Спрадвеку зямля лічылася матухнай-карміцелькай. На яе ўскладвалі свае спадзяванні, ёй кланяліся і шмат шчыравалі ў полі — і зямля спаўна аддзячвала багатымі ўраджаямі. Сяляне ладзілі святы, каб душой дакрануцца да яе таямніц, каб словамі і песнямі перадаць сваю любоў. Адным з такіх і былі «Зажынкі». Яго ў нядзелю ладзілі ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Агра-Дубінское”.
На мясцовых “Зажынках” прысутнічалі, вядома ж, самыя галоўныя яго ўдзельнікі – хлебаробы, а таксама кіраўнікі і спецыялісты сельскагаспадарчага прадпрыемства.
Першым павіншаваў хлебаробаў з пачаткам жніва, пажадаў усім важкіх намалотаў дырэктар ААТ “Агра-Дубінское” – Каспяровіч Генадзь Вацлававіч:– Наступае вельмі адказны перыяд – уборка збожжа новага ўраджаю. Задача застаецца ранейшай – убраць вырашчанае хутка і без страт. Дзякую вам, хлебаробы, за нястомную працу, жадаю плёну, поспехаў на жніве. і, бяспрэчна, самае галоўнае – каб жніво прайшло без траўматызму. Таксама з пажаданнямі добрага ўраджаю і паспяховай уборачнай страды выступіў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства – Пётр Іванавіч Язерскі.
Па традыцыі першы сноп уручылі гаспадару “Зажынак” — дырэктару “Агра-Дубінское” Генадзю Каспяровічу, а таксама ўсім удзельнікам жніва.
Так, у сёлетняй уборачнай кампаніі у ААТ “Агра-Дубінское” ўдзельнічае 11 экіпажаў камбайнаў, сярод якіх адзін малады экіпаж, 2 экіпажы жаночыя, а на адвозцы зерня працуюць 9 вадзіцелей.
На добры ўраджай прагучала благаславенне і асвяшчэнне ўсіх хлебаробаў і тэхнікі настаяцеля царквы Святога вялікамучаніка Георгія Перамаганосца в. Дубіна-Юрздыцкая – Айца Валерыя, а работнікі Дубінскога сельскага цэнтра культуры падаравалі ўсім хлебаробам цудоўныя песні і добры настрой.
Заракаталі рухавікі камбайнаў. У добры шлях з пажаданнямі плённага жніва камбайны адправіў кіраўнік сельгаспрадпрыемства Генадзь Каспяровіч.