, амаль не замачыўшы ног, – у вадзе ляжалі камяні, якія не адразу можна было заўважыць.

1966. Каля Русакоў у вялікай сажалцы вадзілася рыба. І я там часта падоўгу сядзеў з вудачкай. Часам нейкіх карасікаў і падчэпліваў, але найбольш мой паплавок весела гайдаўся на хвалях, нібы пасміхаючыся з майго рыбалоўства. І ўсё ж я дачакаўся вялізнай рыбіны. І тут пачалося – збеглася ўся русакоўская дзетвара, хто з кашом, хто з вядром, хто з калом, а хто і з каменнем, і давай “лавіць” рыбу. А я сяджу каля вады са сваёй рыбінай і не ведаю, што рабіць. І тут падбег нейкі хлапчук і кінуў камень прама мне ў галаву. Я паваліўся і выпусціў з рук рыбіну. Хлопцы схапілі маю здабычу і, укінуўшы яе ў кошык, уцяклі. А я ляжаў ля сажалкі і глядзеў на камень, на якім цямнелася чырвоная плямка – мая кроў.

1969. З бацькам на возе едзем у Гарадок здаваць агрэст. Вязём тры мяшкі. Павінна быць немалая капейка, і самае галоўнае, што чым большай капейка будзе, тым больш бацька абяцаў патраціць на мяне. І я, збіраючыся ў дарогу і пакуль сядзеў у хаце бацька, у кожны мяшок з агрэстам для вагі паклаў па некалькі невялікіх камянёў. Дарога перад Гарадком брукаваная, і воз наш трасецца, як шалёны. А я гляджу на дарогу і думаю: “Вось бы ў агрэст падкласці пару камянёў з брукаванкі. Была б капейка яшчэ большай…” Але, як кажуць, мары марамі, а справы справамі. Прыёмшчык зважыў нашы мяшкі з агрэстам, нешта напісаў алоўкам на паперы і выдаў майму бацьку грошы. Бацька пералічыў і пацікавіўся: “Чаму пяцідзесяці капеек недадаў?” “А гэта мне на камяні ў агрэсце…” – адказаў прыёмшчык і падміргнуў мне.

1970. На лузе каля лесу ляжаў велізарны камень. Пасучы кароў, пастухі каля яго раскладалі вогнішча, грэліся. І камень быў чорны, як чорт. Бацька мой каля гэтага каменя ніколі вогнішча не клаў і мне не дазваляў. І я пацікавіўся: “Чаму нельга каля каменя пагрэцца?” Бацька адмоўчваўся доўга, а пасля расказаў гісторыю, якую яму яшчэ ягоны дзед расказваў. І я даведаўся, што гэты камень зваліўся з неба, і прыйдзе час, ён сам паляціць туды, адкуль прыляцеў, таму цяпер нельга яго чапаць, бо можа здарыцца бяда… Цяпер на лузе таго каменя няма…

1972. З мамай прыехалі ў Ракаў на кірмаш. Ад аўтастанцыі ісці далекавата, і я ўсё спрабую сагітаваць маму пайсці праз невялічкі сасняк. “Не выдумляй!” – не згаджаецца мама і вядзе па дарозе, па якой ходзяць усе. “Пайшлі напрамую. Там сярод камянёў павінна быць сцяжынка…” – не заціхаю я. І мама кажа: “Там не проста камяні. Там яўрэйскія могілкі…”

ВАЛУН
Прыкаціўшыся Бог ведае адкуль,
Валун грэецца на сонцы.
Валун вышэй травы
І яго ўсе заўважаюць.
Птушкі на ім адпачываюць,
Як на востраве сярод зялёнага мора.
Мурашкі даследуюць валун
І лічаць яго сваім збудаваннем
Пачатку мурашынай эры.
Божыя кароўкі, узлезшы на валун,
Узлятаюць, успомніўшы
пра сваіх дзетак,
Што без іх засталіся на небе.
Валун заўсёды ў цэнтры ўвагі.
У яго трапляюць маланкі,
Але валун не скардзіцца на свой лёс,
Бо ён валун,
Бо ён лянотнік,
І яму не трэба нічога
Акрамя зямлі, на якой ён ляжыць.

14.11.2009. З высокага зорнага неба сыплецца чырвонае лісце. Я сяджу на рудым валуне сярод ветранага поля і сачу за вожыкам, які рыхтуецца да зімы. І раптам да мяне падлятае чорны воран і прапануе паляцець з ім у цёплыя краіны. Я адмаўляюся, і мне робіцца холадна, а навокал ад снегу светла-светла. І ўсё навокал белае, нават неба, да якога прымерз чорны воран, як чорны ліст асіны да шыбы, праз якую я хачу ўбачыць сонца, як вожыка, укручанага ў чырвонае лісце, седзячы ў скураным фатэлі.

11.09.2010. У траве Гальшанскага замка велізарныя слімакі, як камяні, якія ажылі…

17.09.2013. Зноў снілася вёска. Што снілася? Не памятаю. Нешта сумнае-сумнае, як павуцінка на прыдарожным валуне…

11.09.2016. Не кожнаму валуну наканавана ляжаць у падмурку ці стаць часцінкай замка ці Храма.

10.03.2018. Гартаючы тэлеканалы, натрапіў на фільм “Прекрасные дни в Аранхуэсе”. Жанчына дзеліцца ўспамінамі з мужчынам, а ён з ёй. Ён вусаты і ў акулярах. Падобны да мяне саракагадовага. На вуліцы лета. З сада бачны Парыж. Навокал усё зялёнае. Дрэвы, трава, кусты. Вецер час ад часу пралятае праз сад і абтрасае з лістоты святло. Гляджу, слухаю і ўспамінаю вёсачку ў дзесяць хат, Лягезы. Я, малы, іду праз высокую траву да рачулкі. З-пад маіх ног, як зялёныя пырскі, разлятаюцца конікі. Пахне мёдам. Гудуць пчолы. Лётаюць матылі і багоўкі. Трава ў сваёй глыбіні мокрая і сцюдзёная. На павуцінках свеціцца раса. На камені сядзіць жабка. Я хачу яе злавіць. Яна скача ў траву і знікае. Па мне поўзаюць дробныя рудыя мурашкі. Кусаюцца. Я іх страсаю з сябе і бягу да Яршоўкі. Берагі зарослыя лазой. За рачулкай – Крапіўнікі. Прабіраюся да вады. Сядаю на валун. Ён цёплы, як печ у бабулі Ганны. Сяджу і гляджу на ваду. Ніхто не кліча дадому. Мне добра. І ў вадзе бачу ўсё, што будзе са мной. Што я тады бачыў? Не памятаю. Мне проста было добра…

10.04.2018. Патэлефанавала жанчына: “У мяне тут ёсць Вашы камяні…” – “Што за камяні?” – пытаюся. “Кніжка “Балада камянёў”. Хачу, каб Вы падпісалі яе!” – патлумачыла незнаёмка. Праз гадзіну да мяне ў кабінет зайшла мая нядаўняя суразмоўца. Пакуль яна дабіралася, я падрыхтаваў у падарунак “Пугачоўскага цырульніка”, бо гэта кніжка працягвае творы, што змешчаны ў “камянях”. Мая госця папрасіла падпісаць выданні для дачкі Ганны, якая жыве далёка ад родных мясцін.

13.07.2019. На ўездзе ў Крапіўнікі на вялікім валуне прымацавана шыльда, на якой напісана “в. Крапіўнікі заснавана ў 1529 г.”. Не за лесам і 500 гадоў…

15.08.2019. Ад маіх Пугачоў да Гарадка недзе кіламетраў сем. У сеціве натрапіў на цікавую легенду пра сэрца каменя, што каля Гарадка:


“На выездзе, пры дарозе, якая вяла да млына, рос дуб, а ля падножжа дуба ляжаў вялікі камень. Жыхары вёскі і падарожныя прыходзілі да каменя, расказвалі яму пра свае жыццёвыя праблемы, беды і прасілі дапамогі. У Гарадоцкім замку тады жыў князь з жонкай і дачкой. Прыйшоў час, дачка выйшла замуж. Усё было добра, але князёўна не магла ўзрадаваць князя і падарыць яму ўнука, а мужу – сына. Князёўна тройчы хадзіла з шчодрымі гасцінцамі да каменя, прасіла дапамогі. Але камень не чуў яе. Прыйшлося князю клікаць на дапамогу вешчуноў. І вось аднойчы прыйшоў знахар Вінцусь. Ён распавёў князю аб тым, што ў кожнага каменя, якому пакланяюцца, ёсць сэрца. Калі з каменя выняць сэрца, то яно можа выканаць любое адно жаданне і да канца стагоддзяў будзе выконваць толькі адно гэта жаданне. Для гэтага трэба спілаваць дуб, абкласці дровамі камень і пячы яго трое сутак. Князь паслухаўся, загадаў спілаваць дуб і развесці вялікае вогнішча вакол каменя. Тры дні і тры ночы шугаў агонь. Языкі полымя прагна палілі камень. На чацвёртыя суткі камень раскалоўся. Сярод аскепкаў ляжала каменнае сэрца. Першае жаданне, якое даверылі каменнаму сэрцу, – гэта запаветная мара князёўны, стаць маці. У належны тэрмін жаданне князёўны збылося”.

    Камень і цяпер ляжыць на ўездзе ў вёску Гарадок, мясцовыя называюць яго камень Вінцусь. І кажуць, што камень, сапраўды, спаўняе жаданні.

12.11.2019. У ляску на Юстынавай гары ляжу на вялікім валуне. Ён за дзень нагрэўся пад сонцам і цяпер гарачы, як печ. Высока нада мной час ад часу пралятаюць птушкі. Я думаю пра Бога. Мне хочацца папрасіць у Яго, каб аднакласніца, якой пішу лісты, хутчэй паведаміла, што яна будзе сябраваць са мной. Але не прашу, бо веру, што Бог і так ведае маё жаданне. І ўсё ж Бог, відаць, нешта хоча ад мяне. Проста так Ён не дапаможа. А што хоча Бог? Я спрабую здагадацца. І ўжо валун схаладнеў, і ўжо маё сонца амаль схавалася за небакраем, а я ўсё думаю пра Бога і дзяўчынку.

ПАДМУРАК
Падмурак – гэта каменны востраў
у зялёным моры травы,
на якім рана ці позна ўзнікае жыццё.
Падмурак – гэта пачатак,
які нічога не абяцае,
але сваёй каменнасцю
ён здольны настаяць на сваім
і даць нам веру,
што мы тут ёсць невыпадкова,
бо ў нас ёсць свой падмурак,
як карэнне радаводнага дрэва…