Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
21.08.2016. На фотаздымках заўсёды мінулае…
22.08.2016. Прыязджаў Міхась Казлоўскі. Падарыў каталог “Мастакі маладзечанскага краю”, у якім прадстаўлена сямнаццаць творцаў. “Калі б я ўкладаў выданне, то было б надрукавана чалавек трыццаць. Але дзякуй укладальнікам і за гэта!” – сказаў Міхась. Восем мастакоў я добра ведаю, бо яны мае сучаснікі, і мы неаднаразова сустракаліся на творчых імпрэзах на Маладзечыншчыне. Разглядаючы рэпрадукцыі карцін, я думаў пра тое, што мы вельмі багатыя на таленты, але мала хто з нас цэніць іх, і асабліва, калі яны жывыя…
Стаю на прыпынку. Чытаю кніжку. Людзі каля мяне праходзяць, як каля слупа, на якім прыклеена нейкая абвестка…
23.08.2016. Да дзесяці гадзін з Міёнай гуляў на Мухлі. З намі былі Джэсі, Джэксан, Рокі, Шыма і Гарыныч. Побач праходзілі іншыя сабакі, але гаспадары іх да нас не пусцілі. Над намі час ад часу праляталі качкі і лёталі кажаны. Хапала камароў. Высока-высока ў небе сярод зорак я заўважыў спадарожнік, і якраз у час, калі ён вылятаў з каўша Вялікай Мядзведзіцы. Вылятаў, як кропля вады, прасвечаная сонцам. Сабакі гулялі, а мы размаўлялі пра наша жыццё-быццё. Заўтра з Міёнай ідзём на трэніроўку паслушэнства. Любуючыся зоркамі, я міжволі падумаў, што магчыма ў гэты ж час наш Максім, ахоўваючы мяжу Беларусі, таксама глядзіць у неба…
24.08.2016. Днём з паўгадзіны паспіш, і дзень, нібыта два дні…
28.08.2016. Ездзіў да сына ў Пінск… Выехаў з Дружнай а восьмай. Вадзіцель маршруткі быў вельмі падобны да празаіка Андрэя Федарэнкі. Такі ж вузкі твар, такі ж падбародак, і такія ж негустыя валасы на галаве. Усю дарогу час ад часу ўзгадваўся Андрэй – то мы з ім вандруем па родных мясцінах нашага сябра Барыса, то мы ў маіх Пугачах ловім рыбу, то рвём на полі кукурузу, а потым праз паўгадзіны дарогі ў Мінск Андрэй заўважае, што ён у кукурузе згубіў гадзіннік. Цяпер, праязджаючы каля таго поля, з усмешкай успамінаю Барысава: “Калі ўжо тут нарасце гадзіннікаў, што пасеяў Федарэнка?” У гэтым годзе расло жыта…
Кукуруза высокая і стройная, як на парадзе дасягненняў народнай гаспадаркі… На полі катушкі саломы. Падумалася пра беларускі марсіянскі пейзаж… На ўскрайку лесу грыбнік, як лясун…
Шмат сустракаецца людзей на раварах. Раней такога не было. Еўропа…
Абагналі фуру з казахстанскім нумарам. Што яна вязе і куды з такой далечы?
Каля дарогі могілкі, а перад імі два паўкапаніры…
Праехалі кіламетраў дзвесце. На лузе каля дарогі ў высокай балацянай траве белыя чаплі стаяць, як кветкі…
Рэчка Ясельда. Указальнік на Музей Яўгеніі Янішчыц. Хутка будзе трыццаць гадоў, як яна пакінула гэты свет у сорак гадоў. Калі б жыла на пачатку 90-х, магла б стаць першай народнай паэткай Беларусі…
Заехаліся ў Целяханы. У свой час у многіх з маіх вясковых сяброў былі лыжы з Целяхан. Яны лічыліся самымі лепшымі. Праўда, ламаліся часта, як і ўсе астатнія…
11 ліпеня на паўдарозе ад Целяхан да Пінска ў лесе, едучы да Максіма на прысягу, мы з Людмілай, Веранікай і Паўлам спыняліся перакусіць. Тады з адной з альтанак да нас выбеглі две сабачкі (чорная і рудая). Мы ім давалі есці. Не ўзялі. Відаць, нехта, спыняючыся адпачыць, іх ужо пакарміў. Цяпер я стараўся ўгледзець сабачак з маршруткі. Ці жывыя яны? Не ўгледзеў…
На чыгуначным вакзале распытаўся, як дайсці да вайсковай часці. За хвілін дваццаць дабраўся. На прапускным пункце папрасіў паклікаць радавога Максіма Шніпа з мабільнай групы. Сын прыйшоў праз хвілін дзесяць. Спаў. Быў на начным дзяжурстве. Паразмаўлялі да гадзіны. Максім пайшоў на абед, а я па крамах, каб набыць сёе-тое для яго. Сын службай задаволены. У чацвер вярнуўся з мяжы, дзе быў тыдзень. Жылі ў вагончыку. Самі сабе рыхтавалі есці. А палове пятай я пайшоў на вакзал. Дадому вяртаўся на вялікім аўтобусе. Ехалі амаль пяць гадзін. Затаміўся. Аднак радасна, бо пабыў у сына і ў размове з ім заўважыў, што хлопец мяняецца – ператвараецца з камп’ютарнага хлапчука ў сапраўднага мужчыну і воіна.
31.08.2016. Іду ў школу на першавераснёўскую лінейку. Тыдзень таму бацька мяне пастрыг тупымі нажніцамі, як барана. Я плакаў, а ён стрыг. Яшчэ пару гадоў таму мяне не вельмі хваляваў мой выгляд. Цяпер жа я іду ў сёмы клас. Са мной вучыцца дзяўчына, якой я хачу спадабацца. На мяне, пастрыжанага пад барана, яна і не паглядзіць. На вуліцы сонечна і амаль горача. Я іду ў школу ў шапцы, каб ніхто не бачыў маёй прычоскі. Я не думаю пра вучобу. Я думаю пра тупыя нажніцы, якія наступным летам за некалькі дзён да стрыжкі выкіну ў сажалку. Ды ўсё роўна бацька мяне падстрыжэ, як барана, іржавымі тупымі нажніцамі, якія прынясе з паветкі, дзе яны ляжалі некалькі гадоў без справы…
Дзеці ідуць у школу, а ты каля школы прайшоў. І, стоячы на аўтобусным прыпынку, ты доўга глядзеў на іх, малых і прыгожых, з букетамі. І кожны другі хлопчык быў нечым падобны на цябе малога. І кожная другая дзяўчынка была падобна на тваю колішнюю аднакласніцу, якая табе падабалася. Ты стаяў і глядзеў на сваё мінулае. Міма праходзілі людзі, праязджалі машыны і аўтобусы. Дзеці пайшлі ў школу, а ты каля школы прайшоў…
03.08.2017. У галерэі Універсітэт культуры адбылася прэзентацыя нумара газеты «Літаратура і мастацтва», падрыхтаванага да 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля. Імпрэза ладзілася ў партнёрстве з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, які прэзентаваў выставу “Пішу як жыву”. У ёй дакументы, старонкі рукапісаў, фотаздымкі розных гадоў: сямейныя, з сябрамі, з калегамі па пяры і з розных падарожжаў. Цікава было паслухаць Івана Саверчанку, Анатоля Бутэвіча, Навума Гальпяровіча, Зіновія Прыгодзіча, а таксама Аляксандра Радаева, які прадставіў са сваёй калекцыі партрэт Янкі Брыля, намаляваны Сямёнам Герусам у 1962 годзе. Прысутнічалі дзеці Івана Антонавіча Галіна, Наталля і Андрэй. Ну і я пару слоў сказаў пра Брыля і прачытаў вершы, прысвечаныя яму.
07.08.2017. Снілася восень. Жоўтая, як васковая. Родная хата нейкая схуднелая. Прадзьмутая халоднымі вятрамі. Але ў двары сонечна, і цеплыня мяккая і няўлоўная, як павуціна. Мама выйшла з хаты. Адна, але я адчуваю, што ў хаце мой брат Валодзя. Думаю: “Хутка зіма. Як яны тут будуць зімаваць? Нічога ж не падрыхтавана да маразоў…” Мама прыветна ўсміхаецца і раптам знікае, а з ёй усё навокал, і вецер халодны пачынае дзьмуць мне ў твар.
08.08.2017. Некалькі дзён таму мы з Людмілай даведаліся, што наш Максім дакладна павінен прыехаць з войска ў адпачынак 8 жніўня. Цягнік з Пінска прыбывае а шостай раніцы. Я з Міёнай пайшоў на вуліцу параней, каб пагуляць і потым сустрэць Максіма. Сын у нашым двары з’явіўся а палове на сёмую. Міёна пабегла да яго, як падсмаленая. Праз два дні Максіму застанецца служыць сто дзён. А прыехаў ён у адпачынак да першага верасня. Сын кажа, што яму не верыцца, што ён дома. А мне здаецца, што ўся яго памежная служба – наш агульны сон. Ніколі і ніколькі раней мы з Людмілай не думалі, што наш Максім будзе памежнікам. І сёння б мой бацька, калі б жыў, гледзячы на ўнука ў вайсковай форме, плакаў бы ад гонару. Сусед Дзіма, сустрэўшы Максіма каля пад’езда, абняў і сказаў: “Здаровы! Кормяць вас там відаць добра! Я тры гады ў марфлоце адслужыў. Як пайшоў з упалым жыватом, так і вярнуўся!”
09.08.2017. Прыйшоў з працы. Прылёг і заснуў. Снілася мора. Я ішоў па беразе і прыйшоў у нейкі незнаёмы горад. Захацеў спытацца, а няма ў каго. Зайшоў у храм. Змрочна. Запаліў свечку, і навокал стала светла-светла. І я прачнуўся. У акно свяціла вечаровае сонца. Побач з ложкам драмаў сабака, а ў другім пакоі спаў сын, які ўчора прыехаў з войска ў адпачынак. Праз гадзіну прыйшла з працы Людміла і прынесла для нас торт.
10.08.2017. Вечарэе. Поўня. Ластаўкі высока ў небе мітусяцца, як машката перад акном, за якім гарыць святло…
СЕРП
Сярпу давяралі жніво.
Яго шанавала жняя,
А цяпер ён у паветцы
Сярод заіржавелага жаляззя.
Пра яго ўсе забыліся,
І толькі малыя ўнукі гаспадара,
Не ведаючы, што такое серп,
Час ад часу бяруць яго,
Але, пачуўшы дзедаў голас:
“Пакладзіце серп на месца”,
Кідаюць серп у жаляззё
І ўцякаюць, як ад змяі.
І ляжыць серп у паветцы,
Як непатрэбнае шчасце,
Як успамін пра даўняе жніво,
Як наша самота.
І, ствараючы з павуты свой свет,
Цікавяцца сярпом павукі,
Бачучы ў ім маладзік,
Які мог бы асвяціць іх неба…
11.08.2017. А трэцяй працоўнага дня прыходзіў Уладзімір Лукашык. Прынёс з сабой работы сваіх студэнтаў, якія ў час практыкі зрабілі тры арыгінал-макеты кніжак. Адна студэнтка папрацавала над “Прыгодамі мышкі Пік-Пік” Людмілы Рублеўскай і на праглядзе атрымала дзясятку. І яшчэ адна дзяўчына атрымала дзясятку, а другая дзявятку, зрабіўшы арыгінал-макеты маёй кніжкі хоку “Кроплі з вечнасці”. Уладзімір абяцаў падумаць над афармленнем “Беларускай песні” Уладзіміра Караткевіча, якая плануецца да выхаду ў наступным годзе ў серыі “100 вершаў”. “Я ўжо немаладзён, таму калі буду рабіць нешта, то зраблю так, каб гэта засталося, як узор мастацкасці. Халтурыць не буду!” – сказаў мой госць. Кніжныя праекты, якія ён у свой час распачаў з Мачульскім, Уладзімір збіраецца працягнуць і завяршыць. Ужо гадоў дзесяць працуе над афармленнем “Паноў Кубліцкага ды Заблоцкага” Пятра Васючэнкі. Мяркуе праз пару гадоў закончыць. Я хацеў сказаць сябру, што з такімі тэмпамі працы над афармленнем яму трэба жыць гадоў трыста, каб ажыццявіць усё, што задумаў. Не сказаў. Дасць Бог і Валодзя зробіць усё, што хоча і да ста гадоў.
Чакаеш, чакаеш, чакаеш. І нарэшце, глядзіш, дачакаўся. Але ніякай ад гэтага радасці. Чаканне было больш прыемным, чым тое, чаго дачакаўся…
12.08.2017. Вершаў у кніжцы паэзіі, як цвікоў іржавых у старой скрынцы…
13.08.2017. Раніца. Сабакі гаўкаюць. Каты мяўкаюць. Вароны каркаюць. Вераб’і чырыкаюць. Галубы вуркочуць. Ластаўкі кружацца. Чайкі крычаць. Жанчыны вучаць жыццю сваіх мужчын і дзяцей. І гэта ўсё наш двор. Стаю на балконе, як на мосціку карабля, на якім я гадоў дваццаць таму яшчэ плыў па моры жыцця, спадзеючыся адкрыць невядомыя астравы і кантыненты. Нешта адкрыў, а каля нечага і міма праплыў. А цяпер мой карабель стаіць сярод дрэў і нікуды не плыве. Я сыходжу з яго і вандрую сярод такіх жа, як мой, караблёў і сумую па тым, што магло быць. І не так усё і кепска. Я маю свой карабель. І раніцай каля яго сабакі гаўкаюць, каты мяўкаюць, вераб’і чырыкаюць, галубы вуркочуць, ластаўкі кружацца, чайкі крычаць, жанчыны вучаць жыццю сваіх мужчын і дзяцей. І гэта ўсё наш двор. І гэта ўсё мой свет, у якім я пакуль што не лішні.
З Людмілай ездзілі ў цэнтр горада. Схадзілі ў кавярню “Дэпо”. Выпілі кавы, паглядзелі на моладзь і паслухалі музыку. Вярнуўшыся дадому, аддалі паўтары гадзіны жыцця фільму “Чорны матыль”. Рэжысёр Брайан Гудман. У галоўнай ролі Антоніа Бандэрас. Фільм пра пісьменніка і ягонае рэальнае і прыснёна-выдуманае жыццё. Наш Максім шосты дзень у адпачынку ад войска. За гэты час наведаў сястру з малым пляменнікам, бабулю і пару сяброў. І ў сваім пакоі памяняў разетку. Убачыў, што яна матляецца, узяў і памяняў.
Некалькі ўжо дзён вечарам паветра пахне жнівом. І мне чуецца, як гудуць камбайны і зернясушылкі. І я з мамай вяртаюся з кароўніка, дзе дапамагаў даіць кароў. Паблізу нашай хаты на слупе гарыць ліхтар. Ён асвятляе лапік вуліцы. І я ў святле ліхтара бачу вожыка. Нахаду здымаючы кашулю, падбягаю да калючага. Бяру звярка ў кашулю і нясу дадому. Мама нічога не кажа. Я радасны, як ніколі. Я злавіў вожыка! І ўсю ноч з братам і сястрой мы стараемся пакарміць малога. А ён скручваецца ў калючы клубок і не варушыцца. Раніцай мама выпускае вожыка на волю. Мы плачам. І з таго дня я жыву з жаданнем знайсці вожыка і прынесці дадому, каб пакарміць, а потым самому яго адпусціць. Вожыкі ў няволі не жывуць.
14.08.2017. На Вайсковыя могілкі да Якуба Коласа прыйшоў на паўгадзіны раней, чым усе, хто сёння сабраўся пакланіцца нашаму Песняру. Пахадзіў сярод магіл, як сярод каменнай энцыклапедыі. Штучныя кветкі. Недагарэлыя свечкі. Пад нагамі апалая пажаўцелая лістота. У сонечным паветры адчуваецца восеньскі халадок. Каля магілы Якуба Коласа сабраліся супрацоўнікі музеяў, сваякі пісьменніка, пісьменнікі і неабыякавыя да творчасці класіка людзі. Не шмат. Але ці трэба, каб натоўпы ішлі на могілкі? Думаю, што не. Хто прыйшоў, той і прыйшоў. Жальбіны вяла дырэктар Музея Якуба Коласа. Выступілі Анатоль Бутэвіч, Навум Гальпяровіч, Алена Стэльмах, Уладзімір Мазго. Я прачытаў “Баладу Якуба Коласа”.
Заўтра еду ў вёску цыбулю вырываць. Згадаўся верш, напісаны мною ў 1979 годзе. Ён жыў сярод іншых вершаў у школьным сшытку за дзве капейкі. Яго першым чытачом быў Барадулін. Рыгор Іванавіч сам прачытаў і паклікаў жонку: “Валя, ідзі паслухай, што малы напісаў!” І мой настаўнік прачытаў:
Цыбулю мама ў вянкі пляце,
Нібыта дочкам заплятае косы.
Ёй чуецца ў задумнай немаце
Гадоў забытых гоман шматгалосы.
16.08.2017. Вечарам адчуў такую стому, што падалося, не хопіць сіл распрануцца і дайсці да ложка, каб легчы спаць. Распрануўся. Дайшоў. Лёг. Ляжу і думаю пра лета, якое сыходзіць ад нас, забіраючы кожны дзень усё новыя і новыя сонечныя хвіліны. Дзень карацее. Карацее жыццё і ў таго, каму 90 гадоў, і ў таго, каму дзевяць месяцаў. Толькі памерламу кожны новы дзень – гэта яшчэ адзін дзень, які аддаляе яго ад смерці. Нешта я пра сумнае. Трэба спаць. Заўтра будзе новы дзень. Нават, калі на зямлі нікога не будзе…