Лепшым сельскім Саветам дэпутатаў па выніках работы за мінулы год прызнаны Валожынскі. Немалая заслуга ў гэтым і кіраўніка спраў Людмілы ПЯТРОВІЧ. На сёлетнім раённым Свяце працы за значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Валожыншчыны яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай райвыканкама.
– Людміла Станіславаўна, раскажыце, калі ласка, як прыйшлі на працу ў сельвыканкам.
– Быў 2002 год. Я ўжо 7 гадоў працавала загадчыцай Сугваздаўскага дзіцячага сада. І тут прапанавалі перайсці ў сельвыканкам. Безумоўна, работы не ведала. Самым складаным напачатку аказалася асвоіць пішучую машынку, бо камп’ютараў яшчэ не было, а амаль усе дакументы патрабавалі друкаванага выгляду.
Сам Сугваздаўскі сельсавет у параўнанні з Валожынскім быў невялікі – у 21 вёсцы пражывалі каля 900 чалавек. У Сугваздах налічвалася больш за 400 чалавек, была васьмігадовая школа, свая гаспадарка, будавалася цэлая вуліца для маладых сем’яў: яна так і называлася – Маладзёжная.
Узначальвала мясцовую ўладу Браніслава Канстанцінаўна Хадзінская – вельмі вопытны, разумны, адказны старшыня. Яна сама калісьці працавала сакратаром – таму дарадчыка і памочніка я добрага мела: у яе можна было атрымаць адказы на ўсе рабочыя пытанні. Адразу ж павезла мяне ў райвыканкам да спецыяліста ўпраўлення спраў, дзе азнаёмілася са складаннем пратаколаў з пасяджэння сельвыканкама, правільнасцю афармлення прынятых рашэнняў, натарыяльнымі дзеяннямі, справамі ЗАГСа – рэгістрацыяй шлюбаў, нараджэння, смерці – дарэчы, вяселляў на той час спраўлялася больш, чым цяпер у Валожынскім сельсавеце. Шмат выдавалася даверанасцей, копій, дублікатаў дакументаў. У абавязкі сакратара ўваходзіла вядзенне ваенна-ўліковага стала, пашпартызацыя, прапіска і выпіска.
Напачатку работы добра дапамагала разабрацца са многімі нюансамі кансультатыўная група, у якую ўваходзілі юрыст і спецыяліст упраўлення спраў райвыканкама, работнікі натарыуса, ЗАГСа. Правераць дакументы, нешта падкажуць.
– Ужо 13-ы год Вы працуеце ў Валожынскім сельвыканкаме. Можна сказаць, прыйшлі з добра назапашаным вопытам?
– У 2010 годзе Сугваздаўскі сельсавет далучылі да Дорскага. Мне прапанавалі работу спецыяліста ў Валожынскім сельвыканкаме. Калі там рабіла ў меншым аб’ёме, але ўсё, то тут вяла пашпартны стол, розныя камісіі і грамадскія фарміраванні. У 2013 годзе да нас далучылі частку Сакаўшчынскага і Узбалацкі, і стала працаваць кіраўніком спраў.
– Не памылюся, калі скажу: сельвыканкам – не проста ўлада на вёсцы, а і свайго роду «кансультатыўны цэнтр»?
– Так, для сельвыканкама галоўным з’яўляецца работа з людзьмі. Нават калі пытанні і не тычацца кампетэнцыі мясцовай улады, звяртаюцца ўсё роўна сюды. Як раней, так і цяпер – у любую хвіліну, па любым пытанні. Дарога не падсыпана. Куды ідуць? Да старшыні сельвыканкама. Лямпачка перагарэла на слупе, сабака бяздомны па вуліцы бегае, суседзі не мірацца, водаправод дзесьці прарвала, некалькі дзён смецце не вывозяць – ізноў жа тэлефануюць у сельвыканкам. А, бывае, і проста параіцца: па спадчынных справах, па зямельных пытаннях.
– Сам сельвыканкам знаходзіцца ў цэнтры Валожына. Ды і большасць вёсак таксама мяжуюць з горадам. Гэта нейкім чынам уплывае на кола зваротаў?
– Звяртаюцца не столькі самі мясцовыя жыхары, колькі гаспадары, якія прынялі дамы ў спадчыну, а таксама дачнікі. У іх крыху іншыя запыты: яны з горада, а там зусім іншыя ўмовы пражывання, таму і патрабаванні, будзем казаць, “гарадскія”: па іх меркаванні, вуліцы па вёсках павінны быць заасфальтаваны, ці вулічнае святло павінна гарэць увечары як зімой, так і ўлетку. Можна сказаць, болевай кропкай з’яўляецца і пытанне спілоўвання аварыйных дрэў. Стараешся патлумачыць людзям, што ўсе магчымасці сельвыканкама зыходзяць ад фінансавання.
– Валожынскі сельсавет – самы буйны на тэрыторыі раёна.
– На сёння ў нашым сельсавеце налічваюцца 85 населеных пунктаў, колькасць пражываючых перавышае 3,5 тысячы чалавек, з іх працаздольнага насельніцтва – 2 тысячы.
– Маланаселеныя вёскі ёсць?
– Ёсць, і многа. З сакаўшчынскага кірунку – Навасёлкі, Вялец: не было нікога, цяпер па адным чалавеку там прапісаліся. Іх таксама трэба абслугоўваць. Вось напрыканцы мінулага года, калі пазамятала наўкола, наш старшыня Віктар Аляксандравіч Комель кожную раніцу быў у камунгасе на разнарадцы, каб ведаць, куды накіроўваецца транспарт. А пасля сам выязджаў і паказваў, дзе трэба абавязкова расчысціць дарогу, бо туды прыедзе аўталаўка. У Расолішках адна бабулька жыве, да яе вядзе лясная дарога, але і яна не павінна застацца без хлеба і малака. Таму на дапамогу прыходзілі і дарожнікі, хоць, часам, гэта і не іх зона абслугоўвання.
– Ці карыстаецца на сёння попытам жыллё на вёсках?
– Скажу больш: нават узводзяцца новыя дамы. Вось у Белакорцы летась былі ўведзены ў эксплуатацыю 3 новабудоўлі: людзі купілі ўчасткі і пабудаваліся. Ёсць жадаючыя, і многа, набыць зямлю тут, у Яцкаве, Галубах, Прыбарных. Месцы вельмі прыгожыя – побач рэчка і лес. Аднак няма свабодных участкаў з-за малых магутнасцей электрастанцый.
– Можна сцвярджаць, што вёскі не выміраюць? Карэнныя ж жыхары адыходзяць…
– Летась па сельсавеце не стала 96 чалавек, а нарадзіліся толькі 17 немаўлят. Хаця ёсць і шматдзетныя сем’і. Другое жыццё вёскам у большасці надаюць дачнікі. Прапісваецца шмат новых насельнікаў, але гэта не азначае, што яны тут будуць пастаянна жыць. За домам на вёсцы патрэбен догляд – гэта табе не кватэра: толькі абкасіць за сезон падворак трэба некалькі разоў. Гаспадары ж розныя бываюць: хтосьці, як кажуць, з хаткі на курыных ножках зробіць такую даміну, што залюбуешся. А ёсць і “ўласнікі”, адшукаць якіх – сапраўдная праблема.
У нас многа яшчэ пустуючых дамоў, асабліва па дубінской зоне. Летась знеслі 5 такіх будынкаў. Вызваленыя ўчасткі, калі яны размешчаны побач з палеткамі, забіраюць гаспадаркі ў палі севазвароту; калі ў сярэдзіне вёскі, то людзі пашыраюць свае надзелы і афармляюць зямлю пад агародніцтва; нехта забірае і пад будаўніцтва новага дома. Таксама 2 дамы, якія былі прызнаны пустуючымі, прадалі – па 4700 рублёў кожны.
– Яшчэ дзясятак гадоў таму са словам вёска адразу ж атаясамлівалася прыватная гаспадарка – жыўнасць была на кожным падворку. Спрадвечная сялянская справа паступова адыходзіць у нябыт?
– Калі працавала ў Сугваздаўскім сельвыканкаме, вяліся пагаспадарчыя кнігі. Хадзілі па падворках і перапісвалі, хто што трымае, ды яшчэ падлічвалі выхад вырабленай прадукцыі: колькі малака ад каровы надаілі, колькі яек куры нанеслі, колькі вырасла бульбы, буракоў, капусты. Такія былі патрабаванні статыстычных даных. Памятаю, што напачатку двухтысячных колькасць кароў па сельсавеце перавальвала за дзве сотні – працавалі з насельніцтвам і заключалі дагаворы на здачу малака, якое збіралі шэсць малаказборшчыкаў, на кантрактацыю цялят.
Сёння таксама такія звесткі збіраюцца. І што надае надзею, з’яўляюцца гаспадары, якія трымаюць па 5-7 кароў, хтосьці – шмат свіней, авечак, трусоў, курэй, індыкоў, качак і з гэтага жывуць. Іх пакуль не так многа, але яны ёсць. Летась упершыню за многія гады пагалоўе жывёлы па Валожынскім сельсавеце павялічылася і цяпер утрымліваюцца 121 галава буйной рагатай жывёлы і 13 коней.
– Вялікая работа праводзілася сельвыканкамам па падтрыманні ў належным стане могілкаў – цяпер яны перададзены на баланс камунальнай службы. Шмат іх налічвалася?
– У нас на ўліку былі 21 могілкі. Справа сельвыканкама – сачыць за парадкам на іх: асабліва многа рытуальных прылад было пасля Радаўніцы ці Дзядоў. Часткова, дзе не маглі справіцца самі, заказвалі тэхніку ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, згружалі і вывозілі ўсё сабранае смецце. Кантралявалі, каб тэрыторыя была абкошана, агароджа ў парадку. Шмат зваротаў паступала аб спілаванні старых дрэў, бо яны маглі нанесці шкоду помнікам. Раз у два гады праводзілі інвентарызацыю ўсіх могілкаў, таму аб’ём работ быў значным.
– Людміла Станіславаўна, Вы нарадзіліся і выраслі ў Сугваздах. Сваёй маленькай радзіме не здрадзілі – пражываеце там і сёння. Чаму не пераехалі ў горад?
– У свой час як маладой сям’і калгас выдаткаваў новы дом. Прыватызавалі і ён стаў нашай уласнасцю. Тады жыццё ў вёсцы кіпела – у дзіцячым садку не хапала месцаў: летам выйдзеш – вуліцу не пяройдзеш, столькі было дзетвары. Я выйшла з дома – у мяне свой двор, агарод, мноства кветак. Мне не трэба спускацца па лесвіцах з паверхаў і шукаць месца ўнукам, дзе пагуляць: на падворку – батут, арэлі, ёсць тэраса. Адпачывай сабе ў цянёчку, і на сонцы – дзе толькі пажадаеш. Я люблю нават і тую ж гаспадарку: заўсёды трымала і трымаю, таму заняцца ёсць чым. Усё гэта вельмі дорага і блізка душы – яно сагравае, цешыць і радуе.
Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ