Гэты артыкул – пачатак цыкла матэрыялаў, прысвечаных юбілею вёскі Дубіна Валожынскага раёна, вось ужо 530 гадоў цішыню якой нашэптвае гісторыя.
Дубіна – здавалася б, звычайная назва. Але за ёй – не адна вёска, а тры самастойныя, лёс якіх сплецены ў адзінае палатно. Дубіна Баярская, Дубіна Вяршыцкая і Дубіна Юрздыцкая, як тры сястрычкі, размясціліся па суседніх вуліцах, маючы агульныя гістарычныя карані. Дык чаму ж так склалася?
Адказ у мудрагелістай сістэме землеўладання мінулых стагоддзяў. Калісьці гэтыя куткі належалі розным гаспадарам: шляхце, касцёлу, дробным землеўладальнікам. Пазней разрасліся вёскі, практычна «зліліся вачыма», але захавалі свае імёны – і ў старажытных дакументах, і ў памяці мясцовых жыхароў.
Што ж хаваецца за кожнай назвай?
Дубіна Юрздыцкая – землі тут спрадвеку належалі парафіяльнаму касцёлу (слова «юрздыка» паходзіць ад лацінскага jurisdictio – царкоўная юрысдыкцыя). Дубіна Баярская – гэта ўладанні тых самых баяраў-шляхціцаў. Дубіна Вяршыцкая – мяркуецца, назва пайшла альбо ад першых уладальнікаў, альбо ад геаграфічнага становішча – у верхавінах мясцовасці.
Каб дажыць да такога паважнага ўзросту, трэба моцна пастарацца, або, наадварот, жыць, як патрэбна, і ставіцца да ўсяго, як да належнага. Якая ж яна, сучасная Дубіна? Адказаць адназначна цяжка. У яе рэпутацыі ёсць свая інтрыга – і нам яшчэ трэба будзе ў ёй разабрацца. Перш за ўсё, варта зазірнуць у глыбіню вякоў і паспрабаваць сплесці разрозненыя ніці мінулага ў адзіны ўзор.
Пачнем наша падарожжа не з сухіх лічбаў, а з жывога голасу гісторыі – апавядання пра аднаго з жыхароў Дубіны. Ды не простага, а сапраўднага настаўніка. Бо менавіта праз чалавечы лёс, праз клопат і сумленне ўласнай зямлі можна адчуць сапраўднае. Нам, як і жыхарам Дубіны, пашанцавала: знайшліся людзі, якія збераглі дакладныя звесткі і арыгінальныя дакументы, што пацвярджаюць асобу і датычнасць гэтага чалавека да роднай вёскі. Абапіраючыся на іх, мы адправімся, ні многа ні мала, ажно на сто з лішнім гадоў у мінулае.
Гісторыя захоўваецца там, дзе жыве родная мова і развіваецца навука
Будзем знаёміцца з Васілём Васільевічам Рагялём, які нарадзіўся 31 студзеня 1885 года ў вёсцы Дубіна Ашмянскага павета Віленскай губерні. Паводле анкеты, складзенай самім настаўнікам, бацькі яго былі сялянамі-землеўласнікамі, па сацыяльнай прыналежнасці адносіўся да серадняка з сялян. Скончыў Валожынскую двухкласную школу. У 1900 годзе Васіль Васільевіч вучыўся на настаўніцкіх педагагічных курсах, у гэтым жа годзе вытрымаў экзамен на званне настаўніка пры Смаргонскай гарадской 4-класнай школе. Школьным работнікам стаў у 1900 годзе, настаўнічаў з 1901 года ў пачатковых школах у вёсках Яшкавічы, Дубіна, Нарэйшы, Рачаняты, Турэц-Баяры (цяпер Маладзечанскі раён), Ардзяя (цяпер Смаргонскі раён), ізноў Дубіна (пасля Другой сусветнай вайны). Васіль Васільевіч аднолькава добра валодаў беларускай і рускай мовамі.

Дзейнасць Васіля Рагяля заўсёды вылучалася вялікай палітычнай актыўнасцю: ён належаў да партыі бальшавікоў. Калі пачалася рэвалюцыя 1905-1907 гадоў, настаўнік Рагель разам з калегам Сямёнам Сухадольцам сталі прапагандаваць рэвалюцыйныя ідэі сярод сялян. Асабліва актыўным аказаўся старэйшы за яго на 14 гадоў калега, за домам якога сачыла паліцыя. Калі Сямёна Сухадольца арыштавалі, Васіль Рагель ад імя РСДРП выступаў у яго абарону ў судзе. Напэўна, гэта стала прычынай, што Сямёна Сухадольца хоць і пратрымалі ў турме 4 месяцы, але выпусцілі, праўда, на нейкі час без права выкладання ў школе.

Першая сусветная вайна перарвала педагагічную дзейнасць Васіля Васільевіча. Ён быў закліканы ў войска, і як чалавеку пісьменнаму яму давялося служыць табельшчыкам. Гэта інфармацыя з пасведчання (яно служыла пропускам), выдадзенага 19 ліпеня 1917 года за № 2511 «производителем военно-дорожных работ 72 отряда в районе Х армии инж. Р.А. Боком» (Варшаўская акруга пагранічных службаў).
Абодва калегі, Сямён Сухадолец і Васіль Рагель, заўсёды ішлі поплеч, іх аб’ядноўвала жаданне несці ў масы прагрэсіўныя ідэі. Кожная нацыя мае права мець сваю родную школу, і гэта разумелі настаўнікі-рэвалюцыянеры. Яны адны з першых з Забрэзскай воласці падаліся на Віленскія настаўніцкія курсы ў 1919 годзе, прыклалі шмат намаганняў, каб школу з роднай мовай навучання адкрыць у вёсцы Дубіна, дзе яны працавалі даўно і ведалі настроі сялян, іх жаданне вучыць дзяцей на сваёй роднай мове.
Нялёгкі лёс настаўніка Васіля Рагяля
Вяртанне з педагагічных курсаў стала для Васіля Васільевіча Рагяля трагічным разрывам з любімай справай. Ён аказаўся адным з тых, каго восенню 1921 года польскія ўлады пазбавілі настаўніцкай пасады. Яго прозвішча – першае ў вялікім спісе звольненых, апублікаваным у газеце «Беларускія ведамасці» 26 верасня 1921 года. Там жа ўдакладняецца: Рагель Васіль працаваў у Дубіне-Баярскай, а ў графе «Якую школу скончыў» значыцца: «Вытрымаў экзамен на настаўніка». Але Васіль Васільевіч не страціў веры. Ён спадзяваўся, што нават пад польскай уладай у кожнай беларускай вёсцы можа быць школа з роднай мовай навучання.

24 верасня 1922 года ў Гародзьках адбыўся настаўніцкі сход, на якім размеркавалі, каму ў якой вёсцы весці змаганне за беларускую школу. За Васілём Рагялём замацавалі Дубіну. Аднак анкета для Беларускай цэнтральнай школьнай рады за 1923 год сведчыць: настаўніку Рагялю 39 гадоў, педагагічны стаж – 15 гадоў, але займаецца ён гаспадаркай. Так, здольны і адукаваны педагог не змог працаваць па спецыяльнасці.


З пачатку 1920-х гадоў Васіль Васільевіч разам са Сцефанідай Восіпаўнай з Яшкавічаў стварылі сям’ю, расцілі дзяцей: Ганну (1922), Ніну (1924), Серафіму (1927), Уладзіміра (1929), Любоў (1937). Цяжкая праца на зямлі – вось што карміла вялікі род (ёсць сведчанне, што з 12 дзяцей засталіся жывымі пяцёра). Іншага выбару не давалі.
Толькі прыход савецкай улады вярнуў Васілю Рагялю магчымасць настаўнічаць. У 1939 годзе настаўнік Чабайскай школы Аляксандр Сабалеўскі склаў пратакол перадачы школьнай маёмасці – яе прыняў Васіль Васільевіч Рагель. У сямейным архіве ўнучкі Алены Зайкоўскай захоўваецца спіс 51 вучня 1 класа Дубінской пачатковай школы за 1945-1946 навучальны год, складзены ім як выхавальнікам. Сярод вучняў – і яго найменшая дачка Любоў Рагель.
Праз дваццаць чатыры гады беларускі настаўнік Васіль Рагель вярнуўся ў родную Дубінскую школу. Але здароўе ўжо падводзіла. У 1946 годзе ён пайшоў з жыцця, пражыўшы толькі 61 год. Кароткае, але сапраўднае вяртанне да справы ўсяго жыцця. Дзеці і ўнукі захавалі каштоўныя дакументы, звязаныя з дзейнасцю дзядулі, фотаздымкі і памяць пра настаўніка-патрыёта. Захаваліся дакументы і пра тое, што падчас Другой сусветнай вайны Васіль Рагель выкладаў у мясцовай народнай школе. Захаваўся і дом Васіля Васільевіча ў Дубіне, які ён атрымаў ад бацькі. Колькі гадоў гэтаму будынку, складана сказаць – магчыма, больш за 130. І гэта будзе наступная наша гісторыя.
Легенды ўзнікнення вёскі, якія мы пачулі ад мясцовых жыхароў
Мінула не адно стагоддзе з тых часоў, калі на месцы торфапрадпрыемства «Бярэзінскае» бязмежна распасціралася непраходнае балота, вакол якога, быццам вялізныя вартавыя, стаялі магутныя дубы, бярозы ды вольхі. Дрымучы гушчар саступаў месца светлым палянам, а на тым месцы, дзе сёння раскінуліся могілкі, адзінока ўзвышаўся дуб-асілак. Звыклы вандроўнік не мінаў яго ўвагай – ды хіба можна было прайсці міма? Дрэва было такой нечуванай таўшчыні, што некалькі чалавек, узяўшыся за рукі, не маглі абхапіць ягоны ствол.
Аднойчы над тымі мясцінамі ўскіпела страшэнная навальніца. Грымоты трэслі зямлю так, што дрыжыкі ішлі па ўсім наваколлі. Маланкі паласавалі неба, дождж ліў як з вядра. Людзі ад жаху прыпалі да зямлі і ў тое ж імгненне пачулі смяртэльны ўдар. Маланка трапіла ў дуб-велікан, і ён упаў, прыняўшы на сябе ўсю вогненную лютасць. Прыняў і тым выратаваў тых, хто хаваўся побач.
Мінуў час. На месцы паваленага дуба людзі збудавалі царкву. Вакол яе спрадвеку знаходзілі супакой жыхары навакольных вёсак. Але жывыя сілы прыроды не шкадуюць нічога – з часам яны разбурылі і гэту святыню. Засталася толькі пахіленая каплічка, якая трывала нават тады, калі паваліліся камяніцы. Яна стаяла нязломна, быццам нагадваючы: «Я жыву і буду жыць, бо карані мае там, дзе нарадзілася памяць».
У знак удзячнасці дубу-выратавальніку паселішча, што вырасла на гэтым месцы, назвалі Дубіна.
Але ёсць і іншае паданне. Раней тут была проста вёска без назвы. У вёсцы стаялі царква і карчма. Людзі хадзілі да царквы памаліцца, а ў карчму – загуляць ды пачуць навіны. І вось задумалі поп з карчмаром ліхую справу: як павялічыць свае прыбыткі? Нанялі яны чалавека і загадалі цёмнай ноччу зацягнуць на дуб іконку. Той зрабіў, як было сказана: узяў грошы і знік з тых мясцін назаўжды. А наступнага дня поп з карчмаром абвясцілі на ўсю ваколіцу: «На дубе з’явілася цудоўная іконка!» І пацягнуліся людзі з усіх вёсак – спачатку да царквы, а потым, як належыць, у карчму. Хтосьці пытаў у карчмара: ці сапраўды тая іконка памагае? Той хітра адказваў: «А як ведаю, дык ужо дапамагла дваім». З той самай пары і пайшла назва Дубіна.
Сёння мы спрабуем адказаць на пытанне: якая яна, сучасная Дубіна? У яе рэпутацыі ёсць свая інтрыга.
Нам пашанцавала зазірнуць у глыбіню стагоддзяў і сплесці разрозненыя ніці мінулага ў адзіны ўзор. Неацэнную дапамогу ў гэтым аказаў рэдкі архіў, які захаваўся. Гаворка ідзе пра Васіля Васільевіча Рагяля – настаўніка, які нарадзіўся 31 студзеня 1885 года ў Дубіне. Менавіта ён стаў адным з першых, хто клапаціўся пра адукацыю беларускіх дзяцей на роднай мове. Праз яго гісторыю мы і адкрылі заслону мінулага. Захавалася і хата настаўніка, дзякуючы неабыякавым людзям, а таксама многія асабістыя рэчы яго сям’і, мэбля, а што самае каштоўнае – Біблія, якая датуецца 1917 годам.

Шмат цікавага адбывалася і адбываецца вакол гэтага дома, і гэта таксама гісторыя вёскі. Каб даведацца пра падрабязнасці, мы звярнуліся да жыхаркі Дубіны Тамары Каляды. Менавіта яна сёння з’яўляецца захавальніцай старадаўняй хаты – пабудовы ХІХ стагоддзя. Калісьці па размеркаванні Тамара Уладзіміраўна прыехала працаваць у Дубіну і засталася тут назаўсёды, усім сэрцам палюбіла вёску, знайшла тут сваю палавінку. Гэта вельмі творчы чалавек: усе ў вёсцы называюць яе «пчолкай». Каля яе грэюцца душой і пажылыя жанчыны, і маладыя. Менавіта Тамара Уладзіміраўна даглядае хату Васіля Рагяля, каб захаваць для нашчадкаў дубінскую спадчыну. Разам з мясцовымі жанчынамі некалі яна арганізавала клуб «Бацькаўшчына» і была адным з заснавальнікаў вядомага калектыву «Дубінскія фанабэры».

Дапамагаюць захоўваць дубінскую гісторыю жыхары Вялікай Дайнавы Зміцер Мурашка і Юлія Літвінава. У хаце настаўніка яны разам шмат гадоў ладзілі вечарыны, майстар-класы і сустрэчы з цікавымі людзьмі. Але ж пра гэта падрабязней расказвае сама Тамара Уладзіміраўна:
– Гісторыя захавання хаты пачалася са Старога Уласа, дакладней – з яго слоў. Яшчэ ў 1909 годзе вядомы беларускі фалькларыст Стары Улас пісаў пра наш край: «10 вёрст ад Валожына ёсць вялікае сяло Дубіна, і чутна аб ім далёка-далёка… Народ вельмі паганы, самыя п’яніцы і зладзеі. Трэба каго абкрасці, пабіць або падсмаліць – ідзі ў Дубіну, там усё гэта знойдзеш».
Вось яна, тая самая інтрыга, якая, аднак, не пашкодзіла, а хутчэй запусціла колы гісторыі з новымі паваротамі. Склалася меркаванне, што жыхары Дубіны ўсё жыццё нібыта даказваюць, што гэта не так, як напісаў фалькларыст. Але ж ім ужо даўно нічога не трэба даказваць, бо ўсе ведаюць: Дубіна з даўніх часоў была мястэчкам таленавітых майстроў, якія мелі вучняў і перадавалі ім сваё майстэрства.

Дубінскія ўмельцы слылі на ўсю акругу, і не было такой справы, якой бы яны дасканала не валодалі.
У хаце склалася аб’яднанне «Бацькаўшчына». Збіраліся жанчыны, мужчыны такога сталага ўзросту – мясцовыя жыхары. З іх дапамогай мы і ўладкавалі гэту хатку. Збіраліся тут на Купалле, Вялікдзень, праводзілі народныя святы. Яшчэ Сцепаніда Іосіфаўна, жонка Васіля Рагяля, казала, што ў любой хаце хоць раз на год павінны быць баль, каб хата была жывая. Дык мы так і рабілі. А галоўнае – захоўвалі нашу мову, традыцыі, беларускую мясцовасць, дубінскую гаворку.
Збіраліся, спявалі песні – тыя, якія спяваліся спрадвеку. Напрыклад, адна старадаўняя дубінская песня, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне, магчыма, мае сто пяцьдзясят, а можа, і дзвесце гадоў: «Раскажу я вам, народы, што скора будзе на зямлі». У Дубіне Вялікдзень святкавалі чатыры дні: першы дзень – са сваімі, а чацвёрты – як першы. Збіраліся і мы ўсім аб’яднаннем, гулялі і спявалі. На жаль, тых людзей ужо няма, засталіся толькі дзве жанчыны, ды і тыя слабыя.
Мясцовыя жыхары перадавалі нам і песні, і байкі, і нават анекдоты пра дубінцоў. Да 525-годдзя вёскі ў 2021 годзе была выдадзена кніга «Ёсць такая Дубіна». Там шмат цікавага: вершы, байкі, легенды, гістарычныя старонкі, апавяданні пра творчых і працавітых людзей. Складальнікамі сталі я – Тамара Каляда і Марыя Мучынская. Шмат там і гістарычных фотаздымкаў. Прапаноўвалі ўдзельнічаць усім, хто жадае дапамагчы. Цяпер вырашылі, што кнігу трэба дапоўніць. Ёсць там і адказ Старому Уласу ад нашай краязнаўцы Ніны Уладзіміраўны Бобрык, ураджэнкі гэтых мясцін. Яна ніколі не пісала вершаў, а тут раптам пачала тварыць. І такіх творчых людзей шмат.
Многіх жыхароў ведаюць па мянушках-памянушках: дачка Сухадольца, Навуміха, Шурка, дзед Пятрук, Стэпка, Тарасюк, Настаўнік, Махорчыха і гэтак далей. Калі ў вёсцы шмат тых жа Вашкевічаў, але трэба сказаць, чый ты – унук ці ўнучка, тады ўсё становіцца зразумела. Хто печы клаў, хто боты ладзіў, хто скрыпкі рабіў, хто шыбы на вокны – майстроў было больш, чым шышак у сасны. Мянушкi-памянушкi ў вёсцы – гэта як пашпарт, яны паказвалі, з якога ты роду.

Цяпер пра тое, што захавалася ў хаце, якую выкупілі ў нашчадкаў настаўніка Васіля Рагяля. Гэта шчасце, што выйшла менавіта так. Калі б хто купіў яе як дачу, то магло б страціцца ўсё, што ёсць цяпер. Бо калі купляюць хаты і выкідаюць старадаўнія рэчы на сметнік – гэта невыносна. Хай бы хоць у музеі аддавалі ці тым, хто захавае.

Засталося мноства мэблі ад настаўніка Васіля і яго сям’і: куфар, сялянскія прылады, якія былі на той час тут. Калі заходзім, бачым сенцы, тут стаяць збанкі, ступы, мерная лыжка для зярна ці мукі, кадушкі, дзе разводзілі цеста на заквасцы. Заходзім у асноўную хату – печ, пліта. Тут і качарэжкі, і ўхваты – гэта бабін кут. Заўсёды падвешана вядро з вадой, ляжаць лапаты для хлеба, прасы для прасавання адзежы і бялізны. Захаваўся і ткацкі станок, які аднавілі, і ен працуе. Кожны жадаючы можа паспрабаваць ткаць. Ёсць у хаце і саматканыя, і карункавыя вырабы таго часу – ручнікі і посцілкі. Вісіць захаваны бурнус Васіля: цяжкі, збіты з воўны, дождж яго не намочыць, бо зроблены так, каб вада сцякала.

Ёсць дзіцячыя калыска і люлька. Люльку вешалі каля ложка бацькоў, каб спрытней было калыхаць. Ложак бацькоўскі, на якім нарадзіліся дванаццаць дзяцей, таксама захаваўся. Стаіць і арыгінальны куфар, дзе складалася ўсё адзенне, а таксама шаліноўкі, шарсцянкі. Захаваліся дзве вялізныя лавы, на якіх і гасцей садзілі, і дзеці спалі. У чырвоным куце – уніяцкі абраз Ісуса. Люстэрка, фотаздымкі на сцяне.
Вось такая каштоўнасць ёсць у Дубіне, якая не мае цаны. Як і людзі, якія імкнуцца праслаўляць сваю Радзіму творчасцю, сумленнымі справамі і працай. Бо каб заставацца чалавекам, трэба годна жыць, тварыць дабро і берагчы сваё, роднае.
Яшчэ тут арганізоўвалі вечарыны памяці. Дзеці прыходзілі сюды на майстар-класы. Выраблялі свечкі, ткалі паясы на бердах. Валянне з воўны, гарбата з самаварам, у печы пяклі аладкі. Вучыліся распальваць печ. Успаміналі, што такое бабін кут.
Матэрыял падрыхтавала
Іна ДАЛІДОВІЧ






