Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
14.02.2014. На 86-м годзе жыцця памёр народны мастак Беларусі Гаўрыла Вашчанка. Я пазнаёміўся з Гаўрылам Харытонавічам у 1988 годзе, калі наведаў ягоную майстэрню, каб напісаць у часопіс “Беларусь” пра новыя палотны, прысвечаныя чарнобыльскай трагедыі. Па сённяшні дзень у памяці карціна, на якой гараць свечкі. Некалькі гадоў таму ў нас (у “Мастацкай літаратуры”) выйшаў дыхтоўны фаліянт пра Гаўрылу Вашчанку. У працу над выданнем, у адрозненне ад некаторых, мастак не ўлазіў. Стваралася ўражанне, нібыта герой кнігі не ведае, што пра яго напісаны цэлы том, і ён выдаецца. Апошні раз бачыў Гаўрылу Харытонавіча ў Нацыянальным мастацкім музеі 8 жніўня на святкаванні 60-годдзя Уладзіміра Пракапцова. Да самага канца імпрэзы мастак не быў. У той вечар я з ім развітаўся двойчы: першы раз, калі ён пакідаў музей, і потым на вуліцы, дзе мастак затрымаўся са знаёмымі, а я з Людмілай ішлі дадому…
15.02.2014. Я з Людмілай, сястра Валя, пляменніца Надзя і яе хлопец Саша ездзілі на Ракаўскія могілкі. Сёння два гады, як мы засталіся без мамы. Прыехалі амаль у дзве гадзіны. Варотцы да
бацькоўскіх магіл былі адчынены, нібыта ўжо бацькі нас зачакаліся…
На слупку ўбачылі шыльду з абвесткай, з якой даведаліся, што ўжо больш нельга нікога хаваць (за нашымі бацькамі за два гады вырас цэлы рад магіл), бо далей кусты, але гэта не проста кусты, а “старыя Ракаўскія могілкі XIX стагоддзя, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю”…
Як на вяршынях чалавечага гора, на магільных грудах ужо няма снегу… У царкве служба закончылася, і храм на замку…
Сёння Грамніцы. Па народных прыкметах будзе ранняя вясна…
18.02.2014. На працы адна з супрацоўніц, якая жыве на ўскраіне горада, паведаміла, што шпакі прыляцелі…
25.02.2014. Удзельнічаў у прэзентацыі кнігі Валянціны Куляшовай “Аркадзь Куляшоў. Лясному рэху праўду раскажу…”, якая прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Кніга выдадзена ў серыі “ЖЗЛБ”. Сямнаццатая па ліку. У зале прысутнічалі дачка паэта Валянціна Аркадзьеўна, унук Уладзімір Бербераў, унучка Вольга і праўнучка Алеся. Гаворачы пра кнігу, я ўзгадаў, што ў пятнаццаць гадоў палюбіў твор Аркадзя Куляшова “Мая Бесядзь”, у якім ёсць страфа:
Я ўпарты, не кіну пачатае справы,
Каменне крышу,
Разграбаю пяскі,
Пад кпіны аматараў лёгкае славы
Капаю рэчышча ўласнай ракі.
Гэтыя радкі шмат гадоў у мяне на пачатку кожнага новага сшытка, у якім я пісаў вершы, былі эпіграфам. Пасля вечарыны да мяне падышла жонка Івана Чыгрынава і запыталася: “А чаму Вы не ўзгадалі Алеся Пісьмянкова і Івана Чыгрынава? Яны ж таксама выраслі на Бесядзі…”
27.02.2014. У музеі Якуба Коласа прэзентавалі “Новую зямлю” з ілюстрацыямі народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча, якая выйшла ў “Мастацкай літаратуры” на мінулым тыдні. Ілюстрацыі хоць і не новыя, але ўжо добра прызабытыя. Яны ў свой час былі зроблены для трохмоўнага выдання “Новай зямлі” (на беларускай мове, рускай і польскай). Ад Уладзіміра Гілепа даведаліся, што з ідэяй такога выдання да яго ў Фонд культуры звярнуўся Янка Брыль. На працягу года Васілём Пятровічам былі зроблены ілюстрацыі. Іх на сённяшні дзень 93. Распавядаючы пра сябе, мастак расказаў гісторыю пра сваё імя. Бацькі, адпраўляючы хрысціць сына ў царкву, папрасілі хросных назваць малога Генадзем. Такога імя на той час ні ў вёсцы, ні ў суседніх не сустракалася. Пакуль хросныя бацькі дабіраліся да царквы, то забыліся рэдкае імя. І бацюшка назваў малога па царкоўным календары Васілём.
Вярнуўшыся ў вёску, дзе ўжо быў накрыты стол, за якім сабраліся вяскоўцы, хросныя сказалі маці будучага мастака, што бацюшка назваў малога Васілём. За сталом сядзеў сусед Васіль, якога ўсе абзывалі бараном, і маці, пачуўшы, як назвалі сына, забедавала: “Цяпер у вёсцы будзе яшчэ адзін баран!” Сусед пакрыўдзіўся і з жонкай пакінулі застолле. Пасля гэтага амаль дваццаць гадоў Васіль-баран і бацькі Васіля Шаранговіча не размаўлялі. І вось неяк прыехаў малады мастак у вёску. Зайшоў у родную хату і ўбачыў бацьку з суседам, якія выпівалі. Сусед, вітаючыся, з усмешкай сказаў: “Не ўсе Васілі бараны!”
28.02.2014. Вяртаючыся з працы, у нашым двары пад дрэвам заўважыў на асфальце мокрую пляму. Падышоў бліжэй і ўбачыў, што са зламанай на дрэве галінкі капае сок…
09.03.2014. З Людмілай хадзілі ў Купалаўскі тэатр на трагікамедыю па аповесці Паўла Санаева “Пахавайце мяне за плінтусам”. Спектакль у Мінск з Віцебска прывёз тэатр Якуба Коласа, якім цяпер кіруе Валерый Анісенка. Ад яго некалькі дзён таму я атрымаў запрашэнне на іх аднадзённую гастроль. Быў аншлаг, і нас пасадзілі на прыстаўныя крэслы. Часцей за ўсё ў тэатры сяджу з думкай: “Калі ўсё гэта скончыцца?”, а тут толькі час ад часу ўспамінаў, што ў майго
крэсла няма спінкі, і я магу з яго зваліцца, калі перастану трымацца. Словам, спектакль спадабаўся, і асабліва ігра Тамары Скварцовай, якая выконвала ролю бабулі васьмігадовага Сашы Савельева. Хлопчыка іграў малады артыст тэатра Раман Салаўёў. Пасля спектакля Валерый Анісенка запрасіў на фуршэт, дзе прыемна было пабыць у кампаніі артыстаў, якія “прыехалі ў сталіцу з правінцыі”.
11.03.2014. Кажуць, што буслы прыляцелі… А я ў горадзе, як у каменнай клетцы…
12.03.2014. Хадзіў да Быкавай, удавы народнага пісьменніка. Сустрэла мяне Ірына Міхайлаўна з адчыненымі
дзвярамі, як даўняга добра знаёмага. Прапаноўвала пачастунак. Я адмовіўся, каб не загружаць гаспадыню клопатамі пра мяне. Кніжка “Пакахай мяне, салдацік” Васіля Быкава ёй спадабалася. Папрасіла, каб я напісаў на адным з асобнікаў сённяшнюю дату і распісаўся. Згадалі Рыгора Барадуліна. Цяпер яна часта ўключае песню Булата Акуджавы, у якой ёсць радкі пра тое, што жыццё кароткае. Так, жыццё кароткае, а некаторыя паводзяць сябе, нібыта яны вечныя…
Чытаю “Ксты” Рыгора Барадуліна. Чытаю і чую ягоны голас…
У 1979 годзе мне сябры-паэты параілі занесці свае вершы Рыгору Іванавічу. Я перапісаў лепшыя (на маю думку) творы ў вучнёўскі сшытак за дзве капейкі і пайшоў у “Мастацкую літаратуру”. Якраз Барадулін быў на працы. Распытаўшыся, хто я і што (мне было 19, а яму 44 гады), паэт забраў вершы і сказаў, каб, калі што новае напішацца, прыносіў толькі яму, бо ён хоча мяне ўключыць у калектыўны зборнік паэзіі “Сцяжыны”. І я пачаў хадзіць да Барадуліна амаль кожны тыдзень. Калі сшыткаў назбіралася з дзясятак, дзядзька Рыгор запрасіў мяне дахаты. Дома была Валянціна Міхайлаўна. Перад тым, як пачаць разбірацца з творамі, мяне добра пакармілі. І потым гадзіны тры мы сядзелі і чыталі вершы. Час ад часу мой настаўнік клікаў Валянціну Міхайлаўну і зачытваў са сшытка радкі, якія яму вельмі спадабаліся.
Праз нейкі час Рыгор Іванавіч паведаміў, што мяне ў “калектыўную магілу” ён не будзе даваць, бо ў мяне вершы добрыя, і я варты быць надрукаваным асобнай кнігай. У 1983 годзе выйшла мая “Гронка святла”, у якой ёсць і святло дзядзькі Рыгора…
16.03.2014. Зноў сыплецца снег, і тут жа растае, як мае нязбытныя светлыя мары, якія раптам я паспрабаваў ажыццявіць…
20.03.2014. Не было яшчэ дня, каб не думаў пра памерлых бацькоў. З працы дахаты прыйшоў з радкамі:
Мама і тата жывуць ува мне,
Быццам бы ў свеце, што створаны імі,
Дзе я таксама жыву, але ў сне,
З мамай і татам, са мною жывымі…
23.03.2014. З мастаком Алесем Квяткоўскім і яго жонкай Вікторыяй ездзілі ў Ваўкавыск. У ваенна-гістарычным музеі імя Баграціёна ўдзельнічаў у адкрыцці выставы Квяткоўскага “Песні дрыгвы”…
Нёман вяртаецца ў берагі. Белы лебедзь, як першая кветка на вадзе… Каля дарогі на ўзлессях – пралескі і кураслепы. Ад іх светла і радасна. Сумна ад прыдарожных крыжоў з вянкамі са штучных, ужо аблезлых, кветак… Буслы ходзяць па лугах, нібы шукаюць нешта імі схаванае мінулай восенню, калі збіраліся ў вырай…
Слонім. Дарога на Жыровічы. Там у манастыры жыве паэт Алег Бембель. Падумалася, што паэтам толькі і жыць у манастырах…
Рэчка Шчара. Цячэ, як наша тлумнае жыццё, у адным кірунку…
Заехалі ў вёску Сынкавічы. Пабылі каля царквы Святога Архангела Міхаіла (Міхайлаўская царква), якая з’яўляецца адным з самых ранніх гатычных праваслаўных храмаў Беларусі. Было шмат людзей. На машынах, раварах, пяшком. Гледзячы на храм, у маёй душы прагучалі словы: “Наш гонар. Жывём у Еўропе…”
Ваўкавыск. Нас у музеі зачакаліся. Алесь застаўся развешваць свае карціны, а супрацоўнік музея павёў мяне паглядзець касцёл святога Вацлава і старыя могілкі, дзе пахаваны невядомыя польскія салдаты і два савецкія, якія загінулі ў вайне 1918-1920 гадоў. Тут жа помнік паўстанцам 1863 года. На могілках чыста. Адчуваецца, што тут святое месца для многіх жывых…
У Музеі імя Баграціёна мне прапанавалі паглядзець экспазіцыю, прысвечаную вайне 1812 года. У свой час я быў у Барадзіно. Наш музей, па-мойму, не горшы…
Экспазіцыя войнаў 1914-1918 і 1939-1945 гадоў уражвае. Некаторыя кулямёты, як новыя. Здаецца, калі спатрэбіцца, то бяры да іх патроны і страляй…
“Песні дрыгвы” Алеся Квяткоўскага да 14 красавіка будуць асвятляць і прыгожыць музей. Зброя, якая несла смерць ворагам і нашым прадзедам, цяпер тут будзе тры тыдні не самай галоўнай…
Вікторыя спявала, нібы віном частавала…
Пасля адкрыцця выставы схадзілі на Шведскую гару. Гэты курган па легендзе насыпаны на брацкай магіле шведаў, што загінулі пры штурме Ваўкавыска ў 1656 годзе. На самай справе – гэта старажытнае гарадзішча. Высокае. Я ледзьве ўзышоў. З гары ўсю Беларусь не ўбачыў, але бачна далёка-далёка. Там-сям гарэла сухая трава, і дым поўз па зямлі, нібыта на нас наступалі ворагі…
Дамоў ехалі, як пшаніцу прадаўшы, але не спалі…
24.03.2014. Прыходзіў малады чалавек гадоў трыццаці. Прынёс вершы для дзяцей. Развітваючыся, палез да сябе ў торбу, з якой дастаў Ганаровую грамату ў драўлянай рамцы: “Калі будзеце чытаць, памятайце, што я чалавек ужо ўзнагароджаны!”
26.03.2014. Сонечна. 15 градусаў цяпла. Дрэвы пачынаюць зелянець. Кветкі цвітуць. Птушкі спяваюць. Па-мойму, упершыню такое надвор’е ў мой дзень народзінаў. Памятаецца, што раней заўсёды ляжаў снег. Калі быў школьнікам, то якраз на мой дзень былі канікулы і самае разводдзе. Паводкай змывала масты. Я ж з сябрамі катаўся на крыгах і проста бадзяўся па вадзе. Дамоў вяртаўся мокры, як чапля. Амаль ніхто мяне з днём народзінаў не віншаваў, бо не было такой моды. А цяпер ужо не тое. Першай павіншавала стрыечная сястра Аня, бо пачула па БТ, што я сёння нарадзіўся…
29.03.2014. Патэлефанавалі з майстэрні, дзе робяць помнікі, і паведамілі, што ўжо гатовы на гранітнай пліце партрэты бацькоў. Трэба ехаць у Ракаў…
30.03.2014. Прыснілася школа. Урок рускай літаратуры. Празвінеў званок, а настаўніцы няма. Аднакласнікі папрасілі мяне, каб схадзіў і паглядзеў, ці ёсць наша настаўніца. Я пайшоў. Адчыніў дзверы настаўніцкай, а там бераг мора, а на вадзе, седзячы на чорнай школьнай дошцы, плыве падалей ад зямлі настаўніца рускай літаратуры…
Пачаў успамінаць, як жа звалі маю настаўніцу. Помню прозвішча – Скамарошчанка, па-бацьку – Сяргееўна. А як імя – не магу ўспомніць. Патэлефанаваў Анатолю Блашчыцыну і ад яго даведаўся, што маю настаўніцу рускай літаратуры звалі Ефрасіння Сяргееўна Скамарошчанка. Яна памерла ў канцы сакавіка, і таму, відаць, мне і прыснілася…
Анатоль патэлефанаваў мужу Ефрасінні Сяргееўны Георгію Іванавічу і даведаўся, што яна памерла 22 сакавіка 1999 года. Словам, душа маёй настаўніцы была ў родных мясцінах…
01.04.2014. Тэлефануе Міхась Казлоўскі: “Тут працуе Базыль Шпрыц?” “Тут!” – падтрымліваю сяброўскі жарт і чую: “Базыль Шпрыц – нядрэнны псеўданім для паэта!”
Дзень стаў доўгім, як дарога дадому, дзе няма бацькоў…
02.04.2014. Прыходзіла бабулька гадоў пад 85. Прынесла рукапіс падручніка “Як навучыцца маляваць” з уласнымі ілюстрацыямі. Размаўлялі паўгадзіны. Аўтарка ўсё ж угаварыла пачытаць яе “працу ўсяго жыцця”. Пагартаў. Была б куча грошай, можна было б выдаць кнігу, але з назвай “Як не навучышся маляваць…”
Абед. Раптам ціхенька адчыняюцца дзверы, і ў мой кабінет заглядвае высокі, худы, як слуп, малады чалавек. Ён да мяне прыходзіў тыдзень таму і пакінуў вершы. Павітаўшыся і паказаўшы на шафы, у якіх і на якіх кучы рукапісаў, я паведаміў: “Яшчэ Вашых твораў не чытаў. Не дайшла чарга…” “А я прыйшоў, каб дапамагчы Вам чытаць! Вы не думайце, што я не ўмею. Я ўмею не толькі пісаць…” – заявіў мой наведвальнік…
03.04.2014. Ездзіў у Малінаўку ў бібліятэку № 21, у якой была прэзентацыя маёй “Тутэйшай тугі” і “Пугачоўскага цырульніка”. Паслухаць мяне прыйшлі дзесяцікласнікі з дзвюх школ, што побач. Пытанні дзеці задавалі па-беларуску і наогул паводзілі сябе прыстойна. Вяла прэзентацыю Лідзія Шагойка з Музея гісторыі беларускай літаратуры. Яна ўзгадала майго сябра Пісьмянкова. 23 красавіка будзе 10 гадоў, як Алесь спачывае на Кальварыйскіх могілках. Загадчыца бібліятэкі таксама добра ведала Алеся. І пакуль мы помнім сваіх сяброў і калег па пяры – яны жывыя…
04.04.2014. Вясна. Праблем, як вады ў дзіравых ботах…