Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
Лес – гэта Храм, у якім не кожны моліцца.
Лес – гэта востраў у моры цывілізацыі, на беразе якога сядзіць Лесавік і якога мы не бачым.
Лес – гэта зялёны выбух, і нікому ад яго не схавацца.
Лес – гэта спакуса пайсці і не вярнуцца.
Лес – гэта мы.
Сярод лесу крыжоў на могілках вырас лес. Высокі, густы, месцамі амаль непралазны. І мы ходзім у ім, як прывіды, шукаючы магілы сваіх родных. Тут, у Дубравах, што ў Маладзечанскім раёне, пахаваны амаль усе мае дзяды і прадзеды. І сярод гэтага лесу крыжоў, які з кожным годам усё разрастаецца і разрастаецца, бачу крыжы сваіх аднагодкаў і маладзейшых землякоў. І гэты лес для мяне самы сумны ў свеце і самы святы. У кронах дрэў вялікія, як бярлогі, вароніны гнёзды. Вароны чорныя, як галавешкі на пажарышчах, і крыклівыя, як людзі, якія заблудзіліся ў лесе. І мы ходзім па гэтым лесе і знаходзім магілы родных і губляемся сярод крыжоў.
У метрах пяцістах ад Дубраўскіх могілак – этнаграфічна-археалагічны помнік «Дзявочая Гара». Звесткі пра яе ўпершыню былі змешчаны ў «Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін» у 1881 годзе, у якім прыводзіцца паданне, паводле якога даўным-даўно ў Дубравах жыла вельмі прыгожая дзяўчына. У яе закахаліся два хлопцы, і каб высветліць, каму з іх быць яе мужам, яна прыдумала для іх выпрабаванне. Зайшла на самую высокую гару ў мясцовасці і там села, а да яе кожны з жаніхоў павінен быў дакаціць па каменю. Хто першым справіцца з выпрабаваннем, за таго дзяўчына і выйдзе замуж. Камяні былі вялікія і цяжкія, і ў жаніхоў ад натугі разарваліся сэрцы. Даведаліся пра гэта людзі, схапілі дзяўчыну і жывой закапалі на гары, а побач пахавалі і хлопцаў. На іх магілы людзі паклалі каменне.
Паданне пра «Дзявочую Гару» я ўпершыню пачуў яшчэ хлапчуком ад свайго дзеда, а невялічкую нататку пра ўсё гэта прачытаў у 1993 годзе ў энцыклапедыі «Археалогія і нумізматыка Беларусі», дзе сярод іншага напісана: «Дзявочая Гара» – адзін з самых высокіх пунктаў у гэтай мясцовасці – знаходзіцца паблізу водападзела Заходняй Бярэзіны і Свіслачы, амаль уся зарасла лесам. У найбольш высокай паўночна-ўсходняй частцы размешчана больш за 20 курганоў (вышынёй 0,5-1,5 м, дыяметрам 6-12 м) і вялікая яма… Сярод знаходак сярэбранае скроневае кольца, канцы якога заходзяць адзін за адзін, абломкі ганчарнага посуду, пярсцёнак і шкляныя пацеркі 2-й паловы XI стагоддзя».
Прачытаўшы такое пра «Дзявочую Гару», я сабраў са сваіх знаёмых невялічкую «экспедыцыю», але не для таго, каб шукаць скарбы, а проста ўзысці на гару. І мы паехалі. Пабыўшы спачатку ў лесе крыжоў, пайшлі да «Дзявочай Гары». Гара, аброслая лесам, была падобна на адно вялікае дрэва, у кроне якога хавалася XI стагоддзе. Да вяршыні дабіраліся амаль паўзком, чапляючыся за голле дубкоў і арэшніку. Незвычайна высокі папаратнік нагадваў папаратнікавы лес, у якім павінны вадзіцца дыназаўры. Але мы сустракалі толькі слімакоў велічынёй з кулак. Такіх я раней не бачыў. На гары нас чакала свежавыкапаная яма і невялічкая куча чалавечых костак…
Ляснік у вёсцы – чалавек вядомы і патрэбны. Лес для яго – родная хата. Адзін з маіх продкаў – прапрадзед Кандрат, які пражыў 96 гадоў, быў лесніком. І цяпер, ходзячы па лесе, у шуме дрэў чую яго крокі.
Рэшткі велізарных дубовых пнёў, што яшчэ і сёння можна знайсці ў наваколлі маёй вёскі, – гэта рэшткі тых дрэў, якія садзіў і даглядаў ляснік Кандрат. У дзяцінстве, пасучы кароў, я з сябрамі паліў на лузе гэтыя дубовыя пні і грэўся. Згаралі пні, але глыбока ў зямлі заставалася карэнне. Заставалася памяць пра лес…
БАЛАДА КАНДРАТА ШНІПА
(1820-1916)
…А ты – ляснік, і лес – твой панскі дом,
Зялёным перапоўнены святлом
Шуміць і не дае спакою ўсім:
Ні чужакам падпанкам, ні сваім,
І лес журботны, як журботны ты,
Бо, як віхор, лятуць, лятуць гады,
Ламаючы, нібыта дрэвы, лёсы.
І ўсё-ткі беларускія бярозы
Растуць і асвятляюць родны свет
І на касцёле крыж, і на царкве.
А Бог, як нашая зямля, адзін.
Рака вясной выходзіць зпад ільдзін,
І не стрымаць раку, нібы народ,
Які сляпы да часу, нібы крот.
А ты – ляснік, і лес – твой вечны дом,
Дзе пыл і кроў змываюцца дажджом,
І слёзы, выспяваючы ў душы,
Бы ў вечнасці, губляюцца ў дажджы,
Які ідзе, нібыта час ідзе,
Дзе нехта ўстане, нехта – упадзе,
Але не спыніцца ніколі час,
Дзе ты ўжо быў і дзе не будзе нас…
Як ваўка ні кармі, а ён усё роўна на лес глядзіць. І я жыву ў горадзе, і пад вокнамі ў мяне растуць бярозы, і, здавалася б, жывой прыроды хапае. Ды не, хочацца ў лес…
1973. З Сашкам Бурым пасля школы ідзём у лес катацца на санках. Санкі адны і мае, таму я першым з’язджаю з гары. З’язджаю няўдала – стукаюся ў бярозу і разбіваю нос. Убачыўшы кроў, кідаю санкі і бягу няведама куды ў глыб лесу. Снег у лесе стоптаны, але па кроплях крыві Сашка мяне знаходзіць і потым на санках вязе мяне дамоў, як параненага паніча…
1974. На возе еду з бацькам па лесе. Пытаюся, як што называецца. Бацька распавядае. Зрэдку спыняемся, каб падабраць сушняк. Едзем доўга, і мне карціць злезці з воза і ўзяць проста насячы дроў, але ведаю, што бацька рабіць гэтага не дазволіць. Лес для яго, як і для мяне, – жывая істота, з якой можна паразмаўляць. Размаўляў і я з ялінкай, якую аднойчы знайшоў у кустоўі, што рос за хлявамі. Ялінка была адзінокая, як і я. І я прыбягаў да яе амаль кожны дзень. Распавядаў ёй пра тое, дзе быў, што бачыў, што чуў. Чытаў ёй свае вершы. І ніхто пра наша сяброўства не ведаў…
1986. Павезлі нас на экскурсію ў Ясную Паляну да магілы Льва Талстога. Ехаць далёка, і нашы дзяўчаты час ад часу спынялі аўтобус, каб збегаць у краму і што-небудзь набыць смачнае. А ў крамах амаль нічога няма. Прыехалі да маёнтка Талстога, а там жанчыны стаяць з поўнымі вёдрамі яблыкаў. Панакуплялі мы яснапалянскіх яблыкаў поўны аўтобус. І, агледзеўшы маёнтак Талстога і схадзіўшы да яго магілы (у яловым лесе чорны груд зямлі, без крыжа), позна вечарам вярталіся назад, пілі віно, елі яблыкі і спявалі песні. А ў мяне перад вачамі свяцілася сцяжынка, усыпаная залатым восеньскім лісцем, а на ёй чорная змяя, якая перапаўзла мне шлях, калі я ішоў да Льва Талстога…
1989. З лесу брат Вова прынёс яблыньку. Пасадзіў у агародзе. Мама яго пахваліла. Цяпер я хаджу па лесе і прыглядаюся да маладзенькіх дрэў і лаўлю сябе на думцы, што і я шукаю яблыньку…
1999. Са сваім малым сынам іду па лесе. І баюся, што ён запытаецца, як завецца тая птушка, што зараз гэтак сумна спявае…
2003. Каля лесу жыў пан Далідовіч. Няма даўно ні пана, ні яго маёнтка. І толькі старыя каржакаватыя, па вясне квітнеючыя, а восенню з пагнутымі галінамі ад цяжару пладоў, яблыні і слівы напамінаюць пра тыя часы, калі наш край быў Заходняй Беларуссю…
2006. Усёй сям’ёй сядзім у лесе каля вогнішча. Накалоўшы на дубчыкі, смажым сала. І яно такое смачнае, якім можа быць толькі сала, засмажанае на дубчыку ў лесе, што каля маіх родных Пугачоў…
18.09.2017. У мяне на левай руцэ на ўказальным пальцы шрам. Ён застаўся ад сякеры, якой у дзяцінстве нешта сек. Гледзячы на шрам, не першы раз узгадаў, як мне, дванаццацігадоваму, хлопец, маладзейшы за мяне на два гады, у лесе лязом сякеры па неасцярожнасці галаву параніў. Крыві было нямала. І было балюча. І кожны раз, успамінаючы той выпадак з сякерай, я задаволены сабой, хлапчуком, які не пабег да бацькоў, каб скардзіцца.
27.11.2018. Дома лепей, чым дзе. Цёпла і светла. Нікуды не спяшаешся. Ляжыш, сядзіш, глядзіш, чытаеш, пішаш, думаеш… І ўсё ж напачатку думаеш. Думак у галаве, як пчол у вуллі. Хапае там і трутняў. Да вясны далёка і ты яшчэ не чакаеш яе. Вясна сама прыйдзе. Ды што казаць пра вясну, калі яшчэ зімы не было. І ты глядзіш на снег, якім абсыпана трава ў двары, і ўзгадваеш зімы, калі з-за снегу з горада ў вёску не мог прыехаць аўтобус. І ты дадому дабіраўся электрычкай. Ішоў праз Дубравы. Абавязкова заходзіў на могілкі. І радаваўся, калі там не было новых магіл. І потым ішоў па снежным цаліку праз поле, праз лес, праз вёску, зноў праз поле. Баяўся, што ваўкі галодныя нападуць. Усміхаўся слядам зайца. Вітаўся з варонамі і сарокамі. І хацелася як мага хутчэй прыйсці дадому, а часам хацелася, каб гэты шлях да бацькоў быў бясконцым. Як гэта ўсё было даўно! І па той дарозе, па якой ты хадзіў з электрычкі, цяпер амаль ніхто не ходзіць. А ты ўсё ідзеш і ідзеш праз лес. Ідзеш і ідзеш…
03.12.2019. «У лесе на Маладзечаншчыне гуляў воўк» – прачытаў у газеце. А я заўтра кіруюся ў Маладзечна. І, магчыма, праз лес, дзе гуляў воўк. І я добра памятаю, як у дзяцінстве ехаў з бацькам на возе пад Маладзечна ў Гарадок праз лес, і бацька распавядаў мне, як ён ехаў гэтай жа брукаванкай са сваім бацькам, а следам за імі ішоў воўк. І я ваўка баяўся і ўсю дарогу глядзеў, ці не ідзе воўк за намі. Баяўся, але не так, каб моцна, бо быў з бацькам, як у свой час мой бацька быў са сваім бацькам. А я заўтра еду ў Маладзечна адзін, і я хачу ўбачыць ваўка, які будзе гуляць па лесе. Я не баюся яго. Я ўжо адбаяўся ваўкоў.
12.12.2019. Вечар. Стаю на аўтобусным прыпынку. Навокал яліны. Ліхтары побач не гараць. Стаю, як у лесе. І мой дом, здаецца, недзе далёка-далёка, што туды і не даехаць. Ад гэтага крыху страшнавата, але і рамантычна. Гляджу ў неба. А там поўня, як адзін ліхтар на ўвесь белы свет…
15.06.2020. Раніца выдалася змрочнай, але не халоднай. Ішоў драбнюткі дождж. Такім надвор’ем, бывала, у дзяцінстве я хадзіў у грыбы. У лесе было душна ад пахаў. Вымакаў з ног да галавы. Крамяныя грыбы былі такія прыгожыя, што здавалася, што іх можна есці сырымі. Вяртаўся з лесу, калі сонца прабівалася праз аблокі. Прыходзіў дадому ўжо амаль высахлым. Босыя ногі былі чыстымі-чыстымі, як ніколі. Паміж некаторымі пальцамі тырчэлі травінкі. Я ішоў, і на падлозе ад маіх ног заставаўся пясок і драбнюткія каменьчыкі. Аддаўшы маме вядро з грыбамі, садзіўся есці бліны з яешняй. Тут жа падбягаў кот і, становячыся на заднія лапы, а пярэднія паклаўшы на край стала, глядзеў на маё снеданне. Я дзяліўся смакатою, і кот тут жа хаваўся пад стол, каб ніхто не бачыў, што ён есць…
01.08.2020. На вуліцы было ветрана. З Людмілай тралейбусам ездзілі ў Мядзвежына. У лесе цішыня. Зрэдку птушкі і людзі падавалі галасы. На месцы, дзе да нас гарэла вогнішча, расклалі агонь. Дроў хапала. Вельмі шмат сухога ламачча. Людміла вогнішча абклала камянямі. У вуголлі пяклі бульбу. Потым елі. Солі не ўзялі, але і без яе было смачна. Наступным разам да вандроўкі ў Мядзвежына падрыхтуемся лепей, але і сёння ўсё было цудоўна. І камары нас не кусалі.
27.01.2021. У маёй памяці ўжо гадоў дваццаць каля лесу стаіць хата. Яна прыгорбленая, з вокнамі, забітымі дошкамі, чарнее пад старымі дрэвамі, як велізарнае кратавінне, пад час зімы прысыпанае снегам. Колькі разоў быў паблізу гэтай адзінокай пабудовы – не пералічыць. Стаяў, разглядаў, але так ні разу і не падышоў і не зазірнуў у якую-
небудзь шчыліну, каб даведацца, што ж там у ёй. І ўжо даўно не хадзіў у лес каля былога хутара. Хто там жыў? Не ведаю. Раней ні ў кога не папытаўся, а цяпер праз гады тым больш не папытаешся, бо няма ў каго. І ці стаіць тая хата каля лесу? Няхай бы стаяла!