Общество

Божае нараджэнне – святло для чалавецтва

“Вось набліжаецца Пан,
каб збавіць народ свой;
шчаслівы той, хто гатовы выйсці Яму насустрач”.
(Мц-15, 29-37)

Дарагія мае парафіяне!


Вось і падыходзіць да завяршэння перыяд Адвэнту. Здавалася б, яшчэ ўчора на алтары ў касцёле была запалена адна адвэнтовая свечка, а тры былі патушаныя. Цяпер ужо гараць чатыры адвэнтовыя свечкі. Увесь гэты час мы рыхтаваліся да спаткання дзіцятка Езуса, які народзіцца сярод нас на гэтай зямлі. Добра, плённа папрацавалі. У суботу прыйдзем увечары на Пастэрку – святую калядную імшу, каб павіншаваць Сына Божага з Яго Нараджэннем. Што мы ахвяруем, які падарунак прынясём Яму на народзіны?

Першы падарунак – гэта чыстая душа і сэрца чалавека. Малайцы тыя людзі, якія падчас Адвэнту прыступілі да сакрамэнту святой споведзі: ачысцілі сябе ад грахоў, ад слабасцей, ад усяго дрэннага. Другі падарунак – шчырая малітва. Добра, калі за гэты час чалавек умацаваўся ў веры: не прапусціў ніводнага дня, адгаворваў ранішнюю і вячэрнюю малітвы, кожны тыдзень быў у касцёле на набажэнствах. Трэці падарунак – пост: заўсёды ў пятніцу пасціў, але дадаў пост і ў яшчэ адзін дзень на тыдні. І зараз прымі, Пане Езус, у падарунак вось гэтыя дадатковыя дні.

Расклад калядных і навагодніх набажэнстваў
24 снежня – Пастэрка, святочная калядная імша ў 21.00.
25 снежня – Божае нараджэнне. Святая імша ў 10.00.
31 снежня – набажэнства падзякі Богу за пражыты 2022 год. Святая імша ў 18.00.
1 студзеня – урачыстасць Матачкі Божай Багародзіцы Марыі і Новы год. Святая імша ў 10.00.
6 студзеня – Тры Каралі. Святая імша ў 9.00 і ў 18.00.

Яшчэ адзін падарунак – добрыя ўчынкі. Безумоўна, на працягу года мы прыносім і складаем перад Богам розныя дары нашага сэрца. А ўжо Божанька ведае, хто ў іх мае патрэбу і хто праз Яго ад нас іх атрымае. Пан Езус казаў: “Чалавек, нават кубак вады, які ты падасі, не застанецца без узнагароды з Майго боку”. У свой час за ўсё гэта Божанька шчодра падзякуе ахвярадаўцам і дабрадзеям. Акрамя таго, кожны добры ўчынак анёл-ахоўнік, які ёсць каля нас, запісвае ў кнігу нашага жыцця. Яна будзе адкрыта перад Богам, калі мы паўстанем на Божым судзе. Туды кожны з нас возьме толькі малітвы і добрыя ўчынкі. Іншымі словамі можна сказаць: добрыя ўчынкі – гэта той ключ, якім чалавек адчыніць сам перад сабой брамы Неба, каб патрапіць у Валадарства Божае.

Навошта Сын Божы прыйшоў на Зямлю? На гэта пытанне адказваюць вышэй узгаданыя словы з Бібліі: “Вось набліжаецца Пан, каб збавіць народ свой…” Да нараджэння Сына Божага ўсё чалавецтва знаходзілася ў цемры граху. Бог у сваёй міласэрнасці і любові да чалавека пасылае Сына Свайго на Зямлю. Таму Божае нараджэнне – гэта Божае святло, якое рассейвае цемру граху і д’ябла, і духоўныя прамяні Божага святла асвятляюць кожнага з нас.

Дарагі чалавек! Ты шчаслівы, што сваімі вачамі бачыш гэту падзею. Ты шчаслівы, што сваімі вушамі чуеш спеў Анёлаў, якія абвяшчаюць усяму чалавецтву радасную навіну нараджэння Сына Божага. Ты шчаслівы, што на сваіх нагах разам з сям’ёй, дзецьмі, унукамі маеш магчымасць прыйсці ў касцёл, каб стаць на калені перад Дзіцяткам Божым і скласці свае віншаванні, паразмаўляць з Ім у малітве і запрасіць Яго ў сваю душу.

Каляды – гэта свята, якое гаворыць кожнаму з нас: чалавек, адкрый сваё сэрца, каб Бог нарадзіўся ў тваім штодзённым жыцці, у тваіх словах, думках, справах. Не дапускай да сябе бязбожнасці, п’янства, злосці, нянавісці, брыдкіх слоў, абыякавасці да людзей. Сын Божы прынёс людзям Божае вучэнне: любіце адзін аднаго Божай любоўю, як Я люблю ўсіх вас, дапамагайце адзін аднаму, рабіце толькі добрыя справы.

Ад Божага нараджэння пачынаецца перыяд, у які чалавек запрашае Бога да сябе “па калядзе” – гэта значыць, каб Бог асвяціў дом, кватэру, як напісана ў Бібліі: “Вось стаю каля дзвярэй і стукаюся; калі хто пачуе голас Мой і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, і ён са Мною (Апак. 3,20)”. Дарагі чалавек, калі хочаш шчасця, здароўя, дабрабыту, то не замыкай дзверы перад Богам. Таму падчас каляднага перыяду людзі прыводзяць ксяндза да сябе, каб асвяціць сваё жыллё і атрымаць Божае благаславенне.

Дарагія парафіяне! Шаноўныя браты і сёстры праваслаўныя! Дарагія людзі! Дзелячыся Каляднай радасцю, зычу вам здароўя душы і цела, Божай апекі і дапамогі ў жыцці, навуцы і працы, а таксама спакойнага і шчаслівага 2023 года. Са святам усіх вас, дарагія людзі!

З малітвай за кожнага чалавека – ксёндз-доктар Гэнрык Акалатовіч, пробашч касцёла
святога Юзафа ў Валожыне